У ліку тых, хто праводзіць свой працоўны дзень за рулём, – вадзіцель аўтобуса ўчастка “Зэльва” філіяла “Аўтобусны парк №3 г.Слонім» Анатолій Капыловіч (на здымку). Колькі кіламетраў праехаў ён за перыяд сваёй работы, ніхто не падлічваў. А цікава было б, – не раз задумваўся над гэтым і сам вадзіцель.
Анатолія Іосіфавіча добра ведаюць многія жыхары райцэнтра і населеных пунктаў. Яго пасажырскі “ЛАЗ” амаль штодзень курсіруе па ўнутрыраённых маршрутах. Бываюць, праўда, і дальнія рэйсы – экскурсійныя паездкі ў Гродна, Мінск, іншыя гарады.
У аўтобусны парк Анатолій Капыловіч прыйшоў у 2003 годзе. За гады працы не “сарваў” ніводнага рэйса. За добрасумленныя адносіны да сваёй справы не раз заахвочваўся кіраўніцтвам аўтапарка і абласнога ўпраўлення.
Да кожнага рэйса ва-дзіцель рыхтуецца старанна, бо разумее, што ў час паездкі нясе адказнасць за жыццё пасажыраў. А з імі ён умее кантактаваць, знаходзіць агульную мову.
– Падабаецца мне праца на аўтобусе, – гаворыць мужчына. – Люблю мець зносіны з людзьмі. Праўда, іншы раз даводзіцца павысіць голас на нецвярозага пасажыра. Не магу прамаўчаць і тады, калі ў салоне старэнькі чалавек стаіць, а малады сядзіць.
Абслугоўваннем “ЛАЗа” Анатолій Іосіфавіч займаецца сам. У салоне заўсёды ідэальная чысціня. Каб аўтобус заўсёды своечасова выходзіў на лінію, больш складаныя рамонтныя работы таксама выконвае сама-стойна. Лічыць, што сваю машыну вадзіцель павінен адчуць поў-насцю, патрымаць у руках кожную дэталь. Безумоўна, трэба любіць яе і шанаваць. Тады і яна ніколі не падвядзе ў дарозе.
Віктар МАКОЎСКІ.
Вадзіцель аўтобуса Анатолій Капыловіч.