Падарожжа ў ШЧУЧЫН
Імёны асветнікаў – гонар беларускага кнігадрукавання
У першую нядзелю верасня ў нашай рэспубліцы, пачынаючы з 1994 года, адзначаецца свята беларускага пісьменства, якое ўвасабляе адзінства друкаванага слова і гісторыі народа, яго цесную сувязь са славянскімі вытокамі, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху пісьменства, далучэнне да духоўных святыняў. А імі, як правіла, былі калісьці рэлігійныя цэнтры, якія з’яўляліся сапраўднымі асяродкамі культуры, ведаў, духоўнасці.
Першай сталіцай свята пісьменства стаў Полацк (1994, 2003) – калыска беларускай дзяржаўнасці і культуры, горад, звязаны з імёнамі першай асветніцы Еўфрасінні Полацкай і першадрукара Францыска Скарыны. Паспеўшы стаць традыцыйным, свята прайшло па знакамітых цэнтрах беларускай асветы, сярод якіх Тураў (1995, 2004), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997), Орша (1998), Пінск (1999), Заслаўе (2000, 2014), Мсціслаў (2001), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Шклоў (2007), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010), Глыбокае (2012), Быхаў (2013).
Як правіла, кожнае свята пакідае знакі павагі да людзей, якія сваім служэннем Айчыне засталіся ў гістарычнай памяці народа. Так, у г.Мсціславе ўстаноўлены помнік Пятру Мсціслаўцу, у Полацку – Еўфрасінні Полацкай і Сімяону Полацкаму, і нават літары “Ў”, у Гомелі – Кірылу Тураўскаму, каля Навагрудка – святому Елісею Лаўрышаўскаму, у Мінску – Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму.
Гісторыя Шчучына пачалася ў 1436 г., калі быў заснаваны касцёл святога Якуба Апостала. Адным з яго фундатараў з’яўляўся трокскі ваявода Пётр Лелюш. Уласнікамі Шчучына былі Кучукі, Кішкі, на працягу 40 гадоў Радзівілы, а фарміраванне мястэчка пачалося ў 1540 гады пры Сіруцях, Юндзілах, Давойнах. З пачатку ўладарылі Лімонты – род з Фларэнцыі, які з’явіўся на тэрыторыі ВКЛ разам з Бонай Сфорцай – жонкай польскага караля Жыгімонта Старога. З 1680 г. па 1750 г. улас-нікамі Шчучына былі Юзафовічы-Глябіцкія. Яны заснавалі кляштар піяраў і “Абшчыну сясцёр міласэрнасці”. Мястэчка пера-тварылася ў рэлігійны і культурна-асветніцкі цэнтр Панямоння: тут дзейнічалі піярская семінарыя і вышэйшая школа, багатая бібліятэка, шпіталь і школа сясцёр міласэрнасці.
Да 1802 г. Шчучын належаў шляхецкаму роду Сцыпіёнам, якія пад-трымлівалі піяраў. Піярскую школу закончылі паэт-філамат А.Петрашкевіч, аўтар першага ў Вялікім княстве Літоўскім падручніка “Логіка”, заснавальнік фармакалогіі на землях Літвы Я.Вольфганг, вучоны І.Дамейка, мастак В.Дмахоўскі, гісторык- археограф М.Догель. Сярод выкладчыкаў – вучоны-натураліст С.Юн-дзіл, які заснаваў батанічны сад (рэшткі якога захаваліся ў в.Руткевічы) і заклаў парк вакол палаца Сцыпіёнаў, філосаф і псіхолаг А. Доўгірд, які выдаў “Кодэкс дыпламатычны”. Сцыпіёны пабудавалі касцёл святога Ежы са званіцай, канвікт для вучняў піярскай школы, капліцу, кляштар сясцёр міласэрнасці. Яны дабі-ліся прывілею вялікага князя літоў-скага і караля польскага Аўгуста III на магдэбургскае права (1761 г.), якое дзейнічала, праўда, толькі 15 гадоў. Гаспадарчае жыццё Шчучына наладжвалі Друцкія-Любецкія, якія валодалі мястэчкам у 1807–1939 гг. Яны заняліся лесаводствам (будынак лясніцтва захаваўся), пабудавалі млын, бровар. У сярэдзіне ХІХ ст. сфарміравалася гандлёвая плошча (зараз пл.Свабоды), на якой адкрыліся флігелі (сёння кнігарня), крамы, гасцінны (цяпер будынак гандлёвага комплексу “Паўлінка”), паштовы дамы. Усё гэта змяніла аблічча Шчучына – ён стаў культурным і гаспадарчым цэнтрам. Не забывалі Друцкія-Любецкія і пра духоўнае жыццё – узвялі мураваныя касцёл святой Тэрэзы і кляштар піяраў (1829 г.), Свята-Міхайлаўскую царкву (канец ХIХ ст.), княжацкі палац, за-клалі парк.
На Шчучыншчыне захаваліся рэшткі былых шляхецкіх сядзібаў. У Жалудку – сядзіба князёў Чацвярцінскіх (1907–1908 гг.), радавы склеп Тызенгаўзаў. У в.Андрушоўцы – уладанні Нарбутаў і Марачэўскіх – зберагліся сядзібны дом, флігелі, гаспадарчыя пабудовы, фрагменты парку і саду. У радавым гняздзе Іваноўскіх – Лябёдцы – захаваліся сядзі-ба і пахавальня. У в. Касцянёва – дом, рэшткі парку і саду роду Кастравіцкіх (к. ХIХ – пач.ХХ ст.). Аб сядзібе Хадкевічаў (к.ХVІІІ – пач. ХIХ ст.) у в.Мажэйкава нагадвае cад, флігель і лямус, аб комплексе Сапегаў у Старой Спушы – драўляны будынак. Даўнюю гісторыю маюць населеныя пункты Астрына (1451 г.), Васілішкі і Жалудок (1486 г.), Каменка (1516 г.), Ражанка (1599 г.).
“Стану песняй у народзе…”
Калі ўспамінаеш пра Шчучынскі раён, першае імя, якое прыходзіць на памяць, – Цётка. Паэтэса-рэвалюцыянерка, асветніца, настаўніца, публіцыст, вучоны, медыцынскі работнік – такую жанчыну падарыла беларускаму народу эпоха рэвалюцыйных бітваў. Паэтэса адкрыла новую старонку ў беларускай літаратуры – старонку мужнасці і барацьбы. Бурлівыя, кіпучыя 1905–1907 гады цалкам захапілі Цётку. А яе кароткае жыццё паслужыла прыкладам адданага служэння народу. Атрымаўшы выдатную адукацыю, яна ўдала спалучала дар палітыка-рэвалюцыянера (была адным з заснавальнікаў партыі Беларускай сацыялістычнай грамады) з дарам рэдактара першага беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка». Аўтар зборнікаў вершаў «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская» заснавала першыя беларускія школы. Нелегальна прыязджала ў Вільню, удзельнічала ў выданні газеты «Наша доля», у якой было надрукавана апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі». 3 тэатрам I. Буйніцкага выступала ў розных кутках Беларусі.
Талент Цёткі-празаіка, на жаль, да канца не рэалізаваўся з-за яе ранняй смерці. Але і тое, што яна паспела напісаць, уражвае сваёй мастацкасцю, вобразнасцю, гарманічным спалучэннем умоўнага і рэальнага, глыбінёй падтэксту, выяўленай праз дэталь. Асаблівага ўздзеяння на душы чытачоў аўтар дасягае сваімі апавяданнямі пра дзяцей, шматлікімі публіцыстычнымі артыкуламі, якія нават сёння ўспрымаюцца як духоўны запавет пісьменніцы беларусам. Значнасць зробленага ёю для свайго народа Цётка вызначыла афарыстычна: «Стану песняй у народзе!». А песня аказалася аптымістычнай, пранізлівай і светлай…
Пра творчасць сучасных шчучынскіх паэтаў і празаікаў мы раскажам у наступны раз на старонцы “Літаратурная Шчучыншчына”.