Заседание школы молодого фермера прошло в «Вересе»

3448

У перыяд зімовых свят прайшло чарговае пасяджэнне школы маладога фермера, якая дзейнічае на базе аграсядзібы “Верас”. Удзельнічалі ў ім вучні Князеўскай гімназіі і Елкаўскай СШ.
Напярэдадні пасяджэння было вырашана правесці тэматычныя заняткі. Абвешчаны раённы конкурс на лепшае навагодняе ўпрыгажэнне ўстаноў адукацыі падказаў накірунак дзейнасці. Школьнікам было прапанавана прыняць удзел у майстар-класах – вырабе навагодніх упрыгажэнняў, а таксама прыгатаванні святочных страў.
На гэты раз у ролі выкладчыкаў школы акрамя гаспадыні аграсядзібы Ірыны Янаўны Макей выступілі педагог-арганізатар Елкаўскай СШ А.М.Макей і педагог дадатковай адукацыі Князеўскай гімназіі В.М.Наруш.

3447
Аднак аб усім па парадку. У час падарожжа ў “Верас” многія князеўскія школьнікі адкрывалі для сябе малазнаёмыя мясціны Зэльвеншчыны. Рухаючыся па маршруце, Вольга Наруш расказвала аб найбольш цікавых месцах: вадасховішчы, адзіным у рэспубліцы музеі насякомых і пчалярства ў в.Варонічы, гісторыі населеных пунктаў, праз якія праязджалі. Магчыма, таму дарога не была такой доўгай.
І вось перад намі аграсядзіба “Верас”. Выйшаўшы з аўтобуса, школьнікі адразу звярнулі ўвагу на азёры, якія за апошні час былі значна добраўпарадкаваны. Мы ўявілі, якую асалоду можна атрымаць у час летніх канікул усім тым, хто прыедзе адпачыць або правесці выхадныя ў Макеяў.
Неўзабаве мы адчулі пах … смажаных яблыкаў. Як даведаліся пазней, гэта Яніна Янаўна праводзіла для елкаўскіх вучняў майстар-клас па прыгатаванні святочнай шарлоткі.
Нас шчыра прывіталі кіраўнікі школы маладога фермера Міхаіл і Ірына Макеі. Педагог-арганізатар Елкаўскай СШ Аляксандра Макей прапанавала зрабіць навагоднія ўпрыгажэнні са стужак. Елкаўскія вучні з ахвотай узяліся за гэтае заданне. А каб час ішоў хутчэй, расказвалі цікавыя зімовыя гісторыі. Непрыкметна прабег час, і работы былі прадстаўлены на ўсеагульны агляд.
Князеўскія гімназісты таксама не сядзелі склаўшы рукі. Разабраўшы лісты белай і каляровай паперы, слухалі расказ Вольгі Наруш аб гісторыі ўзнікнення і відах выцінанкі. Затым дружна прыступілі да выразання сняжынак. Калі азы тэхнікі былі асвоены, уз-нікла задумка стварыць 3D-сняжынку. Старэйшыя вучні дапамагалі пяці- і шасцікласнікам. Як вынік – шаснаццаць аб’ёмных, непадобных адна на другую работ, якімі вырашылі ўпрыгожыць абедзенную залу фермерскай гаспадаркі. Дзіцячая ініцыятыва знайшла адабрэнне ў гаспадыні “Вераса” Ірыны Янаўны: “У такім прыгожым казачным інтэр’еры сумесна бавіць час будзе больш прыемна”.
Князеўскія школьнікі прывезлі з сабой падарункі для гаспадароў фермерскай гаспадаркі. Падлеткі зрабілі іх на занятках гуртка “Мастацкая праца” пад кіраўніцтвам настаўніцы абслуговай працы Л.Ч.Рудой. У сваю чаргу Ірына Макей засталася вернай традыцыі гасціннай гаспадыні – прапанавала дзецям пачаставацца святочным абедам.
Час, які застаўся да ад’езду, хлопчыкі і дзяўчынкі пры-свяцілі экскурсіі па тэрыторыі сядзібы.
Алена КЕЎЛЮК, намеснік дырэктара Князеўскай гімназіі.

Вам может быть интересно

Комментарии отключены