«У нас все хорошо, мама … «

Ніну Агародніку раёне ведаюць многія. Дасягнуўшы “залатога” ўзросту (амаль 40 гадоў прысвяціла  паштовай сувязі), яна засталася чалавекам актыўнай грамадскай пазіцыі.

"У нас все хорошо, мама ... "Расказваючы пра сябе і сваіх родных, Ніна Андрэеўна заўважыла, што яе жыццё багата на шчаслівыя моманты. На жаль, былі страты і хапіла выпрабаванняў. Але ўсё дапамаглі перажыць  чулыя людзі. Крэда жанчыны – несці дабро. Менавіта гэтаму яна ўсё жыццё вучыць сваіх сыноў і ўнукаў.

Пасля заканчэння Мінскага тэхнікума сувязі Ніна Агароднік прайшла ўсе ступені прафесійнага росту. Пачынала памочнікам начальніка аддзялення сувязі “Зэльва-1”, 15 гадоў была начальнікам аддзялення “Зэльва-2”. Затым 9 гадоў працавала намеснікам начальніка раённага вузла сувязі і 11 гадоў узначальвала РВПС. У выніку амаль 40 гадоў аддала любімай справе. Сваю працоўную біяграфію Ніна Андрэеўна лічыць цікавай і насычанай. У раённым вузле, сельскіх аддзяленнях сувязі жыццё заўсёды бурліла. Пералік і аб’ём паслуг былі даволі вялікімі. Ужо ў той час сельскія абаненты мелі такія ж магчымасці, як і жыхары райцэнтра.

За высокі прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё галіны сувязі Ніне Агароднік прысвоена званне “Майстар сувязі Рэспублікі Беларусь”. Шматлікія граматы, падзякі і дыпломы ад раённага ўзроўню да Міністэрства сувязі – кожная ўзнагарода дарагая па-свойму. Жанчына лічыць, што гэта ацэнка не толькі яе працы, але і ўсіх, хто быў побач – яе калег.

Паспяхова ўдавалася Ніне Агароднік сумяшчаць пасаду кіраўніка з грамадскімі абавязкамі. Некалькі гадоў запар была старшынёй участковай выбарчай камісіі. Двойчы ўваходзіла ў склад абласной дэлегацыі, якая прысутнічала на інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Актыўнай жыццёвай пазіцыі не змяніла і калі выйшла на заслужаны адпачынак. Жанчыну з радасцю прынялі ў склад народнага хору ветэранаў вайны і працы “Успамін”. Рэпетыцыі, выступленні, канцэрты, паездкі – новае жыццё захапіла Ніну Андрэеўну. Сёння яна ўжо не ўяўляе жыцця без насычанай канцэртнай дзейнасці. Ды і адносіны з калектывам склаліся як найлепш: усе сама-дзейныя артысты – адна дружная сям’я. З задавальненнем прысутнічае на ўсіх культурных мерапрыемствах, якія ладзяцца ў пасёлку, не ўпускае магчымасці наведаць вядомыя гістарычныя месцы Беларусі. Прызнаецца, што ёй пашчасціла не толькі на калег, але на сяброў і суседзяў. Больш чым 30 гадоў яна сябруе з сям’ёй Высоцкіх. З Дзмітрыем Пятровічам і Ларысай Мікалаеўнай ніколі не бывае сумна. Разам знаходзяць заняткі для душы і падтрымання бадзёрага настрою: ходзяць па грыбы, сустракаюцца за “салодкім сталом”. Доўгімі зімовымі вечарамі бавіць час з 82-гадовай  маці, якая ў халодную пару года пераязджае з вёскі да дачкі. 

Вялікі гонар для Ніны Андрэеўны – дзеці і пяцёра ўнукаў. Старэйшы сын Віталій закончыў сярэднюю школу з сярэбраным, а меншы Дзмітрый – з залатым медалём. У свой час шмат увагі іх вучобе і выхаванню ўдзяляў бацька, які, на вялікі жаль, рана пайшоў з жыцця. Ён часта наведваў бацькоўскія сходы, школьныя мерапрыемствы. Сам захапляўся спортам і далучаў да яго сыноў. Асабліва гэта было па душы Дзмітрыю – у будучым ён стаў прафе-сіянальным спартсменам.

Спартыўныя здольнасці ў хлопца заўважыў настаўнік і трэнер Станіслаў Путрэша, які пачаў з ім сур’ёзна займацца футболам. Ужо ў выпускным класе Дзмітрый іграў за слонімскі “Камунальнік”. І хоць атрымаў спецыяльнасць “Фінансы і крэдыт”, захапленне спортам пераважыла. Хутка імя Дзмітрыя Агародніка ведалі футбольныя фанаты Беларусі і Расіі. У 1998 годзе каманда “Днепр”, у склад якой уваходзіў наш зямляк, стала чэмпіёнам Беларусі, а Дзмітрыю прысвоілі званне “Майстар спорту Рэспублікі Беларусь”. Атрымаўшы яшчэ адну спецыяльнасць – “Трэнерская работа (футбол)”,  Дзмітрый заняўся трэнерствам. Зараз ён займаецца з юнакамі гродзенскага футбольнага клуба “Неман”.

Яго старэйшая дачка Ліна – выдат-ніца, займаецца вакалам. Малодшаму Ягору споўнілася пяць гадоў. У гэтым узросце малога цікавіць усё акружаючае, больш таго, ён наведвае секцыю  па футболе. У сям’і склаліся свае традыцыі: выхадныя, як правіла, праводзяць разам, часта падарожнічаюць, арганізоўваюць сямейныя экскурсіі, адпачываюць на свежым паветры.

Віталій пасля заканчэння факультэта правазнаўства Гродзенскага ўніверсітэта імя Я.Купалы пачынаў сваю працоўную дзейнасць у раённым аддзеле ўнутраных спраў. Хутка зарэкамендаваў сябе адказным, граматным, камунікабельным следчым. Зараз Віталій Агароднік займае пасаду намесніка начальніка трэцяга следчага аддзялення Гродзенскага міжраённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Па слядах бацькі пайшоў старэйшы сын Радзівон – атрымлівае юрыдычную адукацыю. Дачка Дар’я захапляецца музыкай. Гэта ёй перадалося ад маці. Яна даволі паспяхова спалучае заняткі ў агульнаадукацыйнай і музычнай школах. Ігра на фартэпіяна прыносіць ёй не толькі задавальненне, але і пастаянныя перамогі на конкурсах. Ужо ў 4-гадовым узросце свае мастацкія здольнасці паказвае ў дзіцячым садку самы малодшы Аляксей.

Ніна Андрэеўна падтрымлівае цесную сувязь з дзецьмі і ўнукамі што-дзённа. Не было таго дня, каб сыны не пазванілі і не пацікавіліся яе здароўем, настроем, планамі на дзень. Пра свае поспехі ўнукі-школьнікі бабулі абавязкова расказваюць па тэлефоне. Як лічыць сама жанчына, пашчасціла ёй і на нявестак. Нават калі Ніна Андрэеўна прапануе ім сваю дапамогу, у адказ чуе: “У нас усё добра, мы справімся”.

На вялікае шчасце, тая атмасфера сямейнага дабрабыту, якая была ў бацькоўскай сям’і, зараз перадалася сем’ям сыноў. А чаго ж яшчэ жадаць маці?!  Ніна Андрэеўна сцвярджае, што калі ўсё гладка складваецца ў дзяцей і ўнукаў, ёсць і здароўе, і настрой, і аптымізм.

 

 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.