“Мы перамаглі ў той вайне не толькі зброяй, але і небывалым патрыятызмам”
Былой партызанцы Яўгеніі Федасевіч сёлета спаўняецца 88 гадоў. Трымаецца жанчына бадзёра, праўда, прызнаецца, што ўспамінаць пра цяжкасці тых вогненных гадоў ёй вельмі няпроста. Але лічыць, што гэта неабходна рабіць, каб больш ніхто не асмеліўся зноў навязаць нам вайну.
– У верасні 1939 года мы радасна сустрэлі ўстанаўленне савецкай улады, – успамінае Яўгенія Іванаўна. – Пачалося новае жыццё. Майго бацьку – актыўнага камуніста – выбралі старшынёй толькі што створанага калгаса. Сястра Ніна ўзначаліла камсамольскую арганізацыю. У ліку маладзёжных актывістаў быў і брат Мікалай. Другі брат Іван у той час жыў у Баранавічах і працаваў на чыгунцы. Але наша мірнае жыццё закончылася 22 чэрвеня 1941 года.
Раніцай мужчыны пайшлі на сенажаць, жанчыны займаліся хатнімі справамі. Ужо пад абед бацьку тэрмінова вы-клікалі ў сельсавет. А праз некаторы час па вёсцы разнеслася страшэнная вестка, што пачалася вайна. Вяскоўцы з заміраннем сэрца слухалі радыёпрыёмнікі, па якіх гучала заява ўрада аб нападзе фашысцкай Германіі на СССР.
Неўзабаве прыйшоў загад эвакуіраваць на ўсход партыйных і камсамольскіх работнікаў. Сястра Ніна першай пакінула бацькоўскую хату. Хутка ўслед за ёй адправіліся і бацька з братам Мікалаем.
У першыя дні вайны праз вёску Нізы, у якой жыла сям’я Яўгеніі Федасевіч (Антановіч), праходзілі вялікія калоны адступаючых часцей Чырвонай Арміі і бежанцаў. Яны імкнуліся пераправіцца праз Шчару. Варожая авіяцыя пастаянна бамбіла пераправу, гінула шмат вайскоўцаў і мірных людзей.
Не прайшло і тыдня, як у вёску ўварваліся немцы. Яны адразу пачалі выяўляць актывістаў савецкай улады і камуністаў.
– Мы даведаліся, – расказвае Яўгенія Іванаўна, – што бацьку і брату не ўдалося эвакуіравацца. Яны вярнуліся назад і хаваюцца ў лесе. Праз некаторы час у хаце з’явіліся немцы з паліцаямі і пачалі дапытвацца ў маці, дзе муж і старэйшыя дзеці. Нічога не даведаўшыся, акупанты забралі карову, прадукты харчавання і іншыя рэчы.
Да вяскоўцаў дайшла чутка, што ў навакольных лясах Ліпічанскай пушчы дзейнічаюць партызанскія групы. У адной з іх былі бацька і сын Антановічы. Насельніцтва збірала зброю, прадукты харчавання і перапраўляла партызанам. Яўгенія ж дастаўляла са слонімскай бальніцы медыкаменты і перадавала сувязным.
Аднойчы ў вёску зноў прыехалі немцы і прывезлі моцна пабітага Антановіча- старэйшага. Як стала вядома пазней, ён з партызанамі трапіў у засаду і застаўся прыкрываць адыход групы. Яго і ўзялі ў палон. На вачах у родных фашысты здзекваліся над ім, а калі нічога не даведаліся, загадалі расстраляць.
– Пачуўся стрэл, больш я нічога не памятаю, – гэты эпізод Яўгеніі Іванаўне асабліва цяжка ўспамінаць. – Калі прыйшла ў сябе, побач убачыла забітую маці. Доўга плакала, пакуль не прыйшлі суседзі і не адвезлі мяне ў вёску, дзе жылі нашы сваякі.
Праз некаторы час аб’явіўся і Мікалай. Брат папрасіў сястрычку папярэдзіць партызанскіх разведчыкаў, якія знаходзіліся непадалёку ад хутара, аб тым, што немцы пачалі карную аперацыю. Усе дарогі былі перакрыты варожымі салдатамі. Крадучыся ад хаты да хаты, Яўгеніі ўсё ж удалося пакінуць вёску і дабрацца да патрэбнага месца. Заданне было выканана.
Камандзір партызанскага атрада загадаў адправіць дзяўчыну ў шпіталь ці на кухню. Але Яўгенія адказала, што хоча помсціць фашыстам за забітых бацькоў. Ёй выдалі карабін і адправілі ў роту, якой камандаваў Мікалай Панін. Разам з іншымі партызанамі Яўгенія Іванаўна хадзіла ў разведку. Не раз прыходзілася ёй глядзець смерці ў вочы. Самае цяжкае выпрабаванне выпала ў час адной з фашысцкіх блакад. Нават вопытныя разведчыкі не маглі прабрацца праз варожае кальцо, а тут Яўгенія сама згадзілася схадзіць у родную вёску і высветліць абставіны. Ноччу сувязны пераправіў яе на лодцы праз Шчару. Падыходзячы да вёскі, заўважыла немцаў. У суправаджэнні мясцовага паліцая яны хадзілі з хаты ў хату. Дзяўчына падкралася да падворка сваячкі. Схаваўшыся за свіран, стала назіраць за вуліцай. Карнікі выганялі з дамоў людзей. Чуліся стрэлы, плач жанчын і дзяцей…
На долю партызанкі Федасевіч выпала нямала баявых паходаў і заданняў. Прыходзілася дзейнічаць надзвычай асцярожна. Самая нязначная памылка магла прывесці да правалу ўсёй аперацыі. Але цяжкасці і нягоды толькі загартоўвалі характар юнай партызанкі.
– Я хачу галоўнае сказаць, каб моладзь ведала: мы перамаглі ў той вайне не толькі зброяй, але і небывалым патрыятызмам, – падкрэсліла Яўгенія Федасевіч.
Пасля злучэння партызан з савецкімі войскамі Яўгенія Іванаўна прасілася на фронт. Але ў ваенкамаце ёй адмовілі, уліч-ваючы ўсё, што давялося перанесці дзяўчыне. У тым ліку горыч і боль страты бацькоў.
Пасля вайны былы камандзір разведкі запрасіў Яўгенію Іванаўну прыехаць на працу ў Дзятлаўскі раён, дзе ўзначальваў райспажыўтаварыства. Неўзабаве з фронту вярнуўся яе знаёмы Сяргей. Хутка сяброўства перарасло ў каханне. Стварылі сям’ю, пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Зэльву. Федасевічы выгадавалі дзвюх дачок. Старэйшая Святлана стала опернай спявачкай, жыве ў Мінску. Тамара працуе інжынерам у Керчы.
Былая партызанка прызнаецца, што вельмі любіць газету “Праца”. З асаблівай цікавасцю чытае публікацыі на ваенную тэматыку. Многія апісаныя там па-дзеі нагадваюць ёй аб далёкіх гадах маладосці, апаленай вайной. І вельмі ганарыцца, што яе лёс так цесна пераплецены з лёсам любімай радзімы.
Віктар МАКОЎСКІ.