Скоро — Новый год
Да сустрэчы Новага года застаецца крыху больш чым тры тыдні. Таму перадсвяточныя клопаты ўжо зараз турбуюць зэльвенцаў.
Прывабліваюць увагу вітрыны з Дзедам Марозам і Снягуркай. У магазінах яркімі агеньчыкамі зазіхацелі гірлянды і ёлкі, адкрыліся аддзелы з навагоднімі цацкамі, маскамі і касцюмамі. Хтосьці з пакупнікоў выбірае штучную сасну і мішуру да яе. Дзеці і моладзь цікавяцца хлапушкамі, каляровымі цацкамі і маскараднымі касцюмамі.
У кандытарскіх аддзелах з’явіліся салодкія падарункі на любы густ і кашалёк. Ужо паступілі ў продаж гатовыя каробкі цукерак ад беларускіх кандытарскіх фабрык “Камунарка” і “Спартак”, расійскага прадпрыемства “Яшкино”. Кошт залежыць ад вагі. Прапануюцца і розныя ўпакоўкі – ад пакетаў з навагодняй сімволікай да мяккіх цацак. Падарункі таксама фарміруюцца па жаданні пакупніка.
20 снежня адбудзецца парад Дзедаў Марозаў. З гэтага дня распачнуцца навагоднія кірмашы, выстаўкі-продажы.