Адвэнт – час духоўнага ўдасканалення

У каталікоў распачаўся Адвэнт. Звычайна людзі называюць гэты перыяд часам посту, духоўнага ўдасканалення і радаснага чакання Божага Нараджэння. На што неабходна звярнуць увагу пры падрыхтоўцы да калядных свят, расказвае настаяцель касцёла Святой Тройцы г.п.Зэльва ксёндз Яцэк Маркель.

IMG_8290

Калядны вянок. Характэрнай адметнасцю Адвэнту з’яўляецца калядны вянок. Ён упрыгожваецца чатырма свечкамі, якія сімвалізуюць чатыры тыдні перад Божым Нараджэннем.
Такія вянкі ў перадкалядныя дні ў сваіх дамах размяшчаюць жыхары практычна ўсіх еўрапейскіх краін. Ксёндз Яцэк прапанаваў гэтую традыцыю закласці і на Зэльвеншчыне. Падчас нядзельнай святой Імшы 29 лістапада былі асвечаны вянкі, зробленыя прыхаджанамі.
Рараты.У храме звычайна праводзіцца спецыяльнае набажэнства, якое называецца Раратняй Імшой. Удзел у ім ахвотна прымаюць дзеці. На занятках катэхізму яны аздобілі ліхтарыкі, з якімі двойчы на тыдзень – у аўторак і пятніцу – прыходзяць у святыню, каб шчыра маліцца.
Добрыя ўчынкі. На такую Імшу хлопчыкі і дзяўчынкі прыносяць з сабой паштоўкі ў выглядзе сэрцаў, на якіх пішуць свае добрыя ўчынкі. Затым паштоўкамі ўпрыгожаць ёлку каля ясляў нованароджанага Хрыста.
Увогуле, кожны хрысціянін павінен рыхтавацца да калядных свят перш за ўсё праз добрыя справы.
Малітва. Асаблівую ўвагу ў гэты перыяд варта звярнуць на духоўнае жыццё. Больш часу прысвячаць малітве, наведваць святыню, прыступіць да споведзі, прыняць святую камунію. Апроч таго, заахвочваць да ўдзелу ў богаслужэннях сваіх блізкіх.
Дабрачыннасць. З пачаткам Адвэнту людзі пачынаюць планаваць, як будзе выглядаць святкаванне Раства ў іх сям’і. Некаторыя запісваюць, што трэба купіць. Іншыя пачынаюць марыць пра тое, што могуць атрымаць у падарунак. Хтосьці стараецца паклапаціцца пра знешні выгляд сваёй кватэры…
Аднак больш важнае значэнне мае імкненне падарыць святочны настрой іншым. У першую чаргу тым дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Штогод прыхаджане для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак ахвяруюць свае падарункі ў выглядзе слодычаў, канцылярскіх прылад, адзення.
У касцёле таксама можна набыць свечкі на калядны стол. Сродкі, атрыманыя ад іх продажу, будуць накіраваны на дабрачынную місію – падарункі для дзяцей, якія патрабуюць дапамогі.
Спяшайцеся рабіць дабро!
Наталля МАЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: штогод напярэдадні Раства Герман і Валерыя ЗУБЫ з Зэльвы аздабляюць калядны вянок.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.