Каб клубень быў важкім…

2114 Вытворчасцю бульбы ў раёне ў апошнія гады займаюцца два сельгаскааператывы – “Бародзічы” і “Галынка”. У кожным ёсць бульба- сховішчы, неабходная тэхніка і вопыт вырошчвання гэтай культуры. Доўгі час бародзіцкія земляробы з’яўляліся адзінымі ў раёне вытворцамі элітнага насення бульбы. На жаль, з-за нерэнтабельнасці такая важная справа была спынена. У гаспадарцы апрабавалі сучасную галандскую тэхналогію вырошчвання “другога хлеба”. Праўда, набытая спецыяльная тэхніка нямецкай фірмы “GRIMME” не была разлічана на вялікія плошчы. Па гэтай прычыне не ўкладваліся ў вызначаны тэрмін пасадкі, не забяспечваліся поўнасцю асноўныя тэхналагічныя аперацыі. З мінулага года некаторыя з названых праблем былі вырашаны. Сёлета бульбяныя плантацыі ў СВК “Бародзічы” размясціліся ў першым і другім участках і займаюць 120 гектараў (як, дарэчы, і ў СВК “Галынка”). На полі, якое знахо-дзіцца ў пойме ракі Зальвянкі, пасадка бульбы ажыццяўлялася пасадачнай машынай “GL32B”. Акрамя асноўнай функцыі яна яшчэ і пратручвала клубні спецыяльным растворам супраць хвароб і шкоднікаў. Перад пасадкай тут зрабілі грэбні, якія затым апрацавалі сепаратарам. – Каб атрымаць добры ўраджай бульбы, неабходна строга прытрымлівацца тэхналогіі вырошчвання, – адзначае намеснік старшыні па раслінаводстве Аляксандр Русак. – Калі хоць адну аперацыю прапусціш або правядзеш несвоечасова, на якасны ўраджай разлічваць не даводзіцца. Каб па-збегнуць мінулагодніх памылак, сёлета да пасадкі рыхтаваліся загадзя і грунтоўна. Перш чым прыступіць да работ, адабралі неабходны насенны матэрыял. Гэтай справай у нас займаюцца рабочыя бульбасартавальнай машыны Генадзій Скрабутан і Дзмітрый Лукашэвіч пад кіраўніцтвам кладаўшчыка бульбасховішча Віктара Ленца. Для пасадкі выкарыстоўваем сарты айчыннай селекцыі і розных тэрмінаў спеласці: “брыз”, “скарб”, “рагнеда”, “лілея”, “жывіца”, “янка”. Большасць з іх прайшло выпрабаванні на нашых палях. Для далейшага сортаабнаўлення закупілі элітнае насенне. На загрузку пасадачнай машыны клубнямі, якая ажыццяўляецца пагрузчыкам “Амкадор”, патрабуецца ўсяго некалькі хвілін. Аператыўнасць работы ў многім залежыць і ад машыніста Мікалая Жука. Няма затрымак і з дастаўкай насення: у гэтым за-слуга вадзіцеля Генадзія Сыраваткі. Вопытны механізатар Анатолій Вікторка на трактары са спецыяльным абсталяваннем праводзіць неабходныя агратэхналагічныя аперацыі, якія садзейнічаюць лепшаму прарастанню клубняў. На пасадачнай машыне працуе Уладзімір Малчун. За дзень ён засаджвае каля пяці гектараў. Пабывалі мы і на полі другога вытворчага ўчастка, што непадалёку ад вёскі Вішнеўка. Тут на бульбасаджалках працавалі механізатары Аляксандр Сідар і Ігар Абрамчук. Аляксандр Сакач на трактары з акучнікамі нарэзваў барозны, вадзіцелі Анатолій Нядзвецкі, Іван Мінец і Валерый Шастак на аўтамабілях дастаўлялі насенны матэрыял. Кантраляваў ход работ загадчык участка Міхаіл Сідар. – Які сорт садзіце? – цікавімся. – Элітны “скарб”, – тлумачыць загадчык участка. – Увогуле, сартоў у нас хапае на любы густ. Яшчэ з восені падабралі ўчасткі з добрымі папярэднікамі, апрацавалі гліфасатамі. Цяпер галоўная задача – пасадзіць у тэрмін і своечасова дагледзець.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.