День белорусской письменности глазами библиотекаря Янины Шматко
283
Любое вялікае свята патрабуе ад арганізатараў улічвання густаў і патрэб гасцей. Для аматараў музыкі запрашаюць вядомых спевакоў і музыкантаў, для мастакоў выстаўляюць палотны майстроў пэндзлю, для тых, хто любіць ручныя вырабы, арганізуюць выставы Дамоў рамёстваў і г.д. Бібліятэкары заўсёды шукаюць пляцоўкі продажу кніг, наведваюць кнігарні і бібліятэкі, ідуць на сустрэчы з пісьменнікамі. На Дні пісьменства ў Шчучыне месц, дзе валадарыла Кніга, было нямала. Хочацца коратка расказаць пра іх.Бібліятэка
Пасля капітальнага рамонту адчыніла дзверы Шчучынская цэнтральная раённая бібліятэка імя Цёткі. Урачыстае адкрыццё яе адбылося ў першы дзень свята, 5 верасня. Пасля цырымоніі перарэзвання стужкі і святочных прамоў госці маглі пазнаёміцца з заламі бібліятэкі і шматлікімі выставамі. Асаблівую цікавасць выклікаў праект “Клічу вас я на Пабеду”, які прысвячаўся 70-годдзю Вялікай Перамогі і творчасці Янкі Купалы ў першыя гады вайны. Літаратары некалькіх краін – госці свята – прынялі ўдзел у размове за круглым сталом на тэму “Созвучие: литературный процесс и информационное общество”.
Зацікавіла ўсіх выстава “Шчучыншчына – любы сэрцу куточак”. У яе падрыхтоўцы прымалі ўдзел усе бібліятэкары раёна. Расказаць шчучынцам ёсць пра што і пра каго. Напрыклад, жалудокскія бібліятэкары пачалі свой летапіс з гісторыі мястэчка, расшыфроўкі назвы, інтрыгуючага паведамлення, што на агародзе ў аднаго мясцовага жыхара быў знойдзены клад рымскіх манет II ст.н.э. Мясціны, уладальнікамі якіх былі славутыя Тызенгаузы, былі любімым месцам палявання літоўскіх князёў.
Цэнтральная раённая бібліятэка склала вялікі альбом з публікацый раённай газеты і інтрыгавала чытачоў матэрыяламі кшталту “Леў Талстой і Ражанка”. Гурток “Спадчына” Астрынскай бібліятэкі сабраў настолькі ўнікальны матэрыял, што яму можа пазайздросціць гістарычны музей.
Выстава “Літаратурная старонка” знаёміла з творамі Рычарда Бялячыца, Славаміра Антановіча, Юрыя Жалязоўскага, Івана Пяшко, Галіны Самойлы, Марыі Шаўчонак, Вольгі Русілкі і іншых шчучынскіх паэтаў і празаікаў.
Павільён плошчы
З бібліятэкі можна было накіравацца ў гімназію, дзе праводзіліся “Шчучынскія чытанні”, або на фестываль кнігі і прэсы на плошчу Свабоды. Мы выбралі плошчу, бо там рэалізоўвалася вельмі шмат праектаў СМІ, выдавецтваў, фотамастакоў і бібліятэк. Вось з выставай, якую рыхтавалі бібліятэкары Гродзеншчыны, і пазнаёмімся.
За некалькі месяцаў да Дня пісьменства Гродзенская абласная бібліятэка аб’явіла конкурс на лепшую самаробную кнігу. І вось на свяце гэтыя кнігі былі выстаўлены ў адным з павільёнаў на плошчы. Бібліятэкары стварылі непаўторныя рукапісы. Вокладкі і старонкі рабілі з дрэва, скуры, ільну, аздаблялі карункамі, выцінанкамі, малюнкамі. Змест выданняў таксама быў разнастайны: аўтарскія і калектыўныя паэтычныя зборнікі, гістарычныя эцюды, кароткія апавяданні і г.д. Гожа глядзелася сярод дзясяткаў кніг і работа зэльвенскіх бібліятэкараў: аўтарскі зборнік Вольгі Ляскевіч “Ехаў дзедка на кірмаш”. Тэкст напісалі на ільняным палатне, вокладку зрабілі падобнай на агароджу. А першыя літары на кожнай старонцы апраўдвалі даўнюю назву – чырвоная літара, чырвоны радок.
Сустрэча з паэтамі
Вечар першага дня падарыў яшчэ адну цікавую сустрэчу – з пісьменнікамі Беларусі. Прыемна было бачыць на сцэне вядомых па зэльвенскіх Сакавінах Людмілу Кебіч, Анатоля Зэкава і кампазітара Алега Елісеенкава. Вёў сустрэчу кіраўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Ён паведаміў, што ў мінулым годзе ў нашай краіне было выдадзена больш за 300 найменняў кніг, у Саюз прынята больш за дваццаць новых творцаў, а творы беларусаў перакла-дзены на 17 моў свету.
У рамках сустрэчы адбылася прэзентацыя новага рамана Чаргінца “Операция “Кровь”. Эпізод з кнігі зачытаў вучань Астрынскай школы, а гісторыю напісання твора агучыў сам аўтар.
Людміла Кебіч прадэкламавала некалькі вершаў, прысвечаных роднаму слову, Алаізе Пашкевіч (Цётцы), выканала некалькі песень. Мікалай Іванавіч, паслухаўшы гэтыя песні, сказаў, што сёлета Саюз пісьменнікаў ажыццявіў цікавы праект. Умоўна яго можна назваць “трыа”: паэт, кампазітар, выканаўца. Тройка таленавітых беларусаў – паэт Іван Юркін, кампазітар Алег Елісеенкаў і выканаўца Анатоль Ярмоленка – стварылі альбом, які вылучаны на прэмію Саюзнай дзяржавы.
На сустрэчы ў Шчучыне з “тройкі” не было толькі Анатоля Ярмоленкі. Але, як здагадваюцца зэльвенцы, з яго выканаўчай задачай віртуозна справіўся Алег Елісеенкаў.
А пра мала знаёмага паэта Юркіна расказаў Чаргінец. Аказваецца, Іван Юркін – былы генерал, які вёў паспяховую барацьбу з міжнародным тэрарызмам, мае ўзнагароду за паспяховую аперацыю па вызваленні заложнікаў.
Як і ў Зэльве, вельмі цёпла прымалі шчучынцы Анатоля Зэкава. Ён чытаў свае жартоўныя вершы і пародыі. Закончыў сустрэчу паэт і выканаўца Андрэй Скарынкін.
У залах дома культуры
Вельмі прыгожы і ўтульны ў Шчучыне Дом культуры. Глядзельная зала як у сапраўдным драмтэатры. Напэўна, гэта і выкарысталі арганізатары свята, запланаваўшы паказ ажно трох драматычных работ. У першы дзень паспяхова прайшоў спектакль “Ціхі шэпт сыходзячых крокаў”, а назаўтра Гродзенскі драмтэатр павесяліў “Камедыяй пра нешчаслівага селяніна”, тэатр з Астраўца ўвасобіў на сцэне твор галоўнага рэдактара Астравецкай раённай газеты Ніны Рыбік “Калядны вечар” (дарэчы, сама аўтар і адну з галоўных роляў выконвала).
Калі хто не трапіў на спектаклі, таксама не сумаваў, бо ў фае абодвух паверхаў ДК былі арганізаваны вельмі цікавыя праекты. Адзін з іх прысвячаўся творчасці Якуба Коласа ў гады вайны, другі – 85-годдзю Уладзіміра Караткевіча, трэці – Літары і Слову ў малюнках гродзенскіх мастакоў, а чацвёрты знаёміў з кнігамі, прымеркаванымі да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Першыя ўладальнікі Нацыянальнай прэміі
На другі дзень свята, у час урачыстага яго адкрыцця, былі названы першыя пераможцы конкурсу на лепшы твор ужо не як уладальнікі Залатога Купідона, а як уладальнікі дзяржаўнай Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
У гэтым годзе кампетэнтнае журы разгледзела 45 работ паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў. Прыемна адзначыць, што як сярод узнагароджаных, так і ў журы прысутнічалі былыя госці зэльвенскіх Сакавін. У журы працаваў госць Сакавін-2015 прафесар Іван Саверчанка, а першую прэмію ў намінацыі “проза” атрымаў госць Зэльвы 2011 года Уладзімір Саламаха.
Лепшай паэтычнай кнігай прызнана “Встреча” Тамары Красновай-Гусачэнкі, а лаўрэатам у намінацыі “Літаратура для дзяцей і юнацтва” стала ўраджэнка Шчучыншчыны Ганна Савіцкая, што вельмі парадавала гаспадароў свята.
За цыкл перадач для канала АНТ “Обратный отсчет” адзначана Наталля Голубева.
Лепшым публіцыстам стаў Міхась Шыманскі, а праца “Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча” прынесла заслужаную ўзнагароду літаратурнаму крытыку Дзянісу Марціновічу.
Гэта толькі самыя агульныя ўражанні ад месц на Дні пісьменства, дзе ўладарыла Кніга. Ды і не ва ўсіх месцах удалося пабываць. Бо хіба можна было паспець усюды на такім грандыёзным свяце?!
Яніна Шматко.