Ён браў Берлін
Больш за сем дзесяцігоддзяў аддзяляюць нас ад страшнага, трагічнага, крывавага ваеннага ліхалецця. Для нас гэта ўсё было даўно. А для іх – ветэранаў вайны – нібы ўчора. Таму не-не, дый скоціцца скупая сляза, калі трывожаць успаміны, калі перад вачамі паўстаюць успаміны аб загінуўшых таварышах…
– Мая вайна – гэта вайна пераможцаў, – гаворыць жыхар вёскі Конна Васілій Яўхута. – Ваенны лёс склаўся так, што мне не давялося адступаць ад Брэста да Масквы, не давялося зведаць горыч цяжкіх няўдач сорак другога – я трапіў на фронт у сорак чацвёртым, калі ворага ўжо гналі з нашай беларускай зямлі. І ўсё ж вайну прыгадваю ад самага яе пачатку.
Успаміны пра першыя дні вайны аселі ў памяці ветэрана на ўсё жыццё. У небе з’явіліся юнкерсы з чорнымі крыжамі на крылах, якія ляцелі на ўсход. Потым з боку Зэльвы пачуліся страшэнныя выбухі. У вёсцы прай-шла чутка, што нямецкая авіяцыя скінула бомбы на чыгуначны мост і станцыю. Праз некалькі дзён у Конна з’явіліся першыя бежанцы і адступаючыя часці Чырвонай Арміі. Затым прыйшлі фашысты і ўстанавілі свой новы парадак: усіх вяскоўцаў абклалі падаткамі, мужчын і юнакоў ганялі на розныя работы. Вось так пад прыгнётам захопнікаў пражылі тры цяжкія гады.
– Ішоў 1944 год – год масіраванага савецкага наступлення амаль на ўсіх франтах, – успамінае Васілій Канстанцінавіч. – На тэрыторыі Беларусі адгрымела аперацыя “Баграціён”. Мяне і многіх маіх аднавяскоўцаў пры-звалі ў армію. Службу пачынаў у вучэбным палку, які знаходзіўся ў Бабруйску. Там атрымаў воін-скую спецыяльнасць кулямётчыка. Пасля кароткатэрміновай падрыхтоўкі быў адпраўлены на фронт, дзе мяне размеркавалі ў мінамётную батарэю. Першае баявое хрышчэнне атрымаў на тэрыторыі Польшчы. Там наш баявы разлік 12-міліметровага мінамёта падтрымліваў агнём наступаючую пяхоту.
Франтавіку давялося ўдзельнічаць у Вісла-Одэрскай ваеннай аперацыі, падчас якой вяліся асабліва жорсткія баі. На ўчастку наступлення кожны метр быў паліты крывёю. Пры фарсіраванні Одэра полк, у якім служыў Васілій Яўхута, панёс вялікія страты.
Пасля многа яшчэ было баёў, жорсткіх, бязлітасных, крывавых. Аднак самае цяжкае чакала яшчэ наперадзе – штурм Берліна.
– Днём і ноччу нашы войскі атакавалі варожыя пазіцыі на подступах да варожай сталіцы, – працягвае ўспаміны ветэран. – Немцы знаходзіліся ў моцных абарончых збудаваннях, і іх цяжка было адтуль выбіць. Але, пра-рваўшы ўчастак абароны пра-ціўніка, наша батарэя разам з пяхотай выйшла ў прыгарад Берліна. Практычна кожны дом немцы ператварылі ў агнявую кропку. Вуліца за вуліцай мы набліжаліся да рэйхстага. Калі падышлі зусім блізка, атрымалі загад спыніць стральбу. Устанавілася зацішша. Праз некаторы час з боку варожых пазіцый заўважылі групу нямецкіх афіцэраў з белым флагам, якая накіравалася да нас. Іх сустрэлі і ў суправаджэнні нашых аўтаматчыкаў адправілі ў стаўку савецкіх войск. Хутка мы даведаліся, што вораг падпісаў акт аб капітуляцыі. З рэйхстага і дотаў пачалі выходзіць варожыя салдаты з паднятымі ўгору рукамі і белымі флагамі. Пехацінцы строілі немцаў у калоны і адпраўлялі за горад.
Ва ўсіх нашых байцоў быў радасны настрой. Мы стралялі ў неба, віншавалі адзін аднаго, абдымаліся і… плакалі. Потым пачалі распісвацца на сценах рэйхстага. Я таксама пакінуў там свой надпіс. Так я сустрэў 9 Мая 1945 года – Дзень Перамогі.
Пасля 9 мая вайна для Васілія Яўхуты не скончылася. Яшчэ некаторы час яму давялося служыць у сваёй батарэі, што дыслацыравалася ў Германіі.
Потым была дэмабілізацыя. Мірнае жыццё хутка наладзілася. Вярнуўся дадому. Калі пачаў арганізоўвацца калгас, Васілій Канстанцінавіч адным з першых уступіў у яго. Доўгі час працаваў даглядчыкам на бародзіцкім комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы. За самаадданую працу яму прысвоена званне “Заслужаны калгаснік”. Вельмі ўдзячны ветэран кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства за клопат, за дапамогу, за падтрымку.
Чатырох дзяцей выгадавалі Васілій Канстанцінавіч з жонкай Вольгай Уладзіміраўнай, якой, на жаль, не стала тры гады таму. Цяпер у ветэрана 7 унукаў і 5 праўнукаў, якія не забываюцца наведваць дзядулю.
За ўдзел у баявых дзеяннях В.К.Яўхута атрымаў не адну ўзнагароду. Кожная з іх па-свойму дарагая ветэрану. Час ад часу ён дастае свой святочны пінжак, надзявае яго і ўспамінае… Пройдзеныя кіламетры, вызваленыя гарады і баявых таварышаў…
Віктар МАКОЎСКІ.