Вязать крючком, вышивать, ткать, плести из лозы – все это умеют Ровгачи-Млыновские

Час дэфіцыту даўно мінуў, рынкі і магазіны перанасычаны самымі разнастайнымі таварамі. Але цяпер усё больш модным становіцца мець і эксклюзіўныя рэчы, створаныя сваімі рукамі. Вязаць кручком і на прутках, вышываць, ткаць, плесці з лазы – усё гэта ўмеюць рабіць у сям’і Роўгачаў-Млыноўскіх з вёскі Дарагабушка. Іх дом – сапраўдная знаходка для тых, хто можа ацаніць рукадзельныя вырабы ў інтэр’еры. Чаго тут толькі няма! Вышытыя карціны, тканыя абрусы, пакрывалы на ложках – усё зіхаціць фарбамі і ўзорамі.

Ні дня без радка. Вышыванага

вышивка

Марыя Роўгач вырасла сярод тых, хто любіць працаваць на зямлі. Сялянская доля не з лёгкіх, таму дзеці дапамагалі бацькам з малога. Калі не стала бацькі Марыі, прыйшлося яшчэ цяжэй. З вясны да восені дванаццацігадовая дзяўчынка пасвіла чужых кароў і толькі зімой хадзіла ў школу. Навука давалася лёгка, пагэтаму за кароткі тэрмін паспявала засвоіць праграму па ўсіх прадметах. Знахо-дзіла і вольны час, каб заняцца рукадзеллем. Часта вясковыя жанчыны збіраліся ў іх хаце на вячоркі, дзе пад песні і жарты пралі, ткалі, вышывалі. Спрытнай дзяўчынцы хапіла некалькі разоў паназі-раць, як нітка ідзе за іголкай, каб самой узяць у рукі пяльцы. У маладосці Марыя Роўгач не толькі шыла, вышывала, але вязала кручком і пруткамі. А яшчэ ўмела ткаць. І зараз, на шчасце, вочы яшчэ не падводзяць, а пальцы паддаюцца майстрысе. Таму сядзець склаўшы рукі яна не можа, займаецца рукадзеллем практычна штодзённа. Асабліва ярка яе талент раскрываецца ў вышыўках. Кампазіцыі з кветак – лю-бімая тэма. Жанчына дэманструе навалачкі, сурвэткі, карункі, ручнікі і многія іншыя рэчы, узоры на якіх самыя розныя. Тут і макі, і валошкі, і складаныя каляровыя пераходы незабудак, і ружы, і півоні! Паверыць, што так можна вышыць, няпроста – рука міжволі цягнецца дакрануцца да малюнкаў. Марыя Уладзіміраўна свае вышыванкі на паліцах не складвае, яны ўпрыгожваюць інтэр’ер не толькі гаспадыні дома. Шмат работ раз’ехалася па гарадах Беларусі, за мяжу. – Не магу нікога адпусціць без падарунка, за столькі гадоў ведаю, каму што падрыхтаваць, – раскрывае сямейныя сакрэты Марыя Роўгач. – Спадзяюся, вырабы, зробленыя маімі рукамі, нагадваюць сваякам пра нашу сям’ю. Не адышла жанчына ад сваёй традыцыі і ў гэты раз: –А гэта вам, – працягнула майстрыха сурвэтку і мне. – На памяць пра нас.

Майстэрства – у спадчыну

IMG_7311

Хутка ляцелі гады, падрасталі дочкі. Марыя Роўгач сваё ўменне перадавала і ім, таму абедзве выраслі рукадзельніцамі. Таццяна засталася разам з маці, другая дачка жыве ў абласным цэнтры. Таццяна Андрэеўна, можна сказаць, жыве вышыўкай. На любімыя сюжэты не шкадуе ні часу, ні зроку. Як толькі выпадае вольная гадзіна, тут жа – за пяльцы. Яе ўмелыя рукі вымалёўваюць (інакш і не скажаш) пейзажы, кветкавыя кампазіцыі, выявы жывёл і птушак. Сустракаецца ў работах і бытавая тэматыка. Жанчына авалодала ўсімі відамі тэхнікі вышывання: і крыжыкам, і гладдзю, і рванай гладдзю… – З лёгкай мамінай рукі я ўсё жыццё займаюся рукадзеллем, – гаворыць Таццяна. – Таму і сумаваць няма часу. Да народных промыслаў “падцягваю” і дзяцей. Старэйшы сын Таццяны Андрэеўны, Віктар, навучыўся выпальваць малюнкі на дрэве, займаўся ў гуртку разьбы па дрэве, работы з глінай у мясцовым Доме рамёстваў. Яго работы – на паліцах, на стале ў дзіцячым пакоі. Побач – рукадзелле малодшага сына, Андрэя. Ён, на здзіўленне, любіць вязаць кручком. На святы Андрэй дорыць маці і бабулі кветкі. Але вязаныя. Знайшоў справу па душы і гаспадар дома, Юрый Часлававіч. У вольны час ён пляце кашы для агародніны і садавіны, грыбоў і ягад, а таксама кашпо для кветак. Вось чаму ў двары так арыгінальна аформлены ружы і лілеі! – Сутнасць пляцення як лазой, так і шпагатам простая, – Юрый Млыноўскі бярэцца за аснову і паказвае, у якой паслядоўнасці пераплятаюцца дубцы. – Але лаза ці ляшчына ажыўляюць кош, робяць яго аб’ёмным і непаўторным. Да таго ж, можна пафантазіраваць з тэхнікай пляцення: хачу – крыжовую, хачу – спіральную ці вяровачную выкарыстоў-ваю. Жанчыны вымалёўваюць ніткамі, а я – прыродным матэрыялам. Скажу шчыра, рэчы, зробленыя ў сям’і Роўгач-Млыноўскіх, прыгожыя, акуратныя, яркія і адмысловыя – бачна, што выкананы з душой. Вось так, з дня ў дзень гэтыя вяскоўцы ствараюць эксклюзіўныя рэчы для задавальнення сваёй душы і на радасць карыстальнікам. А яшчэ, што, напэўна, самае галоўнае, шануюць і захоўваюць сямейныя традыцыі і самабытную культуру. Людміла Попка.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.