Кніжная лаўка кірмашу
На навукова-практычнай канферэнцыі ў першы дзень Ганненскага кірмашу адзначалася, што сярод шматлікіх тавараў сапегаўскага дзецішча было нямала і кніжнай прадукцыі. Так, на адзін з іх было прывезена сто пудоў кніг!
Бібліятэкары цэнтральнай раённай бібліятэкі ў сваім кіёску столькі кніг не мелі, тым не менш вельмі парадавалі аматараў літаратуры. Менавіта да кірмашовага свята яны выдалі прысвечаныя Зэльвеншчыне 4 зборнікі вершаў мясцовых паэтаў. Карыстаючыся літаратурнымі старонкамі газеты “Праца” за апошнія гады, яны сабралі ўнікальны матэрыял.
У прадмове да зборніка “Роднай Зэльве” складальнік усіх чатырох кніг Валянціна Масюк піша: “Гэты зборнік – наш краязнаўчы здабытак, які з`яўляецца адной з частак нашай духоўнай культуры… Выданне будзе цікавым для шырокага кола чытачоў, якія неабыякавыя да лёсу сваёй малой радзімы – любай Зэльвеншчыны”.
Той, хто збірае падшыўкі раённай газеты, вядома ж, мае магчымасць перагледзець іх і знайсці вершы пра родны край, напісаныя з нагоды 750-годдзя Зэльвы і 70-годдзя ўтварэння Зэльвенскага раёна. Але, пага-дзіцеся, адна справа – гартаць падшыўкі і зусім іншая – трымаць у руках гатовы зборнік.
Названы зборнік складаецца з трох раздзелаў: “Вабіць Зэльва прыгажосцю”, “Мая маленькая радзіма” і “Зэльвенскі вальс”. У першай частцы – творы ўраджэнцаў і жыхароў краю, у другой – удзельнікаў конкурсаў “Мая маленькая радзіма” да 70-годдзя раёна, у трэцяй – песні аб Зэльве (пакуль без нотаў, але ў будучым, спадзяёмся, бібліятэкары гэты недахоп выправяць). Аўтарамі першага раздзела зборніка з’яўляюцца вядомыя і любімыя многімі Уладзімір Мазго, Юрка Голуб, Валянцін Семяняка, Галіна Тарасік, Валянціна Ададурава, Алена Букатая, Ірына Данік, Алена Кароза, Святлана Літ-вінчык і іншыя. У другі раздзел уключаны творы Паўла Антановіча, Юліі Жыдок, Таццяны Лабовіч, Марыны Ламекі, Юліі Масюк, Таццяны Сакалоўскай і Ангеліны Ханевіч. Трэці раздзел прадстаўляюць песні Ула-дзіміра Захаркі, Уладзіміра Плюты і Івана Трухалёва на словы Алены Букатай, Пятра Марціноўскага і Віктара Асіпенкі.
Зборнікі “Зэльва – радасці крыніца” і “Цуды Зэльвы” нагадваюць чытачам пра юбілейныя конкурсы “Гімн Зэльвеншчыны” і “Сем цудаў Зэльвы”, што праводзіліся да 750-годдзя пасёлка. Для тых, хто забыўся пра вынікі конкурсу: гімнам Зэльвеншчыны стала калектыўная праца паэта-песенніка Уладзіміра Мазго і кампазітара Віктара Войціка “Зэльва – радасці крыніца”. Цікава будзе ўзнавіць у памяці і тэксты гімнаў іншых аўтараў.
У конкурсе “Сем цудаў Зэльвы” ўдзельнічалі не толькі жыхары Зэльвеншчыны, але і тыя, хто жыве далёка ад радзімы. Ды і пераможцай яго стала любімая многімі жыхарка ўкраінскай Цярноўкі Галіна Тарасік. У зборніку “Цуды Зэльвы” змешчаны два яе вершы: “Храм любви” (пра Дзярэчынскі касцёл) і “Горизонт вдалеке чист и зелен» (пра Зэльвенскае вадасховішча).
Чацвёрты зборнік, напэўна, быў самым цікавым для гасцей, бо прысвечаны ён Ганненскаму кірмашу. А на нашым кірмашы акрамя аўтараў, ужо названых, адзначым Алу Вілесаву, Аляксея Галаскока, Алеся Корнева, Вольгу Ляскевіч, Лілію Лукашонак, Святлану Патаповіч, Станіславу Прызван, Сяргея Худзяева.
Акрамя сваіх выданняў, бібліятэкары прапаноўвалі наведвальнікам кірмашу і кнігу вядомай на Беларусі мастачкі, ура-джэнкі в. Лешна Надзеі Салейкі – “Перекрёсток”. Гэтая таленавітая жанчына пакарыла сэрцы многіх і цудоўнымі пано з гліны, і непаўторным голасам, і паэтычным бачаннем свету, а ў апошні час – і скульптурамі з дрэва. Па-знаёміцца з гэтай абаяльнай жанчынай – мара многіх зэльвенцаў. Адкрыйце яе кнігу – і мара збудзецца!
Многа слоў было спрадвеку,
Многа знікла, адышло,
Але стала Чалавекам
Усяго, браток, адно.
***
І пачатак, і аснова,
Подых існага ўсяго –
Слова Бога, проста Слова!
Ці ты ведаеш Яго?
Спадзяёмся на наступным кірмашы ўбачыць у кнігарні яшчэ больш духоўных здабыткаў роднага краю.
Яніна ШМАТКО.