У 16 год стала сувязной
Сямідзесяцігоддзе вызвалення Зэльвеншчыны – важная гістарычная падзея. Гэта перамога заваявана цаной шматлікіх ахвяр і пакут, вялікім гераізмам савецкіх салдат, а таксама тых, хто мужна змагаўся ў партызанскіх атрадах. З ворагамі ваявалі ўсе: мужчыны, жанчыны, моладзь і нават дзеці.
Гераіня гэтай публікацыі – былая сувязная атрада імя Бу-дзённага партызан-скай брыгады “Перамога” Марыя Курман. Нарадзілася Марыя Мікалаеўна ў в.Дзешкавічы. З дзяцінства пазнала цяжкую працу на ўласнай гаспадарцы. Як усе вясковыя дзяўчаты навучылася жаць, церці лён, ткаць палатно, дываны. Калі Марыі споўнілася 15 гадоў, мірнае жыццё абарвала вайна. Акупацыя прынесла цяжкія выпрабаванні.
Вяскоўцы з трывогай чакалі, што ж будзе далей. Марыя Мікалаеўна расказвала, як гітлераўцы ўрываліся ў хаты, праводзілі вобыскі. То ў адным, то ў другім двары раздаваліся стрэлы. Акупанты лавілі курэй, забіралі жывёлу, дзеля забавы стралялі сабак. Ім усё было дазволена.
Людзі не хацелі мірыцца з такім становішчам. Многія сталі шукаць шляхі барацьбы з ворагам. У зэльвенскіх лясах пачалі дзейнічаць невялікія партызан-скія групы, у населеных пунктах – падпольшчыкі. Антыфашысцкае маладзёжнае падполле было створана і ў Дзешкавічах.
– На першым сходзе нашай падпольнай камсамольскай ячэйкі мы выбралі сакратара і абмеркавалі план дзеянняў, – успамінае Марыя Курман. – Па заданні партызан я разам з сяброўкай Яўгеніяй Рачкоўскай і яе братам Мікалаем, а таксама аднавяскоўцамі Мікалаем Атарыкам, Юліянам Чакам, Іванам Рачкоўскім, Мікалаем Навумчыкам, Зінаідай Катовіч, Марыяй Чак збіралі патроны, зброю, медыкаменты, распаўсюджвалі лістоўкі. Крыху пазней хлопцы пайшлі ў партызаны. Мы з Яўгеніяй за- сталіся ў вёсцы. Збіралі неабходныя партызанам звесткі і праз сувязных перадавалі іх у атрад. На такія сустрэчы нам даводзілася хадзіць аж за 15 кіламетраў у вёску Дубраўка. Па дарозе нас часта спынялі нямецкія патрулі.
Каб здабыць патрэбную інфармацыю, сяброўкі ўладкаваліся прыбіральшчыцамі ў спецкамендатуру. Пры ёй дзейнічаў карны атрад, якім у 1942 годзе былі расстраляны мірныя галынкаўскія жыхары.
Знаходзіцца побач з ворагам было вельмі небяспечна. Пера-сільваючы страх, дзяўчаты прыбіраліся ў камендатуры, чысцілі на кухні бульбу, выконвалі іншую работу.
– Мы вельмі радаваліся, – расказвае жанчына, – калі дзякуючы атрыманым намі звесткам, партызанам удавалася пускаць пад адхон нямецкія эшалоны, рыхтаваць засады ў самых нечаканых для ворага месцах.
Наша сувязная была замаскіравана пад краўчыху, якая жыла на хутары ў Франкова. Да яе мы хадзілі “шыць” абноўкі. А там было рукой падаць у медухаўскі лес, дзе нас чакалі сувязныя атрада імя Будзённага. Бывала, што сам камандзір Рыгор Лазаравіч Кірылаў прыходзіў на сустрэчу з намі, дзякаваў за атрыманую каштоўную інфармацыю.
Аднойчы і ў Дзешкавічы прыйшла бяда. Мясцовы солтыс выдаў немцам сем’і, якія былі звязаны з партызанамі. У вёску прыехалі карнікі і пачалі арыштоў-ваць людзей. Яўгеніі Рачкоўскай удалося ўцякчы, а яе родных забралі паліцаі і разам з іншымі ад-правілі ў Слонімскую турму.
Вельмі лютавалі немцы і па-ліцаі, калі пачалося наступленне савецкіх войск на Зэльвеншчыну. Гітлераўцы спалілі хаты многіх вяскоўцаў, у тым ліку і Марыі Курман. Толькі цудам сям’і ўдалося выжыць.
Пасля вайны Марыя адправілася ў Мінск аднаўляць разбураную вайной беларускую сталіцу. У адзін з прыездаў дамоў на танцах сустрэла хлопца Мікалая з Сынкавіч, з якім і звязала сваё далейшае жыццё. Працавалі з мужам на спіртзаводзе, ад якога атрымалі кватэру. Крыху пазней Курманы купілі дом у Дзешкавічах. Пасля смерці мужа Марыя Мікалаеўна пераехала жыць да дачкі.
Беражліва захоўвае жанчына заслужаныя ўзнагароды – ордэн Айчыннай вайны II ступені, шматлікія медалі, якія дасталіся ёй такой дарагой цаной.
Хочацца пажадаць гэтай цудоўнай жанчыне спакойнай старасці, сагрэтай клопатам і цяплом блізкіх людзей.
Віктар МАКОЎСКІ.