Яўгеній Рыбак з маладосці палюбіў працу з лазой

IMG_6996 Неяк чула сцвярджэнне, што на характар чалавека моцна ўплывае яго праца. Маўляў, калі чалавек цяжка працуе, то і характар у яго будзе нялёгкім. Мае асабістыя назіранні не супадаюць з такой думкай. Столькі душэўных людзей сустракала на жыццёвай дарозе, лёс якіх, мякка кажучы, не песціў, што ніяк не магу пагадзіцца з такім меркаваннем. Яшчэ раз пераканалася ў спрэчнасці людской думкі, пазнаёміўшыся з сямейнай парай з Вострава – Яўгенам Сцяпанавічам і Ганнай Трафімаўнай Рыбакамі. І гаспадар, і гаспадыня – сама дабрыня і прыязнасць. З першай жа хвіліны знаёмства яны прыцягваюць да сябе душэўнай цеплынёй, спагадай і ласкай. Яўген Сцяпанавіч працаваў у калгасе на трактары, Ганна Трафімаўна – даяркай на ферме. Калі ў мужа зімой быў не такі напружаны графік, то ў жонкі доўгі час увогуле ні аднаго выхаднога дня не было! А акрамя калгасных спраў трэба было і дома ўсё паспець зрабіць. Асабліва цяжка прыходзілася, калі дзеці былі маленькімі. Потым ужо бацька сына, а маці дачушку прывучылі да мужчынскіх і жаночых хатніх абавязкаў. Сын вучыўся касіць, араць, упраўляцца з канём. Дачка навучылася кухарскай справе, разам з маці садзілася за вязанне, каб мужчынская палова сям’і мела цёплыя рукавіцы ды шкарпэткі… Так што сумаваць не было калі ўсё жыццё. Абое, акрамя асноўных заняткаў, мелі яшчэ шэраг іншых. Тых, што як бы не абавязваюць, але моцна прывязваюць. Для Ганны Трафімаўны любімым заняткам была вышыўка, а вось Яўген Сцяпанавіч вельмі палюбіў працу з лазой. Побач з Востравам – балота, матэрыялу хапала. Пазней, калі пабачыў прадукцыю іншых лозапляцельшчыкаў, зразумеў, што можа выкарыстоўваць любы матэрыял, які зможа набыць. І тады можна сплесці кош на любы густ: цяжэйшы ці лягчэйшы, большы ці меншы, адна- ці шматколерны. Калі яшчэ карыстаўся толькі лазой, пачаў прыхопліваць і вецце дрэў, прыдатных для вырабу венікаў: дубовых, бярозавых. Як для бань, так і для гаспадарчых патрэб. І такія з цягам часу венікі пачалі акуратныя атрымлівацца, што і калгас пачаў заяўкі рабіць. Кошыкі найбольш расходзіліся вясной і восенню – у час пасадкі і ўборкі бульбы. Ну, а венікаў найбольш патрабавалася летам, калі ішла сушка зерня на таках. Зараз, ашчаджаючы здароўе мужа, Ганна Трафімаўна просіць адмаўляцца ад заказаў. А калі рукі самі прагнуць любімай справы? І робяць яе адмыслова. – Значыць, няхай Бог не аднімае магчымасці быць карысным лю-дзям. Яніна ШМАТКО.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.