У напружаным рытме. Каб быць з цукрам
Дзясяткі аўтамабіляў, загружаных цукровымі буракамі з палёў гаспадарак нашага раёна і суседняга Слонімскага штодзённа накіроўваюцца на зэльвенскі буракапрыёмны пункт Гарадзейскага цукровага камбіната.
Перад тым, як трапіць пад выгрузку, кожная машына праходзіць пост кантролю. Тут праводзіцца візуальная праверка прадукцыі і вызначаецца, на якое захоўванне (кароткатэрміновае ці працяглае) пойдуць буракі.
– Для нас сезон нарыхтоўкі буракоў вельмі адказны і напружаны,– гаворыць начальнік буракапрыёмнага пункта Васілій Сачок. – З першых дзён стараемся арганізаваць работу так, каб не было чэргаў. Сёлета, як і ў папярэднія гады, да нарыхтоўчай кампаніі падрыхтаваліся належным чынам: навялі парадак на тэрыторыі, у вытворчых і бытавых памяшканнях, адрамантавалі пагрузчыкі, а таксама БУМы, адзі з якіх размешчаны на буракапрыёмнай пляцоўцы ў СВК “Мажэйкава” Лідскага раёна. Гэта дазволіла пачаць прыёмку цукровых буракоў згодна з за-планаваным графікам – з 6 верасня. Больш за іншых буракоў адгрузілі СВК “Сынкавічы”, “Галынка”, філіял “Князева”.
У першую чаргу вялася прыёмка пашкоджаных буракоў, якія адразу адпраўляліся на перапрацоўку. За раннюю здачу прадукцыі прадугледжвалася дадатковая надбаўка па аплаце.
У кастрычніку прыступілі да закладкі салодкіх каранёў на доўгатэрміновае захоўванне. Аднак, як адзначыў Васілій Іванавіч, бываюць выпадкі, калі і цяпер з некаторых гаспадарак паступае некандыцыйная прадукцыя, якая не адпавядае стандарту. Такія буракі складзіруюцца ў бурты і ў тэрміновым парадку адпраўляюцца на цукровы завод. Іх кошт, вядома ж, ніжэйшы.
Чып замест накладной Працэс прыёмкі буракоў камп’ютарызаваны. На кантрольным пункце аператары заносяць неабходныя даныя ў камп’ютар. Вадзіцелю замест пуцявога ліста выдаецца персанальны электронны чып, з дапамогай якога фіксуюцца праходжанне машыны праз аўтаматызаваныя вагі, здача кантрольнага аналізу, а таксама сам факт выгрузкі на кагатах і ўзважванне пустой тары. Такая сістэма значна спрасціла працэс прыёмкі.
Устаноўленае ў сыравіннай лабараторыі сучаснае тэхналагіч-нае абсталяванне дазваляе хутка і дакладна рабіць аналіз прывезеных буракоў. Абслугоўвае лабараторнае абсталяванне слесар Аляксандр Майсейчык.
– Мы вызначаем ступень за-бруджанасці і цукрыстасць буракоў, – расказвае старшы лабарант Таццяна Пасюк. – Ад гэтых паказчыкаў залежыць памер выплат за здадзеную прадукцыю. Пакуль што цукрыстасць паступаючых буракоў некалькі ніжэйшая за ба-зісную. Самы высокі гэты паказчык у СВК “Сынкавічы” і філіяле “Князева”. Самая чыстая прадукцыя паступае з СВК “Сынкавічы”, “Бародзічы” і “Караліно”.
Дзесяць хвілін для разгрузкі
На пляцоўцы, дзе складзіруюцца буракі, працуюць тры буртаўкладачныя машыны. Назіраем за працэсам. Разгрузка МАЗа заняла каля дзесяці хвілін. Вялізныя стрэлы-транспарцёры БУМа хутка падалі буракі на вяршыню бурта і роўна іх расклалі. На разгрузцы і складзіраванні задзейнічаны, у асноўным, часовыя работнікі. З пастаянных – толькі машыніст БУМа Уладзімір Мінец.
– У сярэднім за дзень разгружаем і буртуем каля 700 тон буракоў, – расказвае Уладзімір Мікалаевіч. – Аўтамабілі з гаспадарак прыходзяць згодна з устаноўленым графікам. Ім забяспечана своечасовая выгрузка.
На двух другіх БУМах працуюць таксама адказныя машыністы – гэта Анатолій Крэчка і Андрэй Кухта. Арганізуе работу па выгрузцы, складзіраванні і ад-грузцы цукровых буракоў старшы буртаўкладчык Ганна Чура.
– Цёплае надвор’е некалькі адмоўна ўплывае на захаванасць буракоў, – заўважае Ганна Станіславаўна. – Бурты апрацоўваем вапнай, што стрымлівае распаўсюджванне хвароб і працэс гніення.
Кадры – вопытныя
– Паспяховая работа буракапрыёмнага пункта ў многім залежыць ад людзей, якія тут працуюць, – адзначае Васілій Сачок. – Наш пастаянны калектыў невялікі – дванаццаць чалавек. Усе – вопытныя і адказныя спецыялісты. Добра працуюць механізатары Сяргей Беразюк, Павел Гілюк, Валерый Панасік, газаэлектразваршчык Вячаслаў Буткевіч.
Трэба адзначыць, што на прадпрыемстве створаны належныя ўмовы для працы і адпачынку. Ёсць свая гасцініца для камандзіровачных спецыялістаў. Кожны год праводзяцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі: абуладкаваны невялікі штучны вадаём, пешаходныя дарожкі, разбіты кветнікі.
Віктар МАКОЎСКІ.