Дайшоў да Эльбы

2181 Шмат давялося перажыць падчас вайны Івану Аляксандравічу Жуку. Успаміны аб тых далёкіх днях дагэтуль непакояць душу. А на грудзях звіняць медалі, нагадваючы, якім цяжкім быў шлях да пераможнага мая. – Калі пачалася вайна, – успамінае Іван Аляксандравіч, – мне пайшоў 21 год. Як сёння памятаю: пасля першых бамбёжак нямецкай авіяцыі да нас прыйшлі захопнікі і ўстанавілі акупацыйны парадак. Любыя парушэнні караліся вельмі жорстка. Мужчын і юнакоў адпраўлялі ў Германію. Забралі і майго старэйшага брата Міхаіла. З перавалачнага пункта ў Ваўкавыску яму ўдалося ўцячы. Дамоў не вярнуўся, а накіраваўся ў лес да партызан. Да нас што-дня прыходзілі паліцаі, рабілі вобыскі, шукалі брата. Ішоў месяц за месяцам, і мы ўжо думалі, што бяда абміне нас. Але аднойчы ў хату ўварваліся немцы і загадалі ўсім збірацца. Так пачаўся наш шлях ва Усходнюю Прусію, куды сям’ю вывезлі на прымусовыя работы. Доўгія тры гады нам давялося быць сапраўднымі рабамі на чужыне. 1944 год прынёс Жукам вызваленне. Бацькоў адправілі дадому, а братоў Івана і Аляксея як мужчын прызыўнога ўзросту забралі ў армію. Тут іх шляхі разышліся. Іван Жук трапіў у 556-ы стралковы полк 169-й Рагачоўскай дывізіі. – Ваенную навуку спасцігаў у баях, – расказвае ветэран. – Вораг аказваў жорсткае супраціўленне, але мы ўпэўнена, крок за крокам, адваёўвалі населеныя пункты спачатку Польшчы, а затым і Германіі. Чым бліжэй былі да Берліна, тым больш цяжкімі станавіліся баі. Кожны горад, кожную вуліцу немцы ператваралі ў моцныя лініі абароны. Выбіць агрэсараў з такіх умацаваных пазіцый было даволі складана. Баі працягваліся днём і ноччу. Аднойчы мне прыйшлося амаль суткі прастаяць у халоднай вадзе. Радаваўся, калі ўрэшце паступіў загад ісці ў атаку. З крыкамі “ўра!” мы сталі наступаць і хутка занялі варожыя пазіцыі. Сваім “максімам” знішчыў не адзін дзясятак немцаў. Да Берліна заставаліся два кіламетры, калі полк, у якім служыў Іван Жук, накіравалі на разгром ворага каля ракі Эльбы. Савецкае камандаванне хацела прарваць абарону праціўніка па Одэры і Нейсе, раздзяліць асноўную групоўку нямецкіх войск на некалькі частак і знішчыць. Зноў былі начныя маршы і кровапраліт-ныя баі, пасля якіх у некаторых батальёнах заставалася менш за палавіну асабовага саставу. – Хутка прыйшла радасная вест-ка аб капітуляцыі фашысцкай Германіі, – працягвае Іван Аляксандравіч.– Наш полк накіравалі ў Беларусь. Дабіраліся дзе на машынах, дзе пешшу. Праходзілі і праз Зэльвеншчыну. У вёсцы Калінаўка сталі на прывал. Дадому заставалася некалькі кіламетраў: як не зайсці?! Атрымаўшы ў камандзіра дазвол, пуляю паляцеў у родную вёску. Але там чакалі сумныя навіны: адзін брат загінуў пад Берлінам, другі, партызан, прапаў без вестак. Іван Жук праслужыў у арміі, пакуль не пачалася дэмабілізацыя франтавікоў. Вярнуўся ў родны дом. На танцах у клубе пазнаёміў-ся з прыгожай дзяўчынай Валянцінай, з якой ужо больш за 60 гадоў крочыць па жыцці ў згодзе і каханні. Віктар МАКОЎСКІ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.