Гродзенскі філіял Белпошты выпусціў тры камплекты канвертаў і паштовак з выявай героя зэльвенскай пераправы А.В. Смалякова
716
У канцы чэрвеня бягучага года Гродзенскі філіял Белпошты выпусціў тры камплекты канвертаў і паштовак з выявай героя зэльвен-скай пераправы 1941 года А.В.
Смалякова. Грошы на выданне трохсот экзэмпляраў гэтай прадукцыі ахвяравала наша мясцовая края-
знаўца Валянціна Боцька. Апантаная ўвекавечаннем памяці палкоўніка Смалякова, Валянціна Яўгеньеўна пастаянна шукае людзей, якія б змаглі дапамагчы ёй у гэтым. У Гродне яна знайшла Д.М.Нарэля, які заняўся даследаваннем жыцця А.В.Смалякова. Напісаў вялікі артыкул “Жизнь как долг” (“Праца”, 2007 г., 23 чэрвеня), а зараз дапамог падабраць для паштовага камплекта фотаздымкі палкоўніка. У Зэльве адшукала дызайнера ў асобе Т.У.Лях, начальніка раённага вузла паштовай сувязі.
Працуючы над камплектамі ў вольны ад работы час, Тамара Уладзіміраўна заседжвалася за камп’ютарам за поўнач, адточваючы кожны штрых у канверце ці паштоўцы. Фотаздымкі старыя, некаторым амаль па сто гадоў, і трэба было апрацоўваць іх асабліва ўважліва і акуратна. І вось зараз праца Тамары Лях выносіцца на суд кліентаў Белпошты, якія змогуць ацаніць яе падчас Ганненскага кірмашу.
Давайце ўважліва прыгледзімся да фотаздымка ў газеце, ахарактарызуем камплекты, падрыхтаваныя Т.У.Лях.
Адзін з іх складаецца з прыгожага канверта з чырвонай стужкай, зоркай і кветкамі ў левым яго баку, фотаздымка А.В.Смалякова з датамі жыцця і смерці. І агульнай для ўсіх камплектаў назвы ўнізе: “70-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца”. А паштоўка ўзнаўляе партрэт Смалякова, салдата грамадзянскай вайны, калі ён быў памочнікам начальніка атрада Чырвонай Арміі.
Другі камплект знаёміць нас са Смаляковым, слухачом разведвальных курсаў удасканалення кадраў рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, на якіх ён вучыўся ў 1939 годзе (канверт), і захавальнікам зброі 19-га стралковага палка 7-й стралковай дывізіі, дзе служыў у 1924 годзе (паштоўка).
А трэці камплект дае магчымасць убачыць Смалякова такім, якім ён быў у апошнія гады жыцця, гэта значыць, начальнікам разведаддзела штаба 10-й арміі, з якой ён і ўступіў у бяссмерце на зэльвенскай пераправе. Гэта – на канверце. А паштоўка ўзнаўляе аблічча Аляксандра Васільевіча 1937 года, калі ён у чыне капітана ўзначальваў 4-ю часць штаба 27-й стралковай дывізіі Беларускай ваеннай акругі.
Як добра, што ёсць людзі, якія, не клапоцячыся пра грашовыя ці іншыя ўзнагароды, услаўляюць нашу гісторыю!
Знаёмцеся і набывайце прадукцыю мясцовых філантропаў. Упэўнена, што яна ўпрыгожыць калекцыі як краязнаўцаў, так і філатэлістаў.
Хто хоча набыць камплекты ўжо сёння, можа пазваніць па тэлефоне 3-31-18.
Яніна ШМАТКО.