На тканіне нараджаюцца карціны

2101 Заўсёды захаплялася людзьмі, якія не толькі бачаць прыгожае вакол сябе, але і ўмеюць ствараць яго ўласнымі рукамі. Адна з такіх умеліц – жыхарка вёскі Пічукі Лідзія Кіслая. Назіраю, як Лідзія Аляксееўна выводзіць узоры на тканіне. Нітачка да нітачкі. Крыжык да крыжыка. Спалучаючыся разам, яны ствараюць цудоўную карціну, якая нібы толькі што выйшла з-пад пэндзля мастака. – Колькі жыву, столькі і вышываю, – расказвае мая суразмоўца. – З дзяцінства хацела знайсці сабе хобі, да якога б ляжала сэрца. Зрабіўшы першыя сцяжкі, адчула, што гэта тое, чым даўно марыла займацца. Паступова гэты занятак стаў для мяне сапраўднай аддушынай. Калі з’явілася свая сям’я, жанчына не магла прысвячаць любімай справе шмат часу: трэба было і мужу дапамагчы па гаспадарцы, і дзетак дагледзець. Зразумела, з малечай не вельмі павышываеш. Але маладая мама абавязкова знаходзіла хоць некалькі хвілін у дзень, каб выкраіць іх для свайго занятку. – Бывала, – успамінае майстрыха, – пакладу дзетвару спаць, а сама саджуся за пяльцы хоць пару сцяжкоў зрабіць. Толькі так магла адпачыць, пабыць сам-насам са сваімі думкамі. Ды і прыемна было бачыць вынік сваёй работы, якая радавала вока акружаючых. Не злічыць, колькі ў Лідзіі Аляксееўны карцін. Кожная з іх дарагая яе сэрцу, з кожнай звязаны самыя светлыя ўспаміны. Глянеш на адну – снег на сонцы зіхаціць. На другой кветкі пераліваюцца колерамі вясёлкі. А вось узвышаецца велічны палац… – Некаторыя вышыванкі ствараюцца на адным дыханні, над іншымі трэба доўга папрацаваць. Калі ж узяўся авалодваць іголкай з мулінэ, перш за ўсё неабходна запасціся цярпеннем, – раіць майстрыха пачынаючым рукадзельніцам. Асобнага артыкулу заслугоўваюць ручнікі Лідзіі Аляксееўны. Колькім парам яна падарыла шчасце, укладваючы любоў у гэты важны вясельны атрыбут. Паважаюць Лідзію Кіслую і аднавяскоўцы, і мясцовае кіраўніцтва. Старшыня Славаціцкага сельсавета Людміла Шастак заўсёды цікавіцца здароўем і справамі жанчыны, якая столькі гадоў прысвяціла працы ў калгасе, узнагароджана ордэнам Працоўнай Славы. Ведаючы пра залатыя рукі ўмеліцы, старшыня заахвочвае яе да ўдзелу ў выставах, святах вёскі. Ацаніць творчасць майстрыхі маглі жыхары і госці пасёлка падчас Ганненскага кірмашу, завітаўшы на пляцоўку Горада майстроў. Спадзяецца Лідзія Аляксееўна, што перадасць сваё хобі ўнукам (а іх у жанчыны шасцёра). Для яе сям’я – святое. Гэта пацвярджаюць і сюжэты работ рукадзельніцы. Наталля Мацюк.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.