Работнікі дзіцячай бібліятэкі не без задавальнення сцвярджаюць: “На летніх канікулах паток дзяцей у бібліятэку не змяншаўся ўсе тры месяцы”. Як бібліятэкары заахвочваюць школьнікаў да чытання, высвятляла карэспандэнт “Працы”.
У адзін з дзён заглянулі ў дзіцячую бібліятэку. Бібліятэкар Раіса Навасад расказвае:
– У дапамогу маленькім чытачам арганізаваны выставы, папулярная літаратура прадстаўлена на паліцах у даступных месцах. У ліку любімых аўтараў дзетвары – Валянцін Поснікаў, Юрый Сітнікаў і Кацярына Карэтнікава. Радуе, што дзяцей цікавяць творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў: Якуба Коласа і Янкі Купалы, Міхася Лынькова і Петруся Броўкі. Не зніжаецца інтарэс да “Падарожжа па краіне беларусаў” Віталія Вольскага, раманаў Уладзіміра Караткевіча. Попытам у наведвальнікаў карыстаюцца фантастыка, прыгодніцкія аповесці.
Вось, напрыклад, Жэня Ганчарэнка гаворыць, што заўсёды раіцца з мамай і бібліятэкарамі наконт таго, якую кнігу выбраць. Таму ўвесь час у рукі трапляюць толькі цікавыя аповесці і апавяданні. З апошняга прачытанага хлопчык называе серыю прыгодніцкіх раманаў Таццяны Зінгер.
– У будні да нас заходзяць больш за 20 чалавек, – знаёміць з падрабязнасцямі работы загадчыца бібліятэкі Марыя Сітко. – Летам актыўнасць праяўлялі дзеці, якія адпачывалі ў прышкольных лагерах, выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Многа прыходзіла дзяцей, якія прыехалі ў Зэльву на адпачынак да бабуль.
Нязвыклы шум стаіць у чытальнай зале. На першы погляд, такая атмасфера – поўная процілегласць традыцыйнай “чытальні”, дзе бібліятэкар утаймоўвае гаваркіх наведвальнікаў. Тут жа дазваляецца дзяліцца ўражаннямі, арганізоўваць чытанне ўголас. У чытальнай зале таксама дзейнічаюць такія паслугі, як прагляд відэафільмаў з бібліятэчнага фонду, мультымедыйныя гульні.
У канцы мая быў аб’яўлены конкурс “Лета і кніга”, а яго вынікі падведзены напярэдадні Дня беларускага пісьменства. У намінацыі “Большая колькасць прачытаных кніг” перамогу атрымаў трэцякласнік СШ №2 Юрый Чарток: у яго чытацкім дзённіку больш за 70 прачытаных кніг. Каця Чашэйка, вучаніца 4“Б” класа СШ №3, адзначана ў намінацыі “Юны аматар беларускай літаратуры”. Дзяўчынка прызнаецца, што праграмныя кнігі прачытала хутка, застаўся нават час, каб узяць і другую літаратуру для душы: “Мая мама часта паўтарае, што карысную інфармацыю можна пачэрпнуць з кніг, таму выбіраю творы як рускіх, так і беларускіх аўтараў, цікаўлюся пазнавальнай літаратурай”. Бібліятэкары адзначаюць, што бацькі часта раяць дзецям чытаць менавіта беларускую літаратуру. І сваім прыкладам паказваюць, наколькі мілагучнае роднае слова. Многія юныя чытачы прыходзяць у бібліятэку не адны. Сярод іх – Ксенія Шостка з бабуляй Ганнай Феліксаўнай, Соф’я Патока з мамай Святланай Міхайлаўнай, Арцём Пачабыт з мамай Наталляй Міхайлаўнай, Арсеній Шалястовіч з мамай Ірынай Іванаўнай. Такіх сем’яў у бібліятэцы налічваецца больш за дзясятак.
Па словах бібліятэкара Алены Мазалеўскай, сёлета зэльвенская дзетвара з энтузіязмам успрыняла акцыю “Летняя чытальная зала пад парасонам”, у час якой былі арганізаваны выставы кніг у цэнтральным скверы гарадскога пасёлка. Усе жадаючыя маглі чытаць тут жа, у скверы, запісаць кнігу ў фармуляр і ўзяць дамоў. З ахвотай хлопчыкі і дзяўчынкі таксама прынялі ўдзел у літаратурным карнавале і краязнаўчым падарожжы.
Людміла ПОПКА.