Шчасце жыць пад мірным небам
Урачысты мітынг з нагоды святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які сёлета супаў з 70-гадовым юбілеем вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў ў Зэльве 3 ліпеня.
Па традыцыі ўдзел у мерапрыемтсве прынялі прадстаўнікі ўлады, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, перадавікі вытворчасці, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
З віншавальным словам да зэльвенцаў звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Ян Пальчыс. Кіраўнік раёна адзначыў, што шлях нашай краіны да нацыянальнага суверэнітэту быў няпростым – на алтар Перамогі прынесены мільёны жыццяў нашых суайчыннікаў. Але ўжо 70 гадоў беларуская зямля не стогне ад разрываў снарадаў і бомб, на руінах і папялішчах пабудаваны гарады і вёскі, на палях, дзе ішлі баі, квітнеюць сады, калосяцца нівы. Сёння мы аддаем даніну павагі слаўнаму пакаленню пераможцаў, ушаноўваем тых, хто заваяваў для нас свабоду, незалежнасць, магчымасць жыць у мірнай краіне. Сярод іх нашы землякі Пётр Заморскі, Сяргей Захарка, Міхаіл Кузняцоў, Пётр Скіба, Іван Жук, Мікалай Генюш, Яўгенія Федасевіч, Мікалай Урбановіч, Уладзімір Кашуткін, Аркадзій Жывулька і многія іншыя.
Ян Станіслававіч адзначыў, што для нас высокі гонар і адказнасць быць нашчадкамі перамогі. Таму новае пакаленне беларусаў свята ўшаноўвае подзвіг дзядоў і бацькоў. Мы ганарымся нашымі землякамі, якія надзейна стаяць на варце дзяржаўнай незалежнасці, годна нясуць службу ў шматлікіх воінскіх часцях краіны.
У завяршэнне прамовы старшыня райвыканкама пажадаў усім моцнага здароўя, доўгага і шчаслівага жыцця, веры ў светлую будучыню беларускага народа.
Затым адбылося ўшаноўванне лепшых працаўнікоў раёна. Узнагароды атрымалі пераможцы раённага спаборніцтва сярод арганізацый і прадпрыемстваў, сельскіх Саветаў дэпутатаў, устаноў адукацыі, аховы здароўя і культуры за дасягненне імі высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці па выніках 2013 года, а таксама перадавікі вы-творчасці, якія сваёй працай заслужылі права быць занесенымі на раённую Дошку гонару.
Пасля святочная калона накіравалася да помніка загінулым воінам і партызанам, дзе былі ўскладзены кветкі і ўшанавана памяць вы-зваліцеляў хвілінай маўчання.
На гэтым афіцыйная частка праграмы завяршылася і быў дадзены старт шматлікім святочным мерапрыемствам. На летняй эстрадзе зэльвенцы з запалам сустракалі запрошаных артыстаў з Мінска – групу “Федэрацыя” і фольк-групу “Медавуха”.
У гэты ж час на стадыёне “Колас” праходзіла летняя спартакіяда сярод прадпрыемстваў, арганізацый пасёлка і сельсаветаў. Падтрымаць аматараў спорту прыйшлі гледачы рознага ўзросту. Тут жа быў арганізаваны выязны гандаль, працавалі вулічныя “кафэ”, а непадалёку раённы Дом рамёстваў прапаноўваў свае тавары. Дзеці маглі пазабаўляцца на атракцыёнах.
Зацікаўленых гісторыяй зэльвенцаў запрашалі на падворкі сельсаветаў, дзе былі адлюстраваны падзеі і наступствы Вялікай Айчыннай вайны. Кожны падворак падрыхтаваў кароценькую канцэртную праграму – прадстаўнікі сельсаветаў спявалі песні, чыталі вершы, праводзілі міні-экскурсіі ў мінулае. На адным з падворкаў нам удалося нават сустрэцца з прадстаўнікамі сапраўднага пошукавага атрада з Расіі. Маладыя людзі прыехалі на Зэльвеншчыну з Казані, каб знайсці “сляды” 6-га мехкорпуса, ваенны шлях якога, верагодна, пралягаў праз Кашалі. Там, у мясцовым лясным масіве, і спыніліся хлопцы і дзяўчаты.
Бліжэй да вечара людзей са-брала чарговая канцэртная праграма. На гэты раз на сцэну, змяняючы адзін аднаго, выходзілі мясцовыя артысты. Гэта добра вядомыя ўсім Марына Бусловіч, Аксана Маляўская, Іван Матах, Вольга Саўко, Наталля Раманчук, Аляксей Мурын, Вера Рыбарчык, Уладзімір Лях, Валерыя Шышлоўская і інш. Рэпертуар ва ўсіх выканаўцаў адпавядаў даце 3 ліпеня – гучалі песні аб Радзіме і вайне, аб каханні і сяброўстве…
Пасля дзевяці гадзін вечара пачалася дыскатэка, якая і стала заключным акордам свята.
Алеся ШУМОВІЧ.