Камбайн з поля, плуг – у баразну

_MG_5873 У ліку першых сёлета завяршылі жніво ў СВК “Галынка”. Некаторыя камбайнеры цяпер дапамагаюць бародзіцкім хлебаробам. Астатнія займаюцца сяўбой азімага рапсу і падрыхтоўкай глебы пад іншыя культуры. Старшыня і спецыялісты гаспадаркі большасць рабочага дня знаходзяцца на палях, дзе закладваецца будучы ўраджай. Толькі з дапамогай мабільнай сувязі нам давялося дамовіцца аб сустрэчы з галоўным аграномам сельгаскааператыва Мікалаем Бяляўскім. – Сёлетні ўраджай нас задавальняе, – адзначае Мікалай Канстанцінавіч. – З кожнага гектара намалочана па 550 ц збожжа, што на 15 ц больш за мінулагодні паказчык. Самую высокую ўраджайнасць – больш за 60 ц/га – далі азімая пшаніца і ячмень. Такія вынікі дасягнуты дзякуючы ўкараненню галынкаўскімі хлебаробамі сучасных тэхналогій, захаванню па-трабаванняў вырошчвання сельскагаспадарчых культур, а таксама зладжанай рабоце ўсіх працаўнікоў гаспадаркі. _MG_5886 З пачатку жніва экіпаж у складзе братоў Віктара і Івана Марчукоў на камбайне КЗС-10К намалаціў 1395 т збожжа ва ўмоўнай вазе. 1226 т – такі паказчык у Сяргея Карэнкі і яго сына Паўла, якія працавалі на камбайне “КЗС-1218”. Намалот Сяргея Якубоўскага склаў 1141 т. Пераможцам унутрыгаспадарчага спаборніцтва сярод вадзіцеляў прызнаны Міхаіл Кароль. На аўтамабілі “САЗ-3507” ён перавёз 1189 умоўных тон збожжа. Другое месца ў Сяргея Ламекі (806 т), трэцяе – Івана Марчука (717 т). Значны ўклад у паспяховае правядзенне ўборкі ўнеслі і многія іншыя ўдзельнікі жніва. Які б ні вырас ураджай, а дбаць аб будучым – абавязак хлебароба. Не паспелі камбайны пакінуць жніўны палетак, як у гаспадарцы распачалася падрыхтоўка да сяўбы азі-мых культур. Ужо з мінулай пятніцы тут пачалі сеяць азімы рапс. Пад гэтую культуру адведзена 565 га. Па графіку яе неабходна пасеяць у аптымальны тэрмін – да 25 жніўня. Салома ў гаспадарцы ўжо ўбрана на 80 працэнтаў плошчы. На большасці ўчасткаў яна запрасавана ў рулоны. Мы пабывалі на полі, якое знаходзіцца непадалёку ад аўтамабільнай дарогі Дзярэчын–Угрынь. Механізатары Генадзь Сакалоўскі і Леанід Кіслы на трактарах з сучаснымі прэс-падборшчыкамі “Тарнада” падбіралі і прасавалі збажыну ў рулоны. Не прайшло і гадзіны, як работу на гэтым полі яны закончылі. На іншых участках гэтай справай займаліся механізатары Іван Марцішак, Аляксандр Плаўскі, Іван Булак, Іван Новік і Сяргей Фёдараў. На сцягванні рулонаў заняты Арцём Оласюк. _MG_5901 Непадалёку ад вёскі Алексічы здалёк убачылі працуючы магутны трактар “Беларус-3022” з пасяўным камбінаваным агрэгатам АПП-6. – Гэта поле засяваем элітным насеннем азімага рапсу, – расказаў загадчык участка Валянцін Жак. – Спачатку ўнеслі мінеральныя ўгнаенні. Затым Аляксандр Валеўскі на АКШ правёў перадпасяўную апрацоўку глебы. Сяўба даручана Дзянісу Радзіону. З гэтым механізатарам сёлета мне даво-дзілася неаднаразова сустракацца ў час веснавой сяўбы і касьбы траў. Яго імя кіраўніцтва гаспадаркі называе ў ліку лепшых механізатараў. На ворыве глебы старанна працуюць Аляксей Дрэнь, Іван Качук, Яўген Пазняк, на культывацыі – Аляксандр Залеўскі, на ўнясенні мінеральных угнаенняў – Аляксей Залеўскі. Кожны з іх выконвае дзённыя заданні на 140–150 працэнтаў. У гаспадарцы створаны належныя ўмовы для высока-прадукцыйнай працы механізатараў – людзі ў полі забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем. Акрамя таго распрацаваны ўмовы матэрыяльнага стымулявання за перавыкананне ўстаноўленых норм выпрацоўкі і якасць. Віктар МАКОЎСКІ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.