Працуе на зямлі па-гаспадарску
З маладым механізатарам СВК “Бародзічы” Максімам Аляхновічам неаднаразова даводзілася сустракацца ў час палявых работ. На трактары “Беларус 3022” займаецца ворывам глебы, сяўбой азімых і яравых культур. Яго называюць у ліку лепшых працаўнікоў гаспадаркі.
Амаль чатыры гады таму Максіму даручылі трактар “Беларус 3022” і камбінаваны пасяўны агрэгат АПП-6.
У плане адносін да тэхнікі Максім Аляхновіч – чалавек прынцыповы. Так характарызуюць механізатара спецыялісты інжынернай службы гаспадаркі. Да-гледзіць кожны вузел і агрэгат. У іншага ў легкавым аўтамабілі не так акуратна і чыста, як у кабіне яго трактара. І гэта не знешняя беражлівасць, за якой нічога не стаіць.
У гэтыя дні веснавых палявых работ хлопец з раніцы да вечара заняты на сяўбе яравых. Як заўсёды, працуе старанна. Перад кожным выхадам у поле абавязкова правярае трактар і пасяўны агрэгат, пры неабходнасці праводзіць рэгуліроўкі. Таму і працуе “Беларус” надзейна.
– Люблю тэхніку і сваю работу, – гаворыць Максім. – Трактар у мяне сучасны – адно задавальненне працаваць на такім. Ды і прадукцыйнасць у яго значна вышэйшая, чым у майго ранейшага.
За час работы хлопец прыйшоў да высновы: каб праца на зямлі прыносіла аддачу, мала быць тэхнічна падкаваным. Трэба яшчэ і ведаць асновы агранаміі.
Віктар МАКОЎСКІ.