У Зэльве распачаўся сезон сельскагаспадарчых кірмашоў

Восенню заўсёды так: адны гаспадары добра разумеюць, што важна не толькі мець багаты ўраджай, але і выгадна яго прадаць, другія ж прыкідваюць, колькі неабходна зрабіць запасаў, каб хапіла іх да вясны. Як правіла, і тыя, і другія традыцыйна сустракаюцца на сельскагаспадарчых кірмашах. Не выключэнне і гэты год – сезон кірмашоў стартаваў у Зэльве ў мінулую суботу. Гандлёвыя кропкі размясціліся на вуліцы Акадэміка Жэбрака. Сваю прадукцыю на продаж прадставілі сельгасарганізацыі раёна і Зэльвенскі філіял аблспажыўтаварыства, індывідуальныя прадпрымальнікі і фермерскія гаспадаркі. Каб даведацца пра цэны, не абавязкова было абыходзіць усе рады – дастаткова было спытаць у прахожых, якія з радасцю падказвалі, дзе танней купіць бульбу, буракі ці капусту. – Паглядзіце, якая бульбачка, – нахвальваў пенсіянер, які толькі-толькі расплаціўся з прадаўцом. – Чыстая, прыгожая, адна ў адну. Ды і недарагая. Бульба і сапраўды выглядала прывабна. Хутка каля машыны філіяла “Князева” сабралася чарга. “Скарб” па 2200 рублёў за кілаграм пайшоў нарасхват. Як і збожжа, якое прадавалі па 1800 рублёў за кіла-грам. Некаторыя пакупнікі бралі адразу па паўтоны зерня. Актыўна куплялі зэльвенцы і бульбу з СВК “Бародзічы”. Тым, хто набываў больш чым пяць сетак, вадзіцель сельгаскааператыва гарантаваў дастаўку да склепа. Па словах прадстаў-нікоў СВК, на наступным кірмашы прадукцыі будзе больш: павышаны попыт насельніцтва на бульбу і зерне перавышаў прапанову. Магчыма яшчэ і таму, што тут была самая танная прадукцыя. Хутка рэалізаваў бульбу і СВК “Галынка”. Добра разышліся ячмень і трыцікале. Каля машыны пажылыя людзі загрузілі мяшкамі невялікі прычэп. Можа сельгаскааператыў і панёс страты, але пайшоў насустрач гарадскому жыхару і прадаваў не толькі танны ячмень, але і ялавічыну – па 39 800 рублёў за кілаграм. Цэны на мяса, якое рэалізавалі СВК “Бародзічы”, “Караліно” і філіял “Князева”, вагаліся ад 33 да 40 тысяч рублёў. Свініны было нямнога – яе прапаноўвалі СВК “Міжэрычы” і СГФ “Дабраселецкі”. У тым, што ў райцэнтры шмат людзей трымаюць на ўласных па-дворках хатнюю жыўнасць, пераканалася, падышоўшы да машыны СВК “Сынкавічы”. Пшаніцу і ячмень тут бралі адразу па тры–чатыры мяшкі. Знайшоўся і пакупнік, які ўзяў адразу 450 кг. Індывідуальныя прадпрымальнікі прапаноўвалі бульбу, зерне, а таксама цыбулю, капусту, моркву і сталовыя буракі. Самая танная цыбуля была з фермер-скай гаспадаркі “Пугачэнка”, буракі – з уласнага агарода гаспадара з Падгрушан. Нядорага можна было набыць моркву і капусту. Вялізная чарга выстраілася за гароднінай, садавінай, ягадамі, мясной і рыбнай прадукцыяй каля палатак Зэльвенскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Выключна тут можна было купіць салодкі перац па 18 300 рублёў і журавіны па 40 800 рублёў, якія ішлі нарасхват. Не патрабавалі дадатковай рэкламы вінаград і яблыкі, буракі і капуста… Бралі зэльвенцы і моркву, адразу па 10 – 15 кілаграм: гэты год для культуры быў не вельмі ўрадлівы. У спажыўкааператараў можна было танна набыць мяса, паўфабрыкаты, прадукцыю іх уласнай вытворчасці. Ну, і які ж гандаль без сала?! Яго пакупнікі разбіралі на вачах. Традыцыйна былі на кірмашы і саджанцы пладовых дрэў. Цэны на іх вагаліся ад 60 да 130 тысяч рублёў. Добра разыходзіліся яблынькі. Аматары-садаводы давалі пакаштаваць яблыкі, рэкамендавалі зрабіць пакупку дрэўцаў з пітомніка: яны растуць невялікімі, трывала пераносяць нашы прыродна-кліматычныя ўмовы, штогод пладаносяць. Выставілі на продаж уласную прадукцыю – мёд, памідоры, грушы, кветкі – гаспадары прыватных пасек і ўчасткаў. І калі з раніцы да іх падыходзіла не так многа жадаючых набыць прадукцыю, то бліжэй да 12 гадзін дня гандаль пайшоў шпарчэй. Суботні кірмаш паказаў: руплівых гаспадароў на зэльвенскай зямлі вельмі многа. Не менш і пакупнікоў, якія пакідалі гандлёвыя рады з мяшкамі і сумкамі, напоўненымі сель-скагаспадарчай прадукцыяй – запасы на зіму зроблены. Людміла ПОПКА.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.