“У вёсцы планую затрымацца”

818 Прайшлі тыя часы, калі маладыя спецыялісты імкнуліся размеркавацца ў горад. Сёння ўсё больш учарашніх студэнтаў робіць выбар на карысць уласнага жылля, стабільнай заработнай платы, іншых сацыяльных гарантый і з задавальненнем адпраўляецца працаваць у вёску. Ураджэнка сельскага населенага пункта, Юлія Скіба з дзяцінства прывыкла да правінцыяльнай цішыні і спакою. Таму пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа, не раздумваючы, вырашыла размеркавацца на Зэльвеншчыну, дзе праходзіла вучэбную практыку. Ды і людзі на перыферыі больш прыязныя і ветлівыя, сцвярджае дзяўчына. Актыўнасць і ініцыятыўнасць эканаміста СВК “Сынкавічы” заўважыла кіраўніцтва гаспадаркі. Доўга думаць не прыйшлося, каму даверыць пасаду сакратара адной з самых шматлікіх пярвічных арганізацый БРСМ. Невычэрпная жыццёвая энергія і арганізацыйныя здольнасці Юліі дапамаглі ёй хутка ўліцца ў калектыў, знайсці падыход да сельскіх юнакоў і дзяўчат, згуртаваўшы іх ідэямі рэспубліканскага саюза. –Нашы слушныя задумкі і прапановы, – расказвае маладзёжны лідар, – заўсёды падтрымлівае старшыня СВК Дзмітрый Дзешко, стварае неабходныя ўмовы для іх рэалізацыі. Моладзь не застаецца ў баку ад раённых мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці, культурнага жыцця, агульнакарысных спраў. Дзейнасць нашай пярвічнай арганізацыі адлюставана на інфармацыйным стэндзе, які рэгулярна абнаўляецца. Увогуле, паміж нашымі юнакамі і дзяўчатамі ўсталяваліся даверлівыя і сяброўскія адносіны. Мы не толькі разам працуем, але і актыўна адпачываем, адзначаем святы. Па словах дзяўчыны, у вёсцы плануе затрымацца. Кіраўніцтвам сельгаскааператыва створана ўсё для камфортнага жыцця работнікаў. Адразу вырашылася жыллёвае пытанне маладога спецыяліста – ёй прадаставілі месца ў абуладкаваным доме. Выкарыстала магчымасць ільготнага крэдыту, набыўшы бытавую тэхніку і мэблю. Да таго ж, умовы працы і матэрыяльнага стымулявання тут дастойныя. Зараз Юлія працягвае вучобу па абранай спецыяльнасці на завочным аддзяленні Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Наталля МАЦЮК.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.