Першыя дні ранняй сяўбы ў СВК “Сынкавічы”
Размовы на тэму, калі і што трэба сеяць, практычна адышлі ў мінулае. Кіраўнік кожнай гаспадаркі сёння сам вызначае тэрміны і спосабы. Што паказалі першыя дні ранняй сяўбы ў СВК “Сынкавічы”?
Да гэтай важнай сельскагаспадарчай кампаніі тут падрыхтаваліся ўсебакова: у тэрмін адрамантавалі тэхніку, назапасілі дастатковую колькасць арганічных угнаенняў, кандыцыйнага насення…
Галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Парфенчык гэтыя веснавыя дні праводзіць на палях вытворчых участкаў.
– Цёплае веснавое надвор’е дыктуе паскораныя тэмпы ўсіх палявых работ, – гаворыць Аляксандр Валянцінавіч. – Пасля амаль бясснежнай зімы вільгаці ў глебе, асабліва на лёгкай, зусім мала. Таму трэба спяшацца, каб пасеяць яравыя ў аптымальны тэрмін. Працуем комплексна, манеўруючы тэхнікай у залежнасці ад гатоўнасці палёў і надвор’я. Нягледзячы на некаторыя праблемы з мінеральнымі ўгнаеннямі, пад яравыя культуры ўнеслі неабходную колькасць азоту, калію і фосфару.
Паралельна з пасяўной у СВК вядзецца падкормка шматгадовых траў.
– Кожны дзень да нас даво-дзяць канкрэтнае заданне, – гаворыць механізатар Пётр Смаглей. – Сёння я заняты падкормкай, а заўтра буду ўносіць мінеральныя ўгнаенні пад яравыя. Працаваць стараемся без прастояў.
Такія ж работы выконваюць Валерый Семянюк і Генадзій Камужыцкі.
Каб усходы шматгадовых траў былі дружнымі, на палеткі выхо-дзяць спецыяльныя воданаліўныя каткі. Гэта справа даручана Юрыю Рагозіку, Аляксандру Патапу і Яўгенію Быстранскаму. Падсевам шматгадовых траў займаецца механізатар Максім Барышнікаў. У дзень ён засявае каля 40 гектараў.
На ўнясенні арганічных угнаенняў працуе два звяны. У іх склад уваходзяць машыністы пагрузчыкаў Віктар Каўчун і Сяргей Верабей, а таксама механізатары Аляксандр Баравік, Мікалай Каўчун, Сяргей Скіруха, Міхаіл Жак, Анатолій Эльяшэвіч і Юрый Іскра. На заладцы кампостаў у глебу на трактары “МТЗ-3022” з дыскатарамі працуе Алег Ягораў.
На самаходным апырсквальніку “Раса” Валерый Гаштольд уносіць вадкія ўгнаенні, ядахімікаты і гліфасаты нават на тых палях, дзе не пройдзе трактар. КАС падвозяць трактарысты Мікалай Савошчык і Мікалай Лях.
– За адзін праход уношу вадкія ўгнаенні на плошчы шырынёй 20 метраў, – гаворыць Валерый Гаштольд. – Па любым полі “Раса” ідзе роўна і плаўна. Яе маршрут кантралюецца з дапамогай апаратуры спадарожнікавай навігацыі GPS.
Рыхтуе глебу пад сяўбу механізатар Генадзій Мамуль.
Першым вывеў у поле свой “Джон-Дзір” з пасяўным агрэгатам Аляксандр Смаглей – адзін з лепшых працаўнікоў гаспадаркі.
Як усім вядома, высокі ўра-джай у многім залежыць ад належнага выканання ўсіх тэхнала-гічных патрабаванняў сяўбы і высокай культуры земляробства. Таму якасць выканання сельгасработ – галоўны крытэрый ацэнкі дзейнасці работнікаў сельгаскааператыва. Штодзённы заробак механізатараў залежыць не толькі ад выканання норм выпрацоўкі, але і ад гэтага важнага паказчыка. У канцы кожнага рабочага дня загадчыкі ўчасткаў у пуцявых лістах механізатараў адзначаюць якасць работ.
Усе ўдзельнікі веснавых палявых забяспечаны гарачым харчаваннем, якое дастаўляецца да месца работы.
Віктар МАКОЎСКІ.