Гераічны лёс Ганны Шышко

849 Напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – мы разам з начальнікам раённага вузла паштовай сувязі Тамарай Лях пабывалі ў гасцях удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны жыхаркі вёскі Бібікі Ганны Шышко. Прыемна было Ганне Міронаўне прымаць віншаванні з нагоды знамянальнай падзеі ад былых калег. – Мяне не забываюць ні мясцовая ўлада, ні калегі, – адзначае Ганна Міронаўна. – Зусім нядаўна віншавалі з Днём Перамогі, а цяпер – з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля такіх візітаў адчуваеш сябе шчаслівым чалавекам. Зусім юнай Ганна Шышко змагалася з ворагам у партызанскай брыгадзе імя Кутузава, якая дыслацыравалася ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. – У пачатку ліпеня 1941 года фронт наблізіўся да нас, – расказвае жанчына. – Амаль ты-дзень вяліся цяжкія кровапралітныя баі. Але сілы былі няроўнымі і нашы войскі адступілі. А потым гарадоцкі край акупіравалі фашысты. Партызаны ў нашых лясах з’явіліся з першых дзён акупацыі. Яны часта бывалі на хутары, дзе жыла мая сям’я. Прасілі, каб людзі дапамагалі ім зброяй, медыкаментамі і прадуктамі. Пасля баёў вяскоўцы знаходзілі не толькі вінтоўкі і патроны, але нават кулямёты і гарматы. Усю зброю мы хавалі ў спецыяльных тайніках і перадавалі партызанскім сувязным. Праз некаторы час пайшоў да народных мсціўцаў мой брат Іван. Немцам і паліцаям нехта паведаміў аб гэтым, і яны неаднойчы наведваліся ў нашу хату. Праводзілі вобыскі, пагражалі, што ўсіх нас расстраляюць. Вось так і жылі пад страхам смерці. У лютым 1943-га фашысты пачалі чарговую карную экспедыцыю, і мы вырашылі схавацца ў лесе. Там, у гушчары, былі зямлянкі, дзе можна было перачакаць пагрозу. На хутары застаўся толькі бацька. У лес разам з намі перабралася шмат мірных жыхароў з суседніх вёсак. Хутка карнікі знайшлі нас і забралі ў палон. Некаторых адразу расстралялі, іншых адправілі ў турму. Мяне з групай маладых дзяўчат накіравалі ў лагер. Умовы там былі даволі цяжкія: з ра-ніцы да ночы працавалі, спалі ў халодных бараках. Кармілі нас дрэнна, таму пастаянна хацелася есці. За любое парушэнне білі бізунамі. Маю старэйшую сястру Анастасію адправілі на штрафныя работы. Пасля некалькіх тыдняў знаходжання ў гэтым пекле са знаёмымі дзяўчатамі вырашылі збегчы. Ажыццявіць гэты рызыкоўны план дапамагла мясцовая жанчына, якая непрыкметна правяла нас праз варожыя пасты. Мы накіраваліся ў вёску, дзе жыў мой дзядзька. Ад яго даведалася, што фашысты забілі бацьку. На душы стала вельмі балюча. Каб адпомсціць ворагу за смерць роднага чалавека, я вырашыла пайсці ў партызаны. Спачатку мяне адправілі на кухню. Там дапамагала паварам гатаваць ежу. Пры неабходнасці стаяла з байцамі ў каравулах. У вопытных партызан вучылася правільна абыходзіцца са зброяй і страляць. Толькі калі асвоіла воінскую навуку, мяне залічылі ў баявое падраздзяленне. Разам з іншымі партызанамі хадзіла ў разведку, удзель-нічала ў засадах і баявых аперацыях. Мы грамілі варожыя гарнізоны, знішчалі нямецкія эшалоны. Канешне, спачатку было складана і страшна. Але на вайне да ўсяго прывыкаеш. Неаднойчы пад градам варожых куль прыходзілася адрывацца ад пагоні. Асабліва цяжкія баі вяліся ў час апошняй карнай аперацыі ў канцы 1943 года. Вораг кінуў супраць нашых партызанскіх атрадаў вялікія злучэнні. Мы з боем пра-рвалі блакаду і сустрэліся з перадавымі часцямі савецкай арміі. Пасля гэтага мужчыны пайшлі на фронт, а жанчын, дзяўчат і дзяцей адправілі па дамах. Вяртацца ў родныя мясціны было балюча – не давалі спакою ўспаміны пра расстралянага фашыстамі бацьку. Адна мая баявая сяброўка прапанавала па-ехаць разам на Гродзеншчыну. Так я апынулася ў Бібіках. Тут па-знаёмілася з мясцовым хлопцам Пятром, які вярнуўся параненым з фронту. Праз некаторы час справілі вяселле. У радасці і зго-дзе пражылі 32 гады. Выхавалі двух дачок, якія цяпер жывуць у Бераставіцы. Сама Ганна Міронаўна большасць свайго жыцця адпрацавала паштальёнам. Адказна адно-сілася да сваёй справы, і за гэта людзі яе паважалі. Пасля смерці мужа жыве адна. Радуецца, калі яе наведваюць дочкі з унукамі і праўнукамі. Віктар МАКОЎСКІ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.