Дату свайго працаўладкавання ў ДРБУ-118 машыніст асфальтаўкладчыка Аляксандр Буцько (на здымку) называе да-кладна: 1 снежня 1988 года. Сёлета ў яго насычаную працоўную біяграфію ўпісана яшчэ адна знакавая падзея: напярэдадні 70-годдзя з дня ўтварэння КУП “Гроднааблдарбуд” Аляксандр Мікалаевіч удастоены высокага звання “Ганаровы дарожнік Беларусі II ступені”.
– Калі я толькі сеў у кабіну асфальтаўкладчыка “ДС-143”, аб аўтаматызацыі і камп’ютарызацыі ніхто і не гаварыў, – успамінае першыя гады працы ва ўпраўленні Аляксандр Буцько. – Было ўсё даволі проста, хоць больш працаёмка. Адначасова і ці-кава. Новая работа (да гэтага часу працаваў шафёрам у аўтакалоне), новы агрэгат і новы калектыў – пашанцавала з брыгадай і майстрам па асфальтаўкладцы Сяргеем Гарошкам. Разам з ім і іншымі рабочымі праклалі не адзін кіламетр дарог.
Як толькі ДРБУ-118 атрымала новенькі асфальтаўкладчык “Титан-225”, менавіта Аляксандру Буцько прапанавалі асвоіць яго камп’ютарызаванае ўпраўленне. Падрыхтоўчыя курсы, парады вопытных машыністаў – і новая тэхніка хутка паддалася ўмелым рукам мужчыны. Многія думаюць, што цяпер машыніст сядзіць у прасторнай кабіне і нічога не робіць. Гэта не так. Адказнасць вельмі вялікая. І, у першую чаргу, за спраўнасць тэхнікі. Будзе працаваць спраўна – будуць роўнымі дарогі, будуць людзі гаварыць добрыя словы ў адрас дарожнікаў.
Аляксандр Буцько не вельмі мнагаслоўны: пра свае абавязкі, тым больш, заслугі, расказвае сціпла. Лічыць, лепш праявіць сябе ў працы, чым на словах. Гэта рыса характарызуе машыніста рознабакова. Магчыма, нават больш, чым высокія званні.
Людміла ПОПКА.