У раёне па ініцыятыве аддзела адукацыі, спорту і турызму прайлі дні прафінфармавання
Выпускнікі школ і гімназій ужо зараз стаяць перад выбарам навучальнай установы. Зарыентавацца ў вялікай колькасці прафесій будучым абітурыентам дапамагаюць дні прафінфармавання, якія штогод праходзяць у раёне па ініцыятыве аддзела адукацыі, спорту і турызму.
У сярэдняй школе №3 г.п. Зэльва былі арганізаваны сустрэчы вучняў 9–11 класаў школ і гімназій раёна, іх бацькоў з выкладчыкамі, майстрамі вытворчага навучання і студэнтамі 25 навучальных устаноў нашай краіны.
Старшакласнікі пазнаёміліся з парадкам і ўмовамі прыёму ў каледжы, ліцэі і вну. Ім расказалі аб спецыяльнасцях, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў тых ці іншых установах, тэрмінах навучання, магчымасцях далейшага працаўладкавання. Школьнікі мелі магчымасць задаць любыя пытанні, звязаныя з умовамі пражывання і навучання, непасрэдна прадстаўнікам навучальных устаноў.
Ва ўсіх установах вялікая ўвага ўдзяляецца не толькі навучальнаму працэсу, але і арганізацыі вольнага часу студэнтаў. Да іх паслуг – бібліятэкі і спартыўныя залы. Зэльвенскія школьнікі даведаліся аб тым, што ў навучэнцаў каледжаў і ліцэяў ёсць магчымасць развіваць свой творчы патэнцыял: займацца ў гуртках мастацкай самадзейнасці, наведваць аб’яднанні па інтарэсах, прымаць удзел у конкурсах, якія праводзяцца паміж установамі.
Больш падрабязна аб кожнай навучальнай установе юнакі і дзяўчаты даведаліся з прадстаўленых слайд-прэзентацый і відэаролікаў. А таксама мелі магчымасць наведаць выставу Слонімскага палітэхнічнага ліцэя.
Многія дэлегацыі прадэманстравалі майстар-класы. Перад прысутнымі выступілі агітбрыгады.
Сустрэчы прайшлі цікава, з карысцю для сёлетніх выпускнікоў. Будучыя абітурыенты атрымалі рэкламныя пра-спекты і буклеты. Такія мерапрыемствы будуць арганізоўвацца рэгулярна. Гэта добрая магчымасць дапамагчы старшакласнікам вызначыцца з выбарам прафесіі.
Дарэчы, у нашым раёне запатрабаваны механізатары, электраманцёры, токары, прадаўцы, швачкі, урачы, псіхолагі, а таксама высокакваліфікаваныя спецыялісты для сельскай гаспадаркі: аграномы, заатэхнікі, інжынеры.
Прапануем юнакам і дзяўчатам атрымаць гэтыя спецыяльнасці і вяртацца на працу на Зэльвеншчыну.
Жанна КЕДАЛА, метадыст раённага вучэбна- метадычнага кабінета.