Партызанка Аляксандра
85-гадовы юбілей адзначыла ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны, жыхарка вёскі Залацеева Аляксандра Гаеўская. Павіншаваць жанчыну са знамянальнай падзеяй прыехала прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе старшыні раённага савета ветэранаў Віктара Васіліцкага, старшыні Дзярэчынскага сельвыканкама Святланы Грынцэвіч, спецыялістаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. За святочным сталом не заўважылі, як перайшлі ад віншаванняў да ўспамінаў пра мінулае.
Чэрвень 41-га
– Мае бацькі былі вельмі працавітыя, – расказвае Аляксандра Пятроўна. – У сям’і нас было шасцёра дзяцей: браты Іван, Рыгор і Пётр, сёстры Зіна, Маня і я. Жылі дружна, дапамагалі адзін аднаму. Аднак наша мірнае жыццё раптоўна абарвала вайна. Памятаю, раніца 22 чэрвеня 1941 года выдалася надзвычай ціхай і спякотнай. Вяскоўцы ў гэтую пару года прачыналіся рана. Бацька і мае браты яшчэ на до-світку пайшлі на пойму Зальвянкі, каб да дзённай спёкі па-спець накасіць травы. Мы з сёстрамі засталіся дома. Як заўсёды, разам з маці завіхаліся па гаспадарцы. Раптам пачулі моцны гул, які данасіўся з вышыні, затым у небе з’явіліся самалёты. Было неяк трывожна і неспакойна. А ўжо пасля абеду па вёсцы пранеслася страшная вестка: “Пачалася вайна”. Загаласілі жанчыны, сталі сур’ёзнымі твары мужчын. З кожным днём подыхі вайны адчувалі бліжэй і бліжэй. Нямецкія самалёты ўсё часцей па-лівалі смяротным свінцовым агнём. Праз вёску пачалі праходзіць чырвонаармейцы і бежанцы. Вяскоўцы кармілі іх, давалі прытулак, а тых, хто быў паранены, надзейна хавалі.Першыя дні вайны
Фашысты з першах дзён акупацыі паказалі свой звярыны нораў. У пачатку ліпеня гітлераўцы прыехалі ў вёску на некалькіх машынах. Пачалі з гвалтаў і рабаўніцтва. Забіралі з хат самыя каштоўныя рэчы, выганялі з хлявоў жывёлу. Яшчэ цяжэй стала, калі на службу да акупантаў прыйшлі здраднікі – вяскоўцы, якія добра ведалі кожнага мясцовага жыхара. Пачаліся арышты і расстрэлы. Неўзабаве ў Ліпічанскай пушчы з’явіліся першыя партызанскія групы. Неаднаразова ноччу іх разведчыкі наведваліся ў Залацеева, прасілі аб дапамозе. Партызанам была патрэбна зброя, патроны, прадукты харчавання і медыкаменты. У той час у многіх вясковых хлопцаў быў свой невялікі арсенал. Мае старэйшыя браты таксама збіралі на месцах баёў зброю і боепрыпасы, хавалі ў толькі ім вядомых месцах, а потым праз сувязных перадавалі народным мсціўцам. – Аднойчы нам паведамілі, што нехта данёс дзярэчынскім паліцаям, што наша сям’я пад-трымлівае сувязь з партызанамі, – працягвае Аляксандра Пятроўна. – Бацьку і братам прыйшлося пайсці з хаты. А праз дзень была аблава. Уварваўшыся ў хату, немцы разам з паліцаямі пачалі вобыск. Затым сталі дапытвацца ў маці, дзе муж і старэйшыя сыны. Нічога не даведаўшыся, акупанты забралі ў нас жывёлу і прадукты. Папярэдзілі, што, калі мужчыны не вернуцца, то яны хутка прыйдуць і заб’юць нас. У вёсцы ўжо хадзілі чуткі аб расстрэлах партызанскіх сем’яў. Каб застацца ў жывых, нам таксама прыйшлося падацца ў лес. Дзе была радасная сустрэча з бацькам і братамі. У партызанскім атрадзе Так Аляксандра Гаеўская трапіла ў атрад імя Суворава, які ўваходзіў у склад партызан-скай брыгады “Перамога”. Бацька служыў старшыной роты. Брат Іван быў разведчыкам, пастаянна хадзіў на баявыя заданні, таму бачыліся рэдка. Больш сустракаліся з Рыгорам. Жанчыны і дзяўчаты працавалі на кухні, у лазарэце, мылі бялізну. А бывала і такое, што дзяўчаты хадзілі ў разведку ў навакольныя вёскі. Расказваючы пра жыццё ў атрадзе, наша гераіня з цеплынёй успамінала іх мужнага і адважнага камандзіра Івана Абрамава, яго жонку і сваіх баявых сяброў. На жаль, многія з іх так і не дажылі да светлых дзён Перамогі.Са смяротнай пасткі
Самым жахлівым з перажытага за вайну для многіх партызан стала апошняя фашысцкая блакада ў пачатку лета 1944 года. На знішчэнне народных мсціўцаў, якія знаходзіліся ў Ліпічанскай пушчы, гітлераўцы кінулі вайсковыя злучэнні, знятыя з фронту, а таксама паліцэйскія і жандармскія падраздзяленні, танкі і самалёты. – Пасля цяжкіх баёў з фашыстамі наш атрад атрымаў загад тэрмінова пакінуць партызанскі лагер і разам з брыгадай “Перамога” ісці на прарыў, – успамінае Аляксандра Пятроўна. Абстаноўка склалася вельмі цяжкая – вораг наступаў з усіх бакоў. Узяўшы ўсё неабходнае, мы пакінулі лагер і накіраваліся ў зададзены раён. Наперадзе калоны ішлі разведчыкі, па баках баявыя дазоры, а мы знаходзіліся ў цэнтры. Нямецкія самалёты- разведчыкі неаднаразова праляталі над лесам, таму прыходзілася хавацца. Ноччу падышлі да месца прарыву на Віленскім тракце. Усе затаіліся і чакалі загада. Першымі пачалі атаку партызаны атрада Кірылава. Пачулася каманда нашага камандзіра: “Уперад! За Радзіму! За мной!” Байцы з крыкамі “ўра” пайшлі ў наступленне. Але як толькі выйшлі на дарогу, вораг адкрыў моцны кулямётны і мінамётны абстрэл. Праз некалькі хвілін лес азарыўся святлом ракет і выбухаў. Вакол свісталі кулі, рваліся міны, гінулі нашы людзі. Аляксандра разам з сястрой Маняй кінуліся назад у глыб лесу. Яшчэ доўга чулася стральба. Тры дні асцярожна прабіра-ліся да месца былой партызан-скай базы. Вельмі хацелася есці. Па дарозе сілкаваліся яшчэ не спелымі ягадамі і “зайчынай капустай”. Толькі на чацвёрты дзень дзяўчаты сустрэліся з групай байцоў, сярод якіх былі іх браты Іван і Рыгор. Што з бацькамі і малодшым Пятром, ніхто не ведаў. Адны казалі, што бачылі бацьку параненым. Разам з ім была і маці. Другія гаварылі, што захопленых пасля бою ў палон партызан і мірных жыхароў фашысты завялі ў хлеў і жывых спалілі. Да цяперашняга часу жанчыне не вядома, як было ўсё на самой справе і дзе магіла родных. Пасля злучэння з часцямі Чырвонай Арміі многія партызаны пайшлі на фронт. Сярод іх былі Іван і Рыгор. Сёстры вярнуліся дадому. Родная хата сустрэла голымі сценамі: з усёй маёмасці застаўся толькі стол. Не было чаго есці і адзець. Але неяк перажылі гэты цяжкі перыяд. Дапамаглі аднавяскоўцы. Праз некаторы час вярнуліся з фронту браты. Іван паехаў у Рыгу і забраў да сябе сястру Маню. А Аляксандра засталася жыць у бацькоўскай хаце.Жыццёвыя выпрабаванні
Пасля вайны Аляксандра выйшла замуж за мясцовага хлопца Івана. Нарадзіўся сын, якога таксама назвалі Іванам. Але шчаслівае жыццё працягвалася нядоўга. Муж захварэў і памёр. Пасля гэтага Аляксандра Пятроўна адзінаццаць гадоў жыла з сынам. Потым на жыццёвым шляху сустрэўся Іван Гаеўскі, які працаваў брыгадзірам. У іх нарадзіліся два сыны Аляксандр і Генадзій. Жанчыне здавалася, што пасля ўсіх выпрабаванняў лёс падарыў ёй шчасце. Але выйшла наадварот: лёс паслаў ёй новыя выпрабаванні – памёр муж. І зноў Аляксандра засталася адна з трыма сынамі. З раніцы да позняй ночы не па-кладаючы рук працавала ў калгасе, на ўласнай гаспадарцы і гадавала дзетак. Яна была добрай рукадзельніцай: ткала, вязала і вышывала. Нідзе не вучылася гэтаму рамяству, ад Бога было ёй гэта дадзена. І цяпер у доме шмат прыгожых вышыванак, тканых дываноў. Падраслі дзеці. Старэйшы Іван паехаў у Ваўкавыск і там застаўся. Сыны Генадзій і Аляксандр стварылі сем’і ў родных мясцінах: адзін жыве ў Крывічах, другі – у Дзярэчыне. І сыны, і нявесткі цікавяцца здароўем маці-партызанкі, берагуць і шкадуюць яе. – Нягледзячы на ўсе цяжкасці, – гаворыць Аляксандра Пятроўна, – на жыццё не скар-джуся. Дзеці сталі для мяне на-дзейнай апорай. Вельмі радасна, што наш род працягваюць сем унукаў, два праўнукі і тры пра-ўнучкі. Віктар МАКОЎСКІ.