Лес адчувае клопат людзей
Прафесіяналы сваёй справы
Каля 20 гадоў нязменным кіраўніком лясніцтва з’яўляецца Аляксей Галавач – сапраўдны прафесіянал сваёй справы. У 2010 годзе ён быў адзначаны нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі “Ганаровы лесавод”, а ў 2013-м прызнаны лепшым ляснічым Беларусі. Напярэдадні чарговага свята Аляксей Аляксандравіч адзначаны ганаровым знакам Міністэрства лясной гаспадаркі “20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове”.
У калектыве працуе шмат адданых справе і лесу людзей. Адна з іх – намеснік ляснічага Таццяна Ліхачова. Яна вызначаецца граматнасцю і высокім прафесіяналізмам. За плячамі жанчыны 23 гады працы ў лясных гаспадарках Гродзенскага і Зэльвенскага раёнаў. Нядаўна Таццяне Васільеўне прысвоена кваліфікацыя спецыяліста першага класа. Гэта даволі высокая адзнака за шматгадовую працу. Дарэчы, яе мае і ляснічы Аляксей Галавач.

Захаваць і прымножыць
Лясныя ўгоддзі лясніцтва размешчаны на тэрыторыях Зэльвенскага, Слонімскага і Мастоўскага раёнаў і складаюць 9876 гектараў. Лясы ў нас займаюць крыху больш за 30 працэнтаў усіх угоддзяў. Таму апошнія дзесяць гадоў галоўным накірункам дзейнасці лясніцтва з’яўляецца лесааднаўленне. На перададзеных малапрыгодных для сельскагаспадарчага выкарыстання землях, высечках за гэты перыяд пасаджана больш за тысячу гектараў маладога лесу. Гэта вельмі добры паказчык, які дазваляе работнікам лясной аховы раёна ўпэўнена глядзець у будучыню і па якім зэльвенскія лесаводы пераўзышлі многія лясніцтвы і нават лясгасы рэспублікі. Саджаецца ў асноўным сасна, елка, бяроза, дуб. Такія пасадкі бліжэй да прыродных. Іх разнастайнасць стрымлівае развіццё шкоднікаў і хвароб. А яшчэ практыкуюцца змешаныя лясы – у мэтах супрацьпажарнай бяспекі. У апошнія гады ў лесапасадках з’явіліся лістоўніца, айва і іншыя дэкаратыўныя расліны. – Паверце, лес не расце сам па сабе, – заўважае ў час гутаркі Таццяна Ліхачова, якая на перыяд водпуску ляснічага выконвае яго абавязкі. – Па-першае, трэба якасна і ў аптымальныя тэрміны яго пасадзіць. З першых гадоў рэгулярна праводзіць уборку расліннасці, каб яна не заглушыла кволыя парасткі. Затым на працягу дзясяткаў гадоў арганізоўваць санітарныя высечкі, догляд, прарэджванне. І толькі калі лес дасягне 80- гадовага ўзросту, за ўсе клопаты ён аддзячыць высакаякаснай каштоўнай драўнінай. – Вырошчваць лес – работа даволі карпатлівая, патрабуе шмат фінансавых і людскіх рэсурсаў, – прадаўжае расказ з веданнем справы Таццяна Васільеўна. – Кожную вясну для пасадкі лесу за дадатковай рабочай сілай мы звяртаемся ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Сёлета засадзілі 71 гектар. Для барацьбы са шкоднікамі ў лясных масівах было развешана 129 шпакоўняў, якія зрабілі вучні Дзярэчынскага школьнага лясніцтва. Акрамя таго, у месцах, дзе выяўлена шмат шкоднікаў, былі пакладзены лоўчыя дрэвы, супраць караеда-тыпографа ўстаноўлены ферамонныя пасткі. Догляд маладых пасадак праведзены на 55 гектарах, што значна перавышае заданне. Адзін з накірункаў работы лесаводаў – ахова лесу ад пажараў. Гэта работа сёлета мела асаблівую актуальнасць у сувязі з засушлівым гарачым летам. З мэтай папярэ-джання пажараў на тэрыторыі лясных масіваў было зроблена 80 кіламетраў новых мінералізаваных палос, на 150 ужо дзеючых кіламетрах праведзены адпаведны догляд. У пажаранебяспечны перыяд кругласутачна дзяжурылі спецыялісты і пажарны разлік лясніцтва. Леснікі разам з супрацоўнікамі міліцыі і выратавальнікамі арганізоўвалі рэйды, устанаўлівалі шлагбаумы і папярэджваючыя знакі, а таксама праводзілі тлумачальныя гутаркі з насельніцтвам і адпачывальнікамі. Дзякуючы мэтанакіраваным сумесным дзеянням удалося захаваць лес ад пажараў.