Жанчына сонечнай душы
Сенека калісьці сцвярджаў, што, калі чалавек не ведае, да якога прычалу ён трымае шлях, для яго ні адзін вецер не будзе спадарожным. Гэта выслоўе – жыццёвае крэда педагога-арганізатара Каралінскай СШ Чаславы Цэйкала (на здымку). Часлава Альфонсаўна з ліку тых людзей, якія працуюць творча і самааддана, не лічацца з уласным часам.
Па прафесіі Часлава Цэйкала – настаўнік пачатковых класаў, але душа заўсёды прагла займацца арганізатарскай дзейнасцю. Каралінскія настаўнікі і вучні гавораць пра яе: “Наша Часлава Альфонсаўна – сапраўдны акумулятар ідэй, бо з яе лёгкай рукі распрацоўваюцца самыя цікавыя мерапрыемствы ў школе”.
Здзіўляюся, як мая калега за кароткі час можа падабраць ключык да кожнага з вучняў. Ніхто так у школе не ўмее зацікавіць дзяцей, як яна: калі ні зазірнеш у «піянерскую» – абавязкова там хтосьці ёсць. Кожнаму штосьці параіць, дапаможа знайсці патрэбны адказ, прапануе цікавую справу. Калі чуеш смех і жарты, ведай: там прысутнічае Часлава Альфонсаўна. Таму і цягнецца да такога педагога дзетвара, з ахвотай падключаецца да арганізаваных ёю акцый самай рознай тэматыкі. Асабліва спадабалася школьнікам удзельнічаць у рэспубліканскай акцыі “Цуды на Ражство”. Займальна праходзяць у Каралінскай СШ піянерскія святы, дзень юнага героя-антыфашыста. Наогул, калега імкнецца, каб кожны дзень, праведзены ў школе, стаў для вучняў падзеяй.
Дзякуючы Чаславе Цэйкала, у школе развіта праектная дзейнасць. Дарэчы, цікавых праектаў, якія вучаць мясцовых школьнікаў творчаму мысленню і дапамагаюць ім самарэалізавацца, тут за гады работы Чаславы Альфонсаўны назбіралася цэлая скарбонка: “Мы выбіраем жыццё”, “Будучае Радзімы – гэта мы”, “Каб помнілі” і іншыя. А колькі добрых спраў за гэты час зрабілі дзеці з цімураў-скага атрада “Клопат”! Напрыклад, яны рыхтуюць падарункі для дзяцей з прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра, дапамагаюць па гаспадарцы ветэранам і адзінокім пажылым людзям.
Руплівасць і творчы падыход да справы дазволілі Чаславе Цэйкала заняць трэцяе месца ў раённым конкурсе “Лідар года”, атрымаць пахвальныя граматы Міністэрства адукацыі, упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і ад-
дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Нехта з вядомых сказаў, што “ёсць людзі сонечнай душы”. Гэта менавіта пра нашу Чаславу Альфонсаўну.
Валянціна МАСЬКО,
кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў вышэйшай і першай катэгорыі Каралінскай СШ.