Вечар радасці і спакою, любові і надзеі
“Ціхая ноч. Святая ноч нясе спакой людзям усім. Толькі Маці Божая схілілася над яслямі і з усмешкай люляе сваё Дзіцятка…” Словы гэтай прыгожай каляднай песні найлепш перадаюць атмасферу вігілійнага вечара, калі ўся сям’я збіраецца за святочным сталом, каб падзяліцца аплаткай і выказаць найлепшыя пажаданні родным і блізкім, а затым пайсці ў касцёл, каб усім разам перажыць таямніцу Божага Нараджэння.
Святочны, непаўторна пяшчотны настрой перад каляднай вячэрай пануе ў доме сям’і Лудзіч (на здымках), якая жыве ў аграгарадку Князева па вуліцы Прыазёрнай. Духоўна да Божага Нараджэння рыхтаваліся чатыры тыдні: захоўвалі шчыры пост, прымалі ўдзел у святой Імшы, Раратах. Больш таго, кожны член сям’і даў сабе пэўнае абяцанне, якога і прытрымліваўся ў перыяд Адвэнту. Дзеці стараліся рабіць добрыя ўчынкі, якія запісвалі на паштоўках-сэрцайках і адносілі ў касцёл, каб упрыгожыць імі ёлку. Разам з бацькамі больш часу адводзілі малітве, ужывалі толькі посныя стравы. А яшчэ ўсе
сямейныя ўрачыстасці адклалі на паслякалядныя дні. Лічаць: не час весяліцца і танцаваць у Адвэнт.
У адным з пакояў дома рознакаляровымі агеньчыкамі зіхаціць лясная прыгажуня. Па каталіцкай традыцыі хвойнае дрэва – адзін з галоўных атрыбутаў свята. Пасярэдзіне пакоя стаіць вялікі авальны стол,
за якім, як толькі ўзыдзе на небе першая зорка, збярэцца ўся радня. Гаспадыня Людміла Аляксандраўна засцілае белы абрус – сімвал беззаганнасці Дзевы Марыі і чысціні чалавечых сэрцаў. А вось ужо і муж Іосіф Альбінавіч нясе ахапак духмянага сена, спецыяльна прыгатаванага да гэтай нагоды, раскладае яго на стале. Шпарка каля іх завіхаюцца сынок Марцін з дачушкай Марыяй-Малгажатай – рыхтуюць яселькі, якія нагадваюць Віфлеемскую стайню, дзе нарадзіўся Езус. Затым адна за другой на стале расстаўляюцца талеркі з ежай. 12 посных страў сімвалізуюць 12 вучняў Пана Езуса. Абавязкова рыхтуецца куцця з макам, кісель, некалькі страў з рыбы і грыбоў. На сене – сподачак з аплаткай.
… Першай за стол садзіцца бабуля Алена Антонаўна, блізкія, затым – гаспадары і дзеці. Адно месца пакідаецца свабодным – на выпадак, калі ў хату зойдзе госць: Езус у постаці другога чалавека.
Запальваецца свечка, якая сімвалізуе святло Хрыста. Пасля знака крыжа, пачынаецца супольная малітва. Самая старэйшая жанчына выказвае ўсiм прысутным вiншаваннi, бярэ аплатку – сімвал еднасці сям’і з Богам – і дзеліцца ёю з кожным. Затым гэты рытуал выконваюць дзеці і дарослыя, звяртаючыся адзін да аднаго з пажаданнямі дабра, здароўя і просячы прабачэння.
Вячэра заўсёды суправа-джаецца каляднымі песнямі. Усе члены сям’і ведаюць іх шмат і любяць спяваць.
Апоўначы ўся сям’я пойдзе ў касцёл, каб разам з аднавяскоўцамі прыняць удзел у святочнай імшы. Толькі пражытае ў такой атмасферы свята мае сэнс.
Людміла ПОПКА.