Живая книга памяти
Ва ўстановах адукацыі раёна дзейнічаюць 10 музеяў, з іх 8 маюць экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне.
У гісторыка-краязнаўчым музеі СШ №2 г.п.Зэльва на 48 квадратных метрах размяшчаюцца тры пастаянна дзеючыя экспазіцыі “Мой родны кут”, “Доўгія вёрсты вайны” і “Гісторыя школы”.
З моманту заснавання музея праведзена вялікая пошукавая работа: вучні сустракаліся з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, запісвалі іх успаміны, збіралі асабістыя рэчы.
Сёння школьнікі прыхо-дзяць у музей на ўрокі мужнасці, арганізоўваюць тут сустрэчы з ветэранамі. Частыя госці – Ларыса Іванаўна Сталпец і Яўгенія Іванаўна Федасевіч. Ларыса Іванаўна – малалетняя вязніца Саласпілса – лагера смерці на тэрыторыі некалі акупіраванай Латвіі. Пра пакуты, якія перажыла ў гады вайны, расказвае падрастаючаму пакаленню з надзеяй, што такое больш ніколі не паўтарыцца. Разам з былой партызанкай Яўгеніяй Федасевіч Ларыса Сталпец кожны год ўдзельнічае ў цырымоніі прыняцця вучняў школы ў піянеры. Хлопчыкі і дзяўчынкі лічаць за гонар, калі гальштук ім павязваюць гэтыя паважаныя жанчыны.
– Вывучаючы гісторыю, збіраючы экспанаты для школьных музеяў баявой славы, сустракаючыся з ветэранамі, дзеці пішуць “жывую” кнігу памяці, – адзначае кіраўнік музея, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Ступчык.
Савет музея, у які ўвахо-дзяць вучні 6–11 класаў, каардынуе дзейнасць музея па некалькіх накірунках: работа з ветэранамі, пошукавая дзейнасць, арганізацыя экспазіцый, экскурсій і перапіскі, а таксама інфармацыйна-прапагандысцкая работа. Актывісты музея вывучаюць дакументы архіваў, дадатковую літаратуру, робяць фота- і відэаздымкі, аўдыёзапісы, сустракаюцца са славутымі землякамі, супрацоўнічаюць з раённым саветам ветэранаў. Штогод з экскурсіямі ў школьным музеі бываюць вучні санаторнай школы-інтэрната, выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, удзельнікі піянерскіх злётаў, ветэраны працы, былыя выпускнікі школы.
З 2009 года на базе музея дзейнічае віртуальная экскурсія “Дзеці за калючым дротам”. Сабраныя ўспаміны малалетніх вязняў, а таксама фотаматэрыялы адпаведнай тэматыкі былі ўзяты за аснову напісання да-следчай работы з аднайменнай назвай. Праект прызнаны пераможцам раённага конкурсу “Ніколі не забудзем” і адзначаны Дыпломам ІІ ступені на абласным этапе. У 2010 годзе ў аглядзе-конкурсе музейных экспазіцый, прысвечаных 65-й гадавіне Вялікай Перамогі,
СШ №2 заняла першае месца.
Цяпер актывісты музея рыхтуюцца да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: арганізоў-ваюць экскурсіі і паходы, распрацоўваюць віртуальныя турыстычныя маршруты па месцах баявой славы нашых землякоў. Нядаўна музейны фонд папоўніла віртуальная экскурсія “Мы не забудзем подзвіг твой”, прысвечаная А.В.Смалякову і яго сям’і. Пры распрацоўцы экскурсіі былі выкарыстаны музейныя матэрыялы, публікацыі раённай газеты “Праца”, дакументы і фотаздымкі з асабістага архіву жонкі героя, які вызваляў Зэльвеншчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сабраны матэрыял для новай экспазіцыі “Мы помнім ваш подзвіг, салдаты вайны!” і віртуальнай экскурсіі з аднайменнай назвай.
У музеі дзейнічаюць зменныя экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне: “З верай у Перамогу”, “Ніхто не забыты”, “Акупацыйны рэжым”.
Сёлета кіраўніцтва музея выступіла з ініцыятывай распрацоўкі праекта “Адна на ўсіх”, у рамках якога плануецца правядзенне разнастайных акцый, сустрэч з ветэранамі, літаратурна-музычных імпрэз, добраўпарадкаванне помніка воінам і партызанам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, і інш.
– Для мяне работа ў музеі – магчымасць дакрануцца сэрцам да падзей Вялікай Айчыннай вайны, да гісторыі нашага краю, – расказвае член савета музея Карына Панасік. – Асаблівай павагі заслугоўваюць людзі, якія, рызыкуючы сваім жыццём, адстаялі незалежнасць нашай краіны.
– Сапраўды, для нас, вучняў, жыццёвы подзвіг ветэранаў – яскравы прыклад мужнасці, – дадае васьмікласніца Кацярына Копаць. – Прайсці праз столькі выпрабаванняў і не страціць веры ў светлую будучыню – вось чаму павінны вучыцца і мы.