Сёлетняя ўборачная ў бародзіцкага механізатара Святаслава Баброўскага была юбілейнай

  IMG_5183 Святаслаў Баброўскі (на здымку) з СВК “Бародзічы” – спецыяліст уні-версальны. Як сапраўдны прафесіянал, можа аднолькава па-заліхвацку ўпраўляцца з камбайнам, трактарам ці машынай. За чвэрць стагоддзя працы ў сельскай гаспадарцы свой працоўны аўтограф пакінуў не на адным палетку. Кожнае лета ў напружаную пару жніва Баброўскі выводзіць КЗС-1218 на паспелы клін. Сёлетняя ўборачная ў камбайнера была юбілейнай – свой першы бункер ён намалаціў дваццаць пяць гадоў назад. За гэты час змянялася не толькі геаграфія жніўных палеткаў камбайнера (ад залацееўскіх да бародзіцкіх), але і тэхніка: працаваў на СК-4, Доне, Лідзе. Таму можна з упэўненасцю сказаць: толк у камбайнах гэты чалавек ведае. – Цяперашнія ўмовы працы не параўнаць з колішнімі, – разважае Святаслаў. – Пяты сезон, як маю магчымасць ацаніць перавагу энерганасычанай тэхнікі. Праўда, падчас жніва напружанасць заўсёды каласальная. Як ні круці, а ўборка хлеба ва ўсе часы мазалём і потам давалася. Але трэба любіць сваю справу, тады ўсё атрымаецца. Мужчына неаднаразова лідзіраваў сярод механізатараў гаспадаркі. Яго асабісты рэкордны намалот – 1300 тон за сезон. Сёлета, праўда, крыху не дацягнуў. Але каб звесці ўсе 25 намалотаў вопытнага камбайнера ў адзін, атрымаўся б важкі каравай. Як чалавек сумленны і сціплы, Баброўскі не любіць прыпісваць здабыткі толькі сабе. Пра свайго памочніка Сяргея Грынцэвіча гаворыць толькі добрыя словы: старанны і адказны, ведае ўсе тонкасці жніва. Разам камбайн да выхаду ў поле рыхтавалі, кожны вузельчык агледзелі, змазалі. Бадай, надзейнасць – галоўная рыса Святаслава і яго напарніка. З юнацтва добра ведаюць яны, як расце хлеб і якой цаною даюцца перамогі. Як толькі спадала раса, мужчыны выводзілі камбайн у поле, бывала, што заканчвалі працу ўжо пры святле фар. Працавалі якасна, бераглі кожны каласок. Часта у мэтах тэхнічнай прафілактыкі камбайна пачыналі свой рабочы дзень у 6 гадзін раніцы, каб разам з іншымі экіпажамі выехаць у поле. – Падчас жніва ў нашай гаспадарцы не прынята лічыцца з асабістым часам, – гаворыць камбайнер. – Усе выкладваліся ў полі па поўнай, бо добра разумелі: за нас гэтую работу ніхто не зробіць. Таму і стараліся правесці ўборачную своечасова і без страт. Пасля завяршэння жніва Баброўскі перасеў на імпартны кормаўборачны камбайн “Джон Дзір”. Займаецца ўборкай кукурузы. Гэта справа таксама паддаецца мужчыне. Чатыры МАЗы ледзь паспяваюць адвозіць здробленую масу – работа ідзе бесперапынным канвеерам. Святаслаў любіць тэхніку і  добра ў ёй разбіраецца, таму і стаў запатрабаваным прафесіяналам,  змог рэалізаваць сябе ў справе, якая прыносіць не толькі матэрыяльны дастатак, але і маральнае задавальненне. Бо агульнавядома: да чаго душа ляжыць, да таго і рукі прыложацца. І прыклад перадавога механізатара толькі пацвярджае гэта. Тэрэза КАВАЛЕВІЧ.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.