Свята поўнага прылаўка
Аб’екты гандлю і грамадскага харчавання па-святочнаму ўпрыгожаны навагоднімі сімваламі і атрыбутамі. Іскрацца рознакаляровымі лямпачкамі вокны прадмагаў пасёлка і аграгарадкоў. Не пройдзеш міма “Лакомки”. Казачны Дзядуля Мароз яшчэ здалёк прыветліва запрашае зайсці.
Каб задаволіць спажывецкі попыт на салодкую прадукцыю, ужо з пачатку бягучага тыдня кандытарскі цэх і цэх хлебабулачных вырабаў працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Кандытары маюць намер выпекчы звыш 22 традыцыйных і 9 новых відаў тортаў. На святочны стол прапануюць пірагі і рулеты, слаёнкі і пячэнне. І, канешне ж, ламанцы, аналаг якім цяжка знайсці ў іншых раённых цэнтрах. Рэцэптурны склад гэтай абавязковай каляднай стравы распрацаваны зэльвенскімі тэхнолагамі з улікам мясцовых традыцый.
– Святочны асартымент нашай салодкай прадукцыі, як заўсёды, разнастайны, – расказвае намеснік дырэктара Зэльвенскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Людміла Валюк. – Кожны дзень, пачынаючы з 20 снежня, яна адпраўляецца ў гандлёвыя кропкі раёна. Галоўная вартасць прадукцыі – якасць і смак. Усе інгрэдыенты – натуральныя. Да таго ж, у параўнанні з вялікімі фабрыкамі, умовы нашага кандытарскага цэха дазваляюць кантраляваць якасць літаральна кожнага вырабу.
Прадукцыя пад брэндам “Гродзенскае аблспажыўтаварыства. Зэльвенскі філіял” прадаецца ў прадмагах, магазіне “Лакомка” і на святочных кірмашах, якія ўжо актыўна працуюць. Выстаўленыя на вітрынах хлебабулачныя вырабы прыйдуцца да густу ўсім. Можна купіць бісквітна-крэмавыя, пясочныя торты “Рагнеда”, “Гармония”, “Ореховое суфле”, “Богемия”, якія даўно палюбіліся зэльвенцам. Не адрозніш ад дамашняга паўфабрыкат “Медовый вкус”. Мяккія і духмяныя пірагі “Кокосовый”, “С маковой начинкой”.
Для аматараў салодкага каманда прафесіяналаў-кандытараў прыгатавала торты-навінкі: “Романтика”, “Виконт”, “Сладкий апельсин”, “Пряные забавы” і іншыя. На выбар каржы – бісквітныя, пясочныя, напаўняльнікі – згушчанае малако, розныя віды шакаладу, садавіна. Арыгінальнае мастацкае афармленне кожнага кандытарскага прадукта: тэматычная навагодняя пасыпка, сімвалічная атрыбутыка. Адным словам, знешні выгляд нагадвае сапраўдныя зімовыя сюжэты. Магчымы заказ эксклюзіўных тортаў для святочных мерапрыемстваў.
Асноўная частка салодкай прадукцыі прадаецца на вынас. Вялікі выбар рулетаў з рознымі начынкамі – тварожнай, згушчаным малаком, павідлам, макам і г.д. Варта пакаштаваць і пячэнне, якое прадстаўлена ў шырокім асартыменце. Дарэчы, у магазіне “Лакомка” прадаюцца гарачы чай і кава, таму пакаштаваць салодкую прадукцыю можна, як кажуць, “не адыходзячы ад касы”. Тут таксама можна загадзя аформіць заказ на прыгатаванне кулінарных і кандытарскіх вырабаў, страў навагодняй тэматыкі.
Зэльвенскі філіял падрыхтаваў для пакупнікоў і прыемны сюрпрыз: салодкую прадукцыю можна купіць па 31 снежня ўключна з гандлёвай зніжкай 15 працэнтаў. Хочаце парадаваць і здзівіць сваіх родных, спяшайцеся на кірмаш!
Людміла ПОПКА.