На падворку – сімвал года
2015-ы – год, гаспадыняй якога стане драўляная Каза – сімвал дабрабыту і здароўя, працавітасці і ўраджайнасці. Гараскоп прадказвае, што пад апекай гэтай міралюбівай жывёліны людзі будуць жыць у гармоніі, больш паважліва адносіцца адзін да аднаго, змогуць забыць старыя крыўды і пасябраваць. Больш таго, памяркоўны характар Казы дапаможа пазбегнуць будзённых праблем і ўмацуе род. А калі ж забяспечыць ёй належны догляд – аддзячыць спаўна.
У тым, што козам уласцівы пералічаныя якасці, мы пераканаліся пасля знаёмства з сям’ёй Русакоў з аграгарадка Каралін. На па-дворку прыветліва сустракалі Пётр Міхайлавіч, Кацярына Віктараўна і іх дачушкі-дашкольніцы Ангеліна і Паліна. Цікаўна ў фотакамеру заглядвала іх любіміца каза Машка. Яна мірна стаяла ў кампаніі людзей, нібыта згаджаючыся з тым, аб чым ішоў аповед.
–Як прыйшла ідэя завесці ў гаспадарцы казу? – цікаўлюся ў Русакоў.
– Ведалі, што казінае малако вельмі карыснае. У ім утрымліваецца шмат мінералаў, солей і вітамінаў. Акрамя таго, яно засвойваецца ў некалькі разоў хутчэй, чым малако каровы. Ад старэйшых людзей чулі, што гэты малочны прадукт валодае лячэбнымі ўласцівасцямі. Якраз хварэлі дзеці, вось мы і вырашылі купіць казу, – дапаўняючы адзін аднаго, расказвалі Пётр і Кацярына.
Русакі змянілі ўжо не адну казу. Сёння з задавальненнем успамінаюць, што ўсіх удавалася даволі хутка прыручаць. Праўда, быў адзін “выхаванец” з норавам. Бадаўся і брыкаўся, неаднойчы залазіў у агарод і кветнік, нават заскокваў на дах невысокіх пабудоў. Затое навучыў гаспадароў быць пільнымі – зачыняць за сабою дзверы ў хлеў, вароты ў па-лісаднік.
Цяперашняя Машка – козачка акуратная і чыстаплотная, ніколі не зойдзе ў брудную клетку. І з кормам ніякіх праблем: асабліва любіць скарыначкі хлеба, лупіны ад бульбы, буракі, моркву, яблыкі. Толькі пажадана, каб усё гэта было ў вараным вы-глядзе. Зімою паядае духмянае сенца.
Каза заўсёды адчувае настрой гаспадароў, лёгка ідзе на кантакт з добрымі людзьмі. Будзе паслухмянай толькі ў тым выпадку, калі падыходзіць да яе спакойны, нічым не заклапочаны чалавек. Гараджанцы Кацярыне спачатку было складана гэта зразумець, як, дарэчы, і навучыцца даіць. Муж – малайчына, узяў гэты абавязак на сябе. Каза прывучыла гаспадароў кантраляваць свае эмоцыі – не будзе спакойна стаяць, нават можа не аддаць поўнасцю малако, або і выбіць капытам вядро з рук, калі зойдзеш да яе злосны ці ў спешцы.
– Весці гаспадарку – нам толькі ў радасць, – гавораць муж і жонка. – Несумненна, гэта карпатлівая паўсядзённая праца, без выхадных і адпачынку, расходы, якія не заўсёды прыносяць жаданы вынік. Але гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з усведамленнем таго, што ты сапраўдны гаспадар. Агульныя клопаты зрабілі нашу сям’ю больш дружнай і згуртаванай. У новым годзе жадаем усім зэльвенцам быць адданымі сваім сем’ям, жыць у згодзе і павазе адзін да аднаго. Каб у шчасці і радасці раслі нашы дзеці.
Людміла ПОПКА.