Кнiга друкаваная цi электронная?
Як хутка змяняецца жыццё! Проста не паспяваеш да ўсіх гэтых перамен прыстасоўвацца… Напрыклад, яшчэ гадоў дзесяць таму мабільныя тэлефоны лічыліся прадметам раскошы, а зараз яны амаль што ў кожнага, пачынаючы ледзь не з ясельнага ўзросту.
А ўзяць тыя ж электронныя кнігі! Можна купіць дыск з сотняй і тысячай кніг, і гэта абыдзецца танней, чым купіць адну друкаваную кнігу ў кнігарні. А некаторыя бяруць кнігі ў інтэрнэце. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства журналісты “Працы” паразважалі над пытаннем, якім кнігам, друкаваным ці электронным, а можа і аўдыякнігам, лепш аддаць перавагу.
… Усё роўна што жывая музыка
Ірына МІКЛАШЭВІЧ
Я – за традыцыйны варыянт, нават калі пад рукой ёсць ноўтбук ці смартфон. Так, электронныя кнігі ўвашлі ў моду, гавораць, што гэта зручна і неяк па-сучаснаму. Можа, доля праўды ў гэтым ёсць, але калі задумацца, хіба здольны сэнсарны экран даць такое задавальненне, як друкаванае выданне ў прыгожай вокладцы?! Пах друкарскай фарбы, ледзь чутны шолах лісткоў і прыемная шурпатасць паперы… Як па мне, пералістваць папяровыя старонкі намнога прыемней, чым проста націскаць на кнопкі.
Друкаваная кніга – усё роўна што жывая музыка ў параўнанні з фанаграмай. У звычайнай кніжцы ёсць… душа, а яшчэ індывідуальнасць, якая ствараецца ў тым ліку і яе ўладальнікам. Вось там пакінула закладку, недзе чырканула алоўкам, а тут напісала кароткі каментарый. Толькі друкаванае выданне стварае асаблівую атмасферу і, як быццам, эфект 3D-прысутнасці. І няхай гаджэты практычныя і кампактныя, але ўсё роўна … сурагаты.
Здаецца мне, што ўсе гэтыя навамодныя электронныя носьбіты – для масавага распаўсюджвання. Іншая справа папяровыя. Яны – прыкмета высокай культуры людзей. Бывае, прыходзіш да чалавека ў госці і бачыш паліцы, запоўненыя кнігамі. Не ведаю, як вы, а я адразу пранікаюся павагай да гаспадара, магу меркаваць, якіх жыццёвых поглядаў ён чалавек, што любіць і чым захапляецца.
А яшчэ кніга – лепшы прэзент, асабліва для сапраўдных аматараў чытання. Падарыць можна паэтычны зборнік, якое-небудзь калекцыйнае выданне ці, напрыклад, прыгожа аформлены фаліянт… Чым не шыкоўны падарунак?!
Акрамя суб’ектыўных пераваг, у папяровых кніг ёсць і практычныя бонусы. Ну, напрыклад, уявіце, што кніга выпадкова выпала ў вас з рук. Максімум, што можа здарыцца з ёй, так гэта пераплёт і вокладка трохі пашкодзяцца. У адрозненне ад электронных носьбітаў, кніга не разаб’ецца. Плюс паперы і ў тым, што ў яе ніколі не сядуць батарэйкі і чытаць можна абсалютна ў любы час. Адключаць электрычнасць – і што тады рабіць?..
Па тэлебачанні неяк пачула, што хуткасць чытання з экрана манітора працэнтаў на 20, а то і на 30 менш, чым пры чытанні з ліста. І многія мае знаёмыя кажуць, што ім цяжка чытаць з манітора. Зацікавілася, чаму так. Адказ знайшла хутка. Аказваецца, нават самыя сучасныя тэхналогіі не могуць забяспечыць “разрешение” і кантраснасць тэксту, да якіх мы так прывыклі, чытаючы папяровыя кнігі. І таму чалавек, седзячы перад маніторам, не ўчытваецца ў кожнае слова, а толькі прабягае старонку вачамі, як сканерам. А гэта значыць, што інфармацыя ўспрымаецца не ў поўным аб’ёме. Вось так.
Адным словам, ніякія электронныя чытальнікі не заменяць мне звычайную кнігу. Чамусьці ёсць у мяне ўпэўненасць, што не трэба хвалявацца за будучыню старой добрай кнігі. Бо ў свой час прадракалі гібель і тэатру, і кінатэатру, і нават тэлебачанню. Але, як бачым, яны мірна суіснуюць і да гэтага часу…
Можна мне 5 гігабайтаў кніг?
Алеся ШУМОВІЧ
Маё жыццё – сінонім слова “дарога”. У тым сэнсе, што на колах я праводжу ледзь не кожныя выхадныя. Спаборніцтвы па каратэ ў шматлікіх гарадах Беларусі і замежжа, вандроўкі па родных мясцінах, ды проста паездкі да сяброў і дадому – у пераездах я марную па некалькі гадзін. Марную – самае трапнае слова, бо як назваць час, праведзены ў крэсле? Што ні кажы, а кожную хвіліну трэба траціць з карысцю. Тут мне вельмі дапамагаюць аўдыя-кнігі. Ну не прыхільнік я пустых радыёгаворак ды музыкі кшталту “тыц-тыц”. Куды прыемней кіраваць аўтамабілем (ці ехаць пасажырам) пад акампанемент мудрых думак класікаў.
Папярэджваючы, Ірына, тваю заўвагу наконт таго, што і папяровую кнігу можна ўзяць у дарогу, скажу: аўдыя- ці электронны варыянт куды больш зручны. На карысць яго выступаюць як маленькая вага носьбітаў, так і іх кампактнасць. Апроч таго, некаторым людзям падчас руху становіцца млосна. І адзінае, што дапамагае справіцца з прыступам, – пільны позірк на дарогу, а не на радкі, што скачуць перад вачамі. Тым больш што зроку ад такой “дыскатэкі”, вядома ж, прыходзіцца не салодка.
А ўзгадаць алергікаў… Адна з маіх аднакласніц пры вялікай любові да кніг была вымушана называць іх вытанчанай прыладай для катавання, прытым чым старэйшым было выданне, тым большы жах яно выклікала ў дзяўчыны як зборнік не твораў, а пылу. Адкрыўшы чарговую кнігу, Ганна пачынала чхаць, яе вочы напаўняліся слязьмі. Але не ад суперажывання героям, ад прыступу алергіі… Зрэшты, у гэтым прыкладзе “дабро” перамагло: нягледзячы на непрыемную асаблівасць здароўя, мая сяброўка выбрала ў якасці будучай прафесіі архівазнаўства. Такія вось бываюць парадоксы.
Не, я ні ў якім разе не змяншаю ролю папяровых кніг: прыемны пах друкаваных аркушаў, магчымасць рабіць паметкі “на палях”, вучыцца граматнасці – усё гэта важна і для мяне. Але наконт той жа граматнасці: аўдыякнігі таксама вучаць, няхай не арфаграфіі, але арфаэпіі. У сучасным жыцці гэта, можа, і актуальней. Усё ж такі пішуць зараз рэдка, а калі і друкуюць (падкрэсліваю!), то разумны камп’ютар выправіць усе памылкі. У той жа час, не навучыць правільна ставіць націскі, разбірацца, цвёрда ці мякка вымаўляць пэўныя гукі, склады.
Адказ на пытанне кошту таксама на карысць электронных кніг (канешне, не ў тым выпадку, калі яны набываюцца дзеля падарунка). Сёння купіць больш-менш цікавае выданне нятанна. Бывае, што нават дорага. Трапляюцца выпадкі, калі прывабную кнігу нават не знайсці ў крамах. У інтэрнэце ж амаль усе творы даступны для спампоўвання. Ужо неаднойчы ўпэўнівалася ў гэтым.
Ды і наогул, трэба ісці ў нагу з часам. Ты ж, Ірына, будучы выдатным журналістам, не друкуеш свае тэксты на друкарскай машынцы, не пішаш ад рукі… Тэхналогіі зараз прапаноўваюць неблагую альтэрнатыву традыцыйным рэчам, і няправільна адмаўляцца ад зручных магчымасцей. Не секчы з пляча, як у рамане “451 градус по Фаренгейту”, знішчаць кнігі не варта, проста прыйшоў час перамен. Прыйшло стагоддзе друкаваных кніг як сродку атрымання суб’ектыўнай асалоды, а не інфармацыі.