Героі не ўміраюць
Пра герояў на Зэльвеншчыне памятаюць не толькі з нагоды святочных дат. На мінулым тыдні ў аграгарадку Дзярэчын прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае памяці Героя Савецкага Саюза Казбека Нуржанава.
Як і ў мінулыя гады, каб пакланіцца месцу, дзе знайшоў апошні прытулак старшы сяржант Нуржанаў, з візітам на Зэльвеншчыну прыехалі землякі героя. Дэлегацыю ўзначаліў сакратар абласнога масліхата Паўднёва-Казахстанскай вобласці Герзан Кудай Бярген.
Ганаровых гасцей сустракалі хлебам-соллю адразу на мяжы з Ваўкавыскім раёнам. І гэта сімвалічна – менавіта за праяўленую мужнасць падчас вызвалення Ваўкавыска ў 1944 годзе Казбек Бейсенавіч пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.
Адразу пасля цёплага прыёму казахская дэлегацыя накіравалася ў Дзярэчын да брацкай магілы, дзе пахаваны іх зямляк.
Каля помніка было шматлюдна – ушанаваць памяць героя сабраліся вучні і настаўнікі мясцовай школы, жыхары аграгарадка. Да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка:
– Усім нам вядома, што Чырвоная Армія была шматнацыянальнай. Выконваючы свой воінскі абавязак, казах Казбек Нуржанаў загінуў на беларускай зямлі, і яго подзвіг мы павінны помніць і ўшаноўваць, бо няма чужых страт, як няма чужых перамог.
З нагоды візіта замежных гасцей вучні Дзярэчынскага д/с-СШ падрыхтавалі літаратурную кампазіцыю. Пасля чаго кіраўнік дэлегацыі Герзан Кудай Бярген падзякаваў мясцовым уладам за беражлівае стаўленне да памяці салдат усіх брацкіх рэспублік. Затым госці і прадстаўнікі райвыканкама ўсклалі на магілу вянкі і кветкі. Памяць загінуўшых воінаў традыцыйна ўшанавалі хвілінай маўчання.
У завяршэнне мерапрыемства суайчыннікі Казбека Нуржанава памаліліся над магілай земляка, а Герзай Бярген уручыў падарункі мясцовай уладзе і Дзярэчынскаму д/с-СШ.
Алеся ШУМОВІЧ




