На першым плане – “другі хлеб”
Земляробы СВК “Галынка” і “Бародзічы”, акрамя выканання шэрагу восеньскіх палявых работ, сканцэнтраваны на ўборцы бульбы. У гэтых гаспадарках культура займае па 120 га.
– Ураджаем “другога хлеба” задаволены, – гаворыць галоўны аграном СВК “Галынка” Мікалай Бяляўскі. – У сярэднім атрымліваем па 240 ц/га. Асабліва ўрадзілі перспектыўныя сарты “скарб” (300 ц/га), “янка” (280 ц/га), “журавінка” (270 ц/га). Не расчараваў і ранняспелы гатунак “уладар”. Шмат у чым такім добрым паказчыкам садзейнічала тое, што з улікам аптымальнага севазвароту пад бульбу былі вы-дзелены найлепшыя ўчасткі. Зараз клубні адвозім у бульбасховішчы, там і перабіраем. Большая частка закладваецца на зімовае захоўванне. Астатнюю рэалізоўваем спажыўцам і на Рагозніцкі крухмальны завод.
Уборка вядзецца камбайнам і капалкамі. Акрамя тэхнікі, на бульбяных палетках працуюць тры брыгады наёмных рабочых, якіх накіравала ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. На дапамогу сельгаскааператыву прыцягваюцца работнікі з іншых арганізацый.
На прычапным бульбаўборачным камбайне ККБ-2 вытворчасці “Лідаграмаш” у першым вытворчым участку “другі хлеб” убірае механізатар Мікалай Качук (на здымку). Штодзень убіраецца каля 2,5 – 3 га і накопваецца ў сярэднім каля 70 тон. Страт за камбайнам практычна няма.
–Хоць свае карэктывы ўносяць капрызы надвор’я і тэхнікі, але справа будзе завершана ў вызначаны тэрмін”, – запэў-нівае Мікалай Качук.
Адвозіць клубні ад камбайна вадзіцель Аляксандр Сончык. Фронт работ для ручной уборкі бульбы забяспечваюць на капалках механізатары Іван Булак і Сяргей Карэнка.
Віктар МАКОЎСКІ.