Усё ідзе па плане
У СВК “Бародзічы” пасяўныя плошчы сёлета складаюць 2912 гектараў, з іх 200 – адведзены пад цукровыя буракі. Сяўба гэтай культуры – справа тонкая. Пагэтаму даручаюць яе толькі вопытным і адказным механізатарам. Каб роўна клаліся радкі ў сейбіта Аляксандра Талецкага, старанна перад гэтым апрацоўвае глебу Андрэй Рысюк. У такім дружным тандэме справа спорыцца.
– Пры спрыяльным надвор’і завяршым сяўбу праз дзень-другі, – упэўнены ў сваіх сілах і сілах сябра па працы Аляксандр Зыгмундавіч.
Прыступілі ў гаспадарцы і да сяўбы кукурузы, якая зойме плошчу ў 1300 гектараў, 300 з іх запланавана пасеяць на зерне. Уладзімір Архіп за першы дзень засеяў больш чым 15 гектараў.
– Пачынаць заўсёды складана, – гаворыць механізатар. – У нашай справе важна правільна правесці рэгуліроўку сеялкі, так як тэхналогіі высеву кукурузы на зерне і корм розныя.
На чарзе ў бародзіцкіх земляробаў – пасадка бульбы, пад якую ўжо рыхтуецца глеба і насенне. У гаспадарцы таксама вядзецца падкормка азімых культур, падсеў мнагалетніх траў, уносяцца арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. На ўсіх палявых работах людзі працуюць з поў-най аддачай. Разумеюць, што веснавы дзень год корміць.
Віктар МАКОЎСКІ.