Захаваць гісторыю
“Добры дзень! Экспазіцыя, з якой я вас пазнаёмлю, прысвечана нашай Зэльве” – з такіх слоў пачынае віртуальную вандроўку па Зэльвеншчыне першай паловы ХХ стагоддзя экскурсавод гісторыка-краязнаўчага музея СШ №3. У пакоі, дзе размясцілася зменная экспазіцыя да юбілейнага дня нараджэння раёна, мы бачым фотаздымкі сённяшняга райцэнтра за мінулы век. Тут вуліцы і будынкі, а таксама фотапартрэты асоб, якія стваралі гісторыю краю. Глядзіш і разумееш – музейны архіў дастаткова багаты на фотадакументы, якія датычацца ўтварэння і станаўлення Зэльвеншчыны. Не кожны музей раёна можа пахваліцца такой разнастайнасцю: на выстаўцы прадстаўлена некалькі дзясяткаў экспанатаў. Створана некалькі тэматычных раздзелаў. У адным з іх расказваецца аб даваенным жыцці Зэльвенскага краю. На фота-здымках можна пабачыць панарамы мястэчка, найбольш вядомых жыхароў Зэльвы таго часу: аптэкара-француза д’Аўстэтэна (які, дарэчы, пахаваны на зэльвенскіх могілках, што таксама ўстанавілі актывісты музея), войта Панасіка, каменданта пажарнай аховы фердынанта Шухарта і інш. Шмат месца адведзена раздзелу, дзе адлюстравана Зэльвеншчына ваеннай пары. Частку гэтага раздзелу займаюць ужо вядомыя зэльвенцам фотаздымкі пераправы нямецкіх войскаў праз Зальвянку. Але ёсць і арыгінальныя, яшчэ не “разрэкламаваныя” ў інтэрнэце фотакартачкі. Напрыклад, аднаўленне млына пасля фашысцкай бамбёжкі. Аказваецца, падчас баявых дзеянняў у яго будынку знаходзіўся склад ваеннай амуніцыі, таму зэльвенскі млын адным з першых прыняў удар варожай артылерыі. І гарэў доўга-доўга… Пасляваенныя падзеі таксама знайшлі сваё месца ў экспазіцыі. Гэта час аднаўлення, час будаўніцтва і росквіту, час веры ў савецкія ідэалы. “Без знаний – нет коммунизма” – сцвярджае лозунг на будынку сярэдняй школы №2, на шляху да якой якісьці рассеяны вучань забыў свой поўны ведаў партфель. Цікава, што атрымаў ён у якасці пакарання за такі ўчынак?.. Напэўна, процьму сораму. У гэтым жа раздзеле экспазіцыі артэфакты са святочных дэманстрацый: з нагоды 40-й і 50-й гадавін Кастрычніцкай рэвалюцыі, святкавання 3 Мая. Цікава, што адну з Кастрычніцкіх матацыклетных дэманстрацый узначальваў першы сакратар райкама партыі Арцыменя (у далейшым – другі сакратар абкама партыі), а на месцы “бытоўкі” былі трыбуны, з якіх за шэсцем назіралі найбольш паважаныя асобы. На другім фотаздымку ізноў дэманстрацыя. Школьнікі паказваюць сваё спартыўнае майстэрства. На заднім плане ідзе будаўніцтва Дома Саветаў, бачны драўляны дом – гэта будынак тыпаграфіі. Увогуле, Зэльва мінулага стагоддзя была яшчэ якой прамысловай. У 1948 годзе, напрыклад, тут працавала электрастанцыя, лесазавод, маслабойня, хлебапякарня, каўбасны цэх і г.д. Наступны раздзел прысвечаны асобам, якія стваралі Зэльвеншчыне годнае імя. Партрэты паэтаў і літаратараў, навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў дапоўнены не проста біяграфічнымі звесткамі – расказамі экскурсаводаў, поўнымі гонару і ўдзячнасці. Увогуле да 75-годдзя ўтварэння Зэльвеншчыны члены савета музея правялі вялікую работу па зборы прадметаў мінулага веку, дакументальных сведчанняў аб удзельніках значных у жыцці нашага раёна падзей. Імі знойдзена і шмат іншых унікальных экспанатаў. Так што на экскурсіях, якія пачынаючы з мінулага тыдня праходзяць тут ледзь не кожны дзень, экскурсаводам ёсць што паказаць, ёсць аб чым паведаміць. У тым ліку з жыцця сучаснай Зэльвы. Што важна – музей і цяпер папаўняецца новымі экспанатамі. А гэта значыць быць музейнай справе. Бо ў свеце ёсць два прызначэнні – ствараць гісторыю і захоўваць яе. P.S.: Выказваем удзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Ліліі Сідорка. Алеся ШУМОВІЧ.