За дарамі восені – на кірмаш
Традыцыйны восеньскі кірмаш прайшоў ў Зэльве ў мінулыя выхадныя. На вуліцы Савецкай размясціліся аўтамабілі з прывезенай прадукцыяй сельгаскааператываў, фермерскіх і сялянскіх гаспадарак, гандлёвыя кропкі мясцовых кааператараў, бытавікоў, а таксама падворкі сельсаветаў, выставы ўстаноў адукацыі і культуры. Усе прыгожа аздо-білі свае гандлёвыя месцы. Яны прыцягвалі зэльвенцаў, і гасцей, якія спяшаліся завітаць да іх і пазнаёміцца з асартыментам прадукцыі.
Бойкі гандаль распачаўся задоўга да афіцыйнага адкрыцця кірмашу. Многія яшчэ не паспелі раскласці свой тавар, а пакупнікі ўжо выстройваліся ў чэргі.
Добрым попытам карысталася збожжа. Кілаграм ячменю каштаваў 1980 руб., пшаніцы – 2101 руб. Бульбай гандлявалі СВК “Галынка” і “Бародзічы”, філіял “Князева”, а таксама кааператары і фермеры. Сярэдні кошт “другога хлеба” складаў 2400 руб. за кілаграм.
Не было канкурэнцыі ў сельгаскааператыва “Міжэрычы”, які рэалізоўваў свініну. Многія гаспадаркі раёна прадавалі ялавічыну, таму за гэтай мясной прадукцыяй вялікіх чэргаў не назіралася.
Упершыню на сёлетнім кірмашы СВК “Галынка” гандляваў новай для яго вы-творчасці прадукцыяй – рыбай. Пакупнікі маглі купіць таўсталобіка, карпа і белага амура па цане 25000 руб. за кіла-грам. Свежую рыбу таксама прадавалі зэльвенскія кааператары. Гэтую прадукцыю яны набываюць у добра вядомай рыбнай гаспадарцы Брэстчыны – “Сялец”.
Кошт на капусту і моркву вагаўся ад 2300 да 3000 руб. за кілаграм, сталовых буракоў – ад 2200 да 3000 руб. Цыбулю можна было купіць па 3000 руб. за кіла-грам. Самай таннай агароднінай гандлявалі зэльвенскія кааператары, а таксама сялянская гаспадарка Эдуарда Салаты і фермер Аляксандр Пугачэнка.
Саджанцы садовых, ягадных культур і дэкаратыўныя хмызнякі прапаноўвалі як аматары-садаводы, так і фермерскія гаспадаркі. Яблынькі каштавалі 50000 –
60000 руб., грушы, вішні, слівы – 80000 – 100000 руб. Бойка ішоў гандаль саджанцамі садовых дрэў і хмызнякоў у зэльвенца Міхаіла Жыдка. Было шмат жадаючых купіць кусты журавін, буякоў, брусніц, якія прывезлі пінскія фермеры. У іх можна было атрымаць кансультацыю, як правільна весці догляд за культурамі.
Вялікім попытам карысталіся яблыкі. Цана на іх трымалася ад 3500 да 5500 руб. за кілаграм. Мёд можна было купіць па 60000 руб.
Шырокі асартымент тавараў на кірмашы быў прадстаўлены Зэльвенскім філіялам Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Пастаянныя чэргі былі каля палаткі, дзе прадавалі хлебабулачныя, кандытарскія і каўбасныя вырабы. Прыгожыя і смачныя пірагі, торты, рулеты і бісквіты ішлі нарасхват. Шматлюдна было каля гандлёвай кропкі з агароднінай і садавінай. Кошт некаторых відаў прадукцыі быў ніжэйшы, чым ва ўласнікаў.
Той, хто зрабiў пакупкi, мог спакойна адпачыць за столiкам вулічнага кафэ, дзе прадаваліся напоі, шашлык і іншыя стравы.
Разнастайную прадукцыю ўласнай вытворчасці рэалізоўвалі зэльвенскія бытавікі. Яна таксама карысталася попытам.
Добры настрой удзельнікам кірмашу стварала цікавая канцэртная праграма з удзелам работнікаў раённага Дома культуры, а таксама самадзейных калектываў раёна і суседняй Мастоўшчыны. Гучалі вясёлыя мелодыі і песні, сыпаліся жарты.
Вялікую цікавасць выклікалі падворкі сельсаветаў, якія прываблівалі не толькі духмяным пахам страў, але і арыгінальным афармленнем. Кожны быў па-свойму адметны. Можна было ўбачыць розныя ткацкія вырабы, мастацкія вышыванкі, работы народных умельцаў і таленавітых падлеткаў.
Гаспадары частавалі зэльвенцаў рознымі прысмакамі. На ўсіх падворках гучалі вясёлыя народныя песні.
Прыгожыя кветкавыя кампазіцыі былі прадстаўлены на выставе, арганізаванай работнікамі ўстаноў адукацыі. Вабілі вока арыгінальныя вырабы з агародніны, садавіны і іншых прыродных матэрыялаў, зробленыя гурткоўцамі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў кірмашу работы юных мастакоў і педагогаў дзіцячай школы мастацтваў.
Па ўсім было відаць, што святочны настрой перадаваўся і ўдзельнікам кірмашу. Многія з задавальненнем дзяліліся сваімі ўражаннямі: адзначалі належную арганізацыю свята і разнастайнасць асартыменту прадукцыі.
Своеасаблівым падвядзеннем вынікаў кірмашу стала ўзнагароджванне пераможцаў у вызначаных намінацыях. Грашовыя прэміі ўручыў першы намеснік старшыні райвыканкама Яўгеній Грэцкі.
За афармленне і добрую арганізацыю падворкаў першае месца прысуджана Галынкаўскаму і Дзярэчынскаму, другое – Тулаўскаму, трэцяе – Дабраселецкаму сельсаветам. Сярод устаноў адукацыі першае месца заняў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. На другім месцы яслі-сад №4, на трэцім – дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1. Лепшымі гандлёвымі кропкамі прызнаны магазін “Удобный”, аб’екты галіны прамысловасці філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства і бытавога абслугоўвання.
Можна казаць смела: восеньскі кірмаш удаўся і для гандляроў, і для пакупнікоў.
Віктар МАКОЎСКІ.