След на зямлі
Непадалёку ад шашы Зэльва–Ваўкавыск, насупраць вёскі Пасуцічы, размясціўся знаёмы многім зэльвенцам хутар. Больш як паўтары сотні гадоў належыць ён дбайным гаспадарам – Бычакам. У сярэдзіне XIX стагоддзя атрымаў гэты надзел Марк Уладзіміравіч Бычак. Перад Першай сусветнай вайной тут гаспадарыў яго сын Мацвей Маркавіч. Вымушаны падацца з сям’ёй у бежанства, дамоў не вярнуўся: памёр на чужыне. Так у суровае між-ваенне адказным за спадчыну стаў Антон Мацвеевіч, бацька сённяшняга ўладальніка хутара Віктара Антонавіча.
Пра Віктара Антонавіча Бычака нельга гаварыць без захаплення. Гэта чалавек такой неўтаймоўнай энергіі, такога вялікага працалюбства, такой любові да роднай зямлі і Беларусі, такой дзейснай спагады да людзей, што цяжка знайсці падобнага. Здзіўляцца пачынаеш адразу, як толькі ўбачыш гаспадара і яго ўладанні. Так, у дні дзяржаўных свят, як у былыя савецкія часы, ён вывешвае на фасадзе дома Дзяржаўны сцяг. Не здраджвае добрай даўняй традыцыі. Як само сабой зразумелае, спакойна тлумачыць гаспадар: “Наш сімвал і гонар”.
І гэта не адзінае сведчанне любові зэльвенца да Радзімы, удзячнасці ёй. Не так даўно ўздоўж свайго надзелу, паралельна шашы, а таксама ўздоўж дарогі да прыбудоў, высадзіў саджанцы ёлак, соснаў і кедраў. “Вырастуць некалі і будуць цешыць вока ўсіх, хто тут праязджае”, – і, з хітрынкай гледзячы на старшыню Зэльвенскага сельсавета Мікалая Гардзейку, дадае: – “Ды і мой старэнькі хутар пры-крыюць”.
Віктар Антонавіч заўсёды ў курсе палітычных і грамадскіх падзей у свеце і краіне. Час навін – гэта святое: ніколі яго не прапускае. “Я ўжо ведаю, калі яму зва-ніць, – усміхаецца Мікалай Пятровіч, –
не турбую, калі ён уважліва ўслухоўваецца і ўглядаецца на экран тэлевізара”. З раніцы да вечара – за работай. Яго дэвіз: устаў – і працуй. За дзень паспявае перарабіць мноства розных спраў. Зараз у яго ўжо падрастае расада памідораў. У вы-значаны тэрмін падрыхтуе цяпліцы і высадзіць сотні маленькіх раслін. Кожны сорт паасобку. Як наседка, будзе бегаць ад адной цяплічкі да другой: там накрые, там узрыхліць зямлю, там перасадзіць у адкрыты грунт… А ўраджаем шчодра падзеліцца з людзьмі. Маючы трактар і прыстасаванні да яго, ахвотна дапамагае адзінокім жыхарам Пасуціч і Мадзеек. Заўважыць траву вакол помніка загінулым у вайну – не чакае званка старшыні сельсавета. І не толькі помнік даглядае, гаспадарчыя пабудовы сельгаскааператыва таксама не пакідае без увагі.
Калі закрылі школу ў Пасуцічах, а дзяцей сталі вазіць у СШ №3 г.п.Зэльва, дапамог установе выканаць план па зборы металалому. Пачаўся ў рэспубліцы збор сродкаў на будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі – Бычак не застаўся ў баку, пералічыў немалыя грошы на велічны будынак. Не быў абыякавым да гора лю-дзей, якія пацярпелі ад тэракту ў мінскім метро: таксама ўнёс пасільны ўклад ва ўсеагульную справу. Напэўна, усе гэтыя сродкі прыйшліся б дарэчы і на хутары: дом даўно патрабуе капітальнага рамонту. Але Віктар Антонавіч аддае перавагу іншаму: ён спазнаў найвялікшую чалавечую радасць дарыць і ўжо не саступіць з гэтага шляху.
У Віктара Бычака свой погляд і на па-дзеі мінулага, і на сённяшнія, таму яго цікава слухаць. Мае выдатную памяць: нават падзеі 1939-га года прыгадвае, хоць быў тады зусім невялікі. У дзень прыходу ў Пасуцічы Чырвонай Арміі ўся сям’я Бычакаў у трывозе выглядала ў вокны. І вось пачуліся галасы чырвонаармейцаў, якія таксама насцярожана ўваходзілі ў дом. Адзін з маладых байцоў, убачыўшы гаспадароў і іх пяцёра бедна апранутых дзяцей, не раздумваючы скінуў з сябе гімна-сцёрку і падарыў разгубленаму бацьку. Гэты выпадак Антон Мацвеевіч памятаў усё жыццё.
Зусім іншыя ўспаміны ў Віктара Антонавіча пра з’яўленне на іх хутары фашыстаў. У хату не ўваходзілі, сачылі за жыхарамі хутара і наваколля з самалётаў. Вызначыўшы аб’ект, пачыналі бамбіць. Цікаўны хлопчык назіраў са схованкі, як нямецкія пілоты, мінімальна наблізіўшыся да зямлі, уручную кідалі супрацьпяхотныя міны з крыльцамі. Назаўсёды запомніў, якія велізарныя варонкі ўтвары-ліся ад тых “нямецкіх цацак”. З інтарэсам прыслухоўваўся да размоў дарослых пра страшэнныя разрухі ў Зэльве і Ваўкавыску: “Вось такую дэмакратыю неслі нам фашысты”, – падсумоўвае ўспаміны тых дзён Віктар Антонавіч.
Калі ў 44-м прыйшло вызваленне, радасці людзей не было межаў. Цалавалі змучаных, але вясёлых салдат, паілі іх малаком ад сваёй кароўкі, якая разам з
сям’ёй ратавалася ў лесе. А потым – цяжкія пасляваенныя гады. Разруха, голад, знясільваючая праца. Вучыцца давялося ў дзяцінстве нямнога: школу рабочай моладзі заканчваў ужо ў юнацтве. Калі арганізавалі ў вёсцы калгас, стаў працаваць на ўсіх работах нараўне з дарослымі мужчынамі. “Адзін раз нават узараў больш за вопытных аратых, – усміхаецца, – як Давыдаў у Шолахава”. Праца на агульным полі, як ведаем, прыносіла няшмат прыбытку. Таму сяляне пасля калгасных работ шчыравалі да позняй ночы на сваіх прысядзібных участках. “Было вельмі няпроста тады, што і казаць, – працягвае расказваць Віктар Антонавіч. – Таму хлопцы пасля арміі часта працягвалі служыць у войску звыштэрмінова. Мне таксама прапаноўвалі застацца ў Сібіры, дзе служыў, тым больш што за час службы атрымаў некалькі рабочых спецыяльнасцей. Але я, перш чым вярнуцца на радзіму, павандраваў яшчэ і ў цёплых краях”.
Пасля ўсіх сваіх вандровак Віктар Антонавіч, ужо вопытны электрык, бенза-пільшчык, трактарыст, суднабудаўнік, уладкаваўся ў блізкім ад бацькоўскага хутара Ваўкавыску. У кожны вольны дзень спяшаўся на дапамогу бацькам. А як выйшаў на пенсію, – перасяліўся ў радавое гняздо. Ужо больш за дваццаць гадоў паказвае прыклад дбайнага гаспадара, здзіўляючы многіх сваёй працавітасцю. “Эх, каб трохі маладзейшы быў Віктар Антонавіч, мог бы добрую аграсядзібу абуладкаваць”, – са шкадаваннем кажа старшыня сельсавета.
Так, мясціны тут цудоўныя. “А вада якая, – з гонарам заўважае гаспадар, – чыстая, смачная! Нездарма струменіць яна з глыбіні дваццаці трох метраў!”. Як глыбінная вада ачышчае цела, так і спадчынная любоў да зямлі ўзвышае яе гаспадара над штодзённасцю, дае радасць
і надзею.
Яніна Шматко.