Пакуль сонца не схаваецца за гарызонт

959 Убраўшы рапс на мінулым тыдні, хлебаробы СВК “Сынкавічы” не губляючы ні хвіліны пераключыліся на ўборку зерневых культур, пад якія сёлета ў гаспадарцы адведзена больш за 3 тысячы гектараў. Работа на палетках не спыняецца, пакуль сонца не схаваецца за гарызонт. На жніве задзейнічаны 12 камбайнавых экіпажаў, штурвалы якіх даверылі самым надзейным лю-дзям. І яны пакуль не падводзяць. Напрыклад, на ўборцы рапсу камбайнер Юрый Ліпскі намалаціў 256 тон, Валянцін Парфенчык – 252, Мікалай Каўчун – 196. На адвозцы алейнай культуры ў лідары выбіліся Уладзімір Дзянішчык (257 тон), Уладзімір Роцька (189 тон) і Леанід Латош (182 тоны). – Зерневыя культуры выраслі добрыя, значна лепшыя, чым у мінулым годзе, – пачынае размову пра сёлетняе жніво галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Парфенчык. – Нам толькі застаецца ўбраць зерне з палеткаў у сціслыя тэрміны, каб не страціць каштоўныя тоны. 957 На збожжавым полі, куды накіраваліся мы з маім суразмоўцай, адчувалася атмасфера дзелавітасці. Асабліва ўразіў размах работ на адным з палёў трэцяга ўчастка непадалёку ад вёскі Пруд. Тут адначасова з уборкай ячменю ішло прасаванне саломы, затым яе пагрузка і адвозка. І ўсё – у дакладным хуткім рытме. Аляксандр Валянцінавіч гаворыць, што ў першую чаргу ўбіраюцца самыя спелыя і найбольш праблемныя ўчасткі, якія паляглі пасля моцных ліўняў і вятроў. Па некалькі разоў за дзень камбайны правяраюцца на герметычнасць, таму і страты збожжа мінімальныя. 958 Увогуле, работай механізатараў аграном задаволены. Працуюць яны сумленна, нікога не трэба лішні раз кантраляваць. На пытанне, да якога часу знаходзяцца камбайны ў полі, Аляксандр Парфенчык засмяяўся: – Ды яны, каб не выганяў, і да раніцы працавалі б… І верылася – гэта не пустыя словы. Гледзячы, як хутка ішлі трактары з прэс-падборшчыкамі, на якіх працавалі Валерый Семянюк, Міхаіл Шыла, Генадзій Камужыцкі, Аляксандр Фіркін; як спрытна ўпраўляліся на пагрузцы рулонаў механізатар Леанід Сідорык, а на іх адвозцы Іван Лойка, Юрый Рагозік, Павел Поўх; як шчыраваў на жніўным полі трактарыст – 77-гадовы пенсіянер Аляксандр Бузун. З механізатарскімі кадрамі ў гаспадарцы праблем няма, але мужчына кожнае жніво сам просіцца на работу. Як такому адказаць, тым больш што рабочыя рукі ў гарачы сезон на вагу золата. Большасць убранага на сынкавіцкіх палях зерня паступае на збожжаток в. Казловічы. За змену магутны сушыльны комплекс дапрацоўвае больш за 400 тон зерня. 960 У гаспадарцы кожны дзень падводзяцца вынікі работы сярод камбайнавых экіпажаў, вадзіцеляў. Інфармацыя размяшчаецца на спецыяльных лістах, якія з раніцы вывешваюцца ў дыспетчарскіх і дастаўляюцца ў поле загадчыкамі ўчасткаў. Калі ўзнікаюць пытанні, яны адразу вырашаюцца на месцах. Галоўным крытэрыем работы камбайнавых экіпажаў была і застаецца якасць. Кожны з хлебаробаў ведае, што, калі атрымае заўвагу па якасці ўборкі, пазбавіцца і даплаты, і прэміі. Кантроль за якасцю ўборкі ўскладзены на агранамічную службу гаспадаркі. 961 Віктар МАКОЎСКІ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.