Спартыўны настрой
Дзень здароўя ў гімназіі №1 г.п.Зэльва заўсёды праходзіць весела і арганізавана. Чарговае спартыўнае свята “Вясёлыя старты” было прымеркавана да пачатку новага навучальнага года.
Шосты школьны дзень распачаўся з пастраення каманд. Настаўнік фізкультуры Юрый Жамойцін пазнаёміў удзельнікаў з праграмай спаборніцтваў, правіламі бяспекі ў час іх правядзення, пажадаў усім перамогі і цудоўнага настрою.
Першым этапам стала лёгкаатлетычнае выпрабаванне (на здымку). Як паказалі вынікі кросу, большасць гімназістаў мае даволі высокі ўзровень фізічнай падрыхтоўкі, праяўляе сапраўдны азарт у імкненні да перамогі. Нядрэнныя вынікі ў сваіх узроставых групах паказалі Ілья Савосік і Валерыя Шышлоў-ская. Ім дасталося трэцяе месца. Другімі сталі Аляксандр Ляўданскі і Раман Моська. Лепшы рэзультат у Андрэя Ціляка і Сяргея Антановіча.
Не менш напружанымі аказаліся валейбольныя паядынкі. У лідары выйшлі каманды 7 “Б” і 10 “А” класаў. Гульня настолькі захапіла юнакоў і дзяўчат, што пасля яе заканчэння і пераможцы, і тыя, хто праіграў, аб’ядналіся і прадоўжылі спаборніцтвы.
Разнастаіла спартыўнае свята выступленне каманды па чарлідынгу. Дамоў удзельнікі Дня здароўя разыходзіліся задаволеныя сабой,
з пазітыўным настроем і зарадам бадзёрасці.