Свята душы
У мінулую нядзелю ў касцёле Святой Тройцы г.п.Зэльва маленькія вернікі прымалі Першую Святую Камунію. Гэта падзея стала сапраўдным святам душы для хлопчыкаў і дзяўчынак, іх родных і блізкіх, а таксама ўсіх прыхаджан.
Да сакраманту дзеці рыхтаваліся на працягу трох гадоў: вучылі малітвы, катэхізіс, здавалі экзамен, імкнуліся пазнаць Іісуса Хрыста і наблізіцца да яго.
Падчас Святой Імшы юныя католікі ўрачыста паабяцалі і далей наведваць касцёл і ўрокі рэлігіі, рабіць падарункі Богу – добрыя ўчынкі.
Сакрамант Першай Камуніі дзеці атрымалі з рук ксяндза Яцка Маркеля. Святар павіншаваў іх з гэтай знамянальнай падзеяй у жыцці кожнага хрысціяніна, бацькоў заклікаў быць годным прыкладам веры для сваіх дачок і сыноў.
Напрыканцы богаслужэння прагучалі словы шчырай удзячнасці ад бацькоў ксяндзу Яцку і арганістцы Таццяне Карозе за духоўнае выхаванне падлеткаў.
У панядзелак пачаўся Белы тыдзень. Штодня першакамунійныя дзеці ў белым адзенні будуць хадзіць на Святую Імшу.
Белы тыдзень – гэта падзяка Пану Богу за атрыманыя сакраманты.
Наталля Мацюк.