Анненская ярмарка. Год 2014-й

Наш чытач, глянуўшы на загаловак, пэўна, падумаў: нешта намудрыла “Праца”. Зусім не. У мінулую сераду члены арганізацыйнага камітэта, створанага для падрыхтоўкі і правядзення “Ганненскага кірмашу”, сабраліся разам, каб абмеркаваць папярэднія мерапрыемствы на 2014 год надзвычай гучнага і масавага свята раённага ўзроўню.

Распачынаючы пасяджэнне, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка ўнёс прапанову зацвердзіць пастаянную дату правядзення свята –  22 – 23 жніўня. Якраз завершыцца ўборка зерневых і будзе добрая нагода ў час кірмашу ва ўрачыстай абстаноўцы ўшанаваць плённую працу нашых хлебаробаў.

Прытрымліваючыся народнай прымаўкі – па адзенні сустракаюць, было вырашана больш адказна падысці ў наступным годзе да ўпрыгожвання пасёлка. Гэту задачу даручана вырашыць аддзелу архітэктуры і будаўніцтва разам з РУП ЖКГ. Акрамя таго, прадастаўляецца цудоўная магчымасць праявіць свой талент і фантазію ўсім зэльвенскім арганізацыям пры святочным упрыгожанні адміністрацыйных будынкаў і тэрыторый. А таксама прыняць удзел у касцюміраваным шэсці. Лепшыя будуць адзначаны прызамі.

Кірмаш прадугледжвае шырокую арганізацыю гандлю з удзелам як дзяржаўных спецыялізаваных арганізацый, так і індывідуальных прадпрымальнікаў. Тавары могуць быць на любы густ. Зэльвенскаму філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства ўжо сёння прапанавана  стварыць у магазінах рэкламныя секцыі для продажу сувенірнай прадукцыі з лагатыпам “Ганненскі кірмаш”.

Зэльвеншчына мае цікавую гістарычную спадчыну. У школах раёна запланавана правесці цыкл выхаваўчых мера-прыемстваў краязнаўчага характару. З мэтай абудзіць у людзей цікавасць да мінулага народнага свята, адрадзіць нацыянальныя традыцыі распачалася падрыхтоўка да навуковай канферэнцыі “Роля Сапегаў у гісторыі Зэльвенскага краю”.

У рамках правядзення кірмашу-2014, як і раней, запланаваны розныя конкурсы і праекты. Каб зэльвенцам было больш часу на падрыхтоўку, палажэнні аб кожным з іх будуць надрукаваны ў газеце “Праца” загадзя.

Адкрыты ў мінулым годзе фонд Ганненскага кірмашу атрымаў адабрэнне і падтрымку ва ўсіх працоўных калектывах, індывідуальных прадпрымальнікаў, многіх грамадзян. Сабраныя грошы былі выкарыстаны для арганізацыі яркага і відовішчнага мерапрыемства, стварэння спрыяльных умоў для адпачынку зэльвенцаў і гасцей. На пасяджэнні вырашана прадоўжыць практыку, якая за-слугоўвае ўвагі. Тым больш што абмяркоўвалася пытанне наконт запрашэння на свята вядомых зорак беларускай і нават расійскай эстрады. Калі ёсць такая магчымасць, чаму б ёй не скарыстацца?!

 

Дарэчы, аргкамітэт запрашае зэльвенцаў не заставацца безудзельнымі да правядзення кірмашу, актыўней праяўляць асабістую ініцыятыву і зацікаўленасць. Самыя рацыянальныя прапановы будуць разгледжаны і ўключаны ў праграму свята. Званіце па тэлефонах 2-55-67, 2-45-58 – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.