Мерапрыемствы, прымеркаваныя да чарговай гадавіны чарнобыльскай трагедыі, прайшлі ва ўстановах адукацыі і культуры.
Літаратурна-музычная кампазіцыя “Чорны бусел над Беларуссю” з удзелам старшакласнікаў сярэдняй школы №2 г.п.Зэльва была арганізавана ў форме завочнай экскурсіі па тэрыторыі Беларусі, якая прыняла на сябе асноўны ўдар атамнай стыхіі. Дзеці з цікавасцю слухалі аповед аб жахлівых падзеях красавіцкіх дзён 1986 года, які суправаджаўся тэатралізаванымі пастаноўкамі.
Работнікі раённай бібліятэкі зрабілі агляд літаратуры пра чарнобыльскую трагедыю. Сярод уключаных твораў – аповесць В.Казько “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел”, драма А.Дударава “Адцуранне”, паэма Я.Сіпакова “Одзіум”, раман Л.Левановіча “Палыновы вецер”. Школьнікам парэкамендавалі пазнаёміцца з кнігай “Прайсці праз зону”, якая выйшла пасля наведвання беларускімі пісьменнікамі чарнобыльскіх мясцін. Вершы адпаведнай тэматыкі ўключаны ў зборнік “Зорка Палын».
Напрыканцы мерапрыемства школьнай аўдыторыі для прагляду быў прапанаваны дакументальны фільм аб аварыі на ЧАЭС: “Хро-ніка падзеі. 10 дзён пажару на атамнай электрастанцыі”.
Лейтматывам мерапрыемстваў сталі словы: Чарнобыль – гэта тая бяда, якую нельга забываць, падобныя трагедыі не павінны паўтарыцца ў гісторыі Беларусі.
Людміла ПОПКА.