Пад адным дахам з людзьмі
Даволі незвычайную карціну мне давялося назіраць у час чарговай рэдакцыйнай камандзіроўкі ў Галынкаўскі сельсавет. У вёсцы Вострава на падворку дома Мікалая і Веры Макарчукоў паважна хадзіў малады бусел. Хоць птушка гэта і надта асцярожная, тым не менш падпусціла нас зусім блізка да сябе.
– Два месяцы назад, – расказвае Вера Васільеўна, – едучы з сям’ёй на машыне па вёсцы, заўважылі каля вялікага дрэва бусліка. Аказалася, што небарака выпаў з гнязда і пашкодзіў ножку. Разумелі: калі пакінем яго тут – загіне. Аднагалосна вырашылі ўзяць птушаня дадому. Першыя дні бусляня не магло хадзіць, кармілі яго з рукі. Асабліва клапаціўся аб птушцы муж: прыносіў ёй жабаў, мышэй. І наш маленькі выхаванец хутка пайшоў на па-праўку.
Часта прыходзілі паглядзець на бусліка вясковыя дзеці. Спачатку ён баяўся і асцерагаўся гасцей, але потым прывык, нават даваў сябе па-гладзіць. Калі зусім акрыяў, гаспадары вынеслі яго на двор і адпусцілі. Птушка паво-дзіла сябе спакойна, відаць, цалкам давярала сваім выратавальнікам. Зрабіўшы некалькі крокаў, бусел узляцеў і зноў апусціўся ў двары. Потым выйшаў на вуліцу, але далёка ад дому не адыходзіў. Хутка пачаў сам здабываць сабе ежу. Калі яе не хапала, прыходзіў у двор і моцна клякатаў – такім чынам прасіў дапамогі ў людзей. Паеўшы, зноў ад-праўляўся на вуліцу ці луг. На ноч узлятаў на дах, там і начаваў. Цяпер, з надыходам восені, Макарчукі задумаліся: што рабіць са сваім выхаванцам і як павядзе сябе птушка зімой. Адправіцца ў вырай яна яшчэ не набралася сіл…
У тэму Як адзначаюць арнітолагі, па колькасці папуляцыі белага бусла наша краіна займае чацвёртае месца на планеце пасля Польшчы, Іспаніі і Украіны. Лічыцца, што кожны 10-ы белы бусел гняздуецца ў Беларусі – у сярэднім у год з цёплых краін да нас вяртаецца каля 18 тысяч пар птушак. Нямала з іх асядае ў нашым раёне. Масавыя чароды буслоў беларусы могуць назіраць толькі ў жніўні, калі яны з нашчадкамі збіраюцца на зімоўку. Менавіта тады ў адным месцы можна ўбачыць дзясяткі, а то і сотні белакрылых птушак. Нярэдка і «аэрадромамі», і падкормавымі пляцоўкамі для іх становяцца палі пасля ўборкі збожжавых. Віктар МАКОЎСКІ.