Семья героя зельвенской пераправы
Звесткі пра Смаляковых-Семенюкоў мы атрымалі ад краязнаўцы В.Я.Боцькі. З дачкой А.В.Смалякова Боцька пазнаёмілася, на першы погляд, выпадкова. Але, на самай справе, выпадковымі такія шчаслівыя сустрэчы не бываюць. Валянціна Яўгенаўна настолькі зацікавілася лёсам загінуўшага пад Зэльвай палкоўніка, што не знайсці што-небудзь пра яго проста не магла. Калі пазнаёмілася з нявесткай дачкі палкоўніка, то зрабіла ўсё магчымае, каб быць прынятай і Ларысай Аляксандраўнай Смаляковай-Семянюк. Дачка палкоўніка, ужо немаладая і хворая жанчына, жыла ў Гродне і не вельмі ахвотна ішла на кантакт з незнаёмымі людзьмі. Заслужыць яе давер маглі нямногія. Валянціна Боцька заслужыла, бо стала дапамагаць Семянюк усім, чым толькі магла. Мала таго – Валянціна Яўгенаўна зацікавіла лёсам палкоўніка Смалякова і яго сям’і маладога супрацоўніка музея гісторыі рэлігіі Дзяніса Нарэля. І яны ўжо разам наведвалі жанчыну. Тая ўзамен на іх клопаты дзялілася тым, што і было найбольш патрэбна краязнаўцам, – успамінамі пра сваё жыццё. Паколькі жыццёвы шлях Смалякова быў падрабязна апісаны Д.Нарэлем (“Праца”, 2007, 23 чэрвеня), паспрабуем расказаць пра блізкіх палкоўніка.
Жонка
З будучай жонкай А.В.Смалякоў пазнаёміўся ў 1923 годзе на Украіне. Ніна Зяневіч была гімназісткай, бацькі марылі аб вышэйшай адукацыі для здольнай дачкі, ні пра якое замужжа слухаць не хацелі. Але Аляксандр Васільевіч пераканаў бацькоў Ніны, што яна не застанецца без прафесіі, бо і сам ён марыў аб далейшай вучобе. І сапраўды, хоць не адразу, але маладыя змаглі вучыцца: Смалякова пераводзяць у Маскву, дзе не толькі ён, але і жонка здзяйсняюць запаветную мару. Ніна Мікалаеўна, напэўна, з падказкі мужа паступае на нямецкае аддзяленне факультэта замежных моў МДУ, спалучаючы вучобу з нялёгкай справай выхавання дзяцей – сына і дачкі.
Пасля Масквы былі Віцебск, Смаленск, Беласток. Ніна Мікалаеўна ўспрымала пераезды як належнае, прывучыла і дзяцей – сына Дзіму і дачку Ларысу – гля-дзець на змену мясцін як на шчаслівую магчымасць вывучаць прасторы вялікай Радзімы. Яна многа расказвала пра гарады, дзе даводзілася жыць, вадзіла па знакамітых парках і вуліцах. На ўсё жыццё запомніла Ларыса Аляксандраўна іх з мамай экскурсіі ў старую крэпасць, калі яны жылі ў Смаленску. З жыцця ў Віцеб-ску запомніліся прагулкі каля Заходняй Дзвіны. З беластоцкага жыцця ў памяці засталося здзіўленне ад атрыманай там прасторнай кватэры: такіх выгод яны раней не мелі. А яшчэ – шматнацыянальны клас у школе і прыгожы будынак пошты насупраць яе.
Жыццё сям’і разведчыка па-трабавала ад Ніны Мікалаеўны вялікай асцярожнасці ў зносінах з людзьмі. І яна, і муж прывучалі дзяцей да жыцця ў “закрытай зоне”, да гатоўнасці ў любы момант ісці ці ехаць у новым накірунку.
Ноччу з 21 на 22 чэрвеня 1941 года Аляксандра Васільевіча тэрмінова выклікалі ў штаб. Ён сказаў жонцы, каб тая рыхтавалася ў дарогу, чакала ад яго весткі. Ніна Мікалаеўна яшчэ раз пера-гледзела рэчы ў двух даўно ўпакаваных чамаданах, зверху па-клала невялікую каструлку і разбудзіла Ларысу. Як магла, супакоіла дачушку, якая і без таго ўздрыгвала ў сне ад моцных выбухаў і зарыва за вокнамі. За імі прыехаў толькі бацькаў шафёр, а ад Аляксандра Васільевіча перадаў запіску. Муж прасіў Ніну Мікалаеўну ехаць у Маскву, а ў выпадку няўдачы – у Ялецк да яго родных. За яго прасіў не хвалявацца, берагчы сябе і дачушку. (Ці не гэта ўпэўненасць мужа ў шчаслівым сыходзе надавала ёй сілы жыць усе наступныя цяжкія гады пошукаў і спадзяванняў?)
На вакзале Ніна Мікалаеўна неяк уладкавалася ў таварны цягнік. Вырашыла паспрабаваць дабрацца да Масквы. У сэрцы тлела на-дзея, што муж таксама будзе імкнуцца туды, бо там яны пакінулі ў брата Ніны Мікалаеўны сына Дзмітрыя, каб не перарываць яго вучобы. У тыя першыя дні вайны ніхто не здагадваўся аб маштабах катастрофы з арміяй і краінай.
У Маскве, куды яны ўсё-такі дабраліся, не знайшлі нікога: ні Пятра Мікалаевіча Зяневіча, ні Дзмітрыя, ні, вядома, Аляксандра Васільевіча. Так пачаліся пошукі брата, сына і мужа, якія доўжыліся ўсё жыццё Ніны Мікалаеўны. Пра сына і брата даведалася толькі, што яны разам з рабочымі завода, дзе працавалі, рыхтавалі супрацьтанкавыя агароджванні пад Масквой, і адтуль не вярнуліся. Пра мужа ніхто нічога не ведаў.
Масквічоў пачалі рыхтаваць да эвакуацыі. Частка іх, у тым ліку Ніна Мікалаеўна з Ларысай, апынуліся ў Куйбышаве. Жыллё ім выдзелілі на трэцім паверсе шматпавярховага дома – ці то інстытута, ці то школы. Ніна Мікалаеўна пайшла працаваць пера-кладчыцай на авіяцыйны завод. У рэдкія выхадныя ездзілі ў лес, нарыхтоўвалі дровы для “буржуйкі”. Сяды-тады жанчыне ўдавалася за харчы даваць урокі нямецкай мовы больш забяспечаным людзям. Неяк пратрымаліся да канца вайны.
Вясной 1945-га Ніна Мікалаеўна вырашыла вярнуцца ў Беласток, каб з новымі сіламі ўзяцца за пошукі мужа. Але Беласток ужо быў перададзены Польшчы, і ёй прапанавалі спыніцца ў Гродне: усё ж такі непадалёку ад іх даваеннага месца жыхарства. І працу далі такую, аб якой і марыць не магла: сакратара ў ваенкамаце. Ёй, знаўцы нямецкай мовы, гэта давала магчымасць інтэнсіўна весці пошукі мужа, бо даводзілася знаёміцца са шматлікімі дакументамі ваеннай пары. Удалося адшукаць звесткі пра некалькі чалавек, якіх шукалі блізкія людзі. Гэта яшчэ больш давала надзею, што і яна некалі даведаецца пра лёс мужа. На жаль, ніякіх сведчанняў пра палкоўніка Смалякова яго жонцы так і не ўдалося знайсці…
Пераязджаючы з месца на месца, адбіраючы ў чамадан самае-самае неабходнае, Ніна Мікалаеўна кожны раз знаходзіла месца і для самых дарагіх рэ-чаў, звязаных з мужам.
Цікавая гісторыя ў футляра ад духоў. Перад вайной Смалякоў (вельмі магчыма, што пад чужым прозвішчам і зусім не ў форме афіцэра Чырвонай Арміі) ездзіў у Германію. Дзецям у падарунак прывёз мяч, а любай жонцы – духі. Уручаючы падарунак, пажартаваў: “Ну вось, хоць раз у жыцці ты будзеш пахнуць, як заможная пані”.
Зберагла Ніна Мікалаеўна і апошнюю вестачку ад мужа: запіску раніцы 22 чэрвеня 1941 года. Якім чынам – загадка любячага сэрца…
Дачка
Адшукаць сляды бацькі ўдалося дачцы Ларысе, той дзяўчынцы, якая разам з маці ўсю вайну мужна пераносіла ўсе выпрабаванні (“Праца”, 2007, 23 чэрвеня, нарыс “Дзяўчынка з ваеннага ліхалецця”).
Але пра ўсё па парадку. Прыехаўшы ў Гродна, маці з дачкой пэўны час жылі ў невялікім до-ме каля тытунёвай фабрыкі. Затым атрымалі кватэру на вуліцы Гогаля. (Дарэчы, у гэтай кватэры Ларыса Аляксандраўна пражыла ўсё жыццё).
Пасля школы дзяўчына адразу ж падала дакументы ў сель-скагаспадарчы інстытут: расліны і кветкі былі яе любоўю з дзяцінства. Па размеркаванні трапіла на тры гады ў Казахстан. Работа была вельмі цікавай: разам з іншымі спецыялістамі выводзілі новыя сарты зерневых. Але ў Гродне чакала мама, ды і сама Ларыса моцна палюбіла гэты горад. Горад надзей на паспяховыя пошукі бацькі.
У Гродне Ларыса знай-шла працу ў райсельгасін-спекцыі. Часта бывала ў каман-дзіроўках, знаёмілася з новымі людзьмі і новымі ідэямі, і гэта яе не стамляла: тое, што любіш, ніколі не надакучвае. Выйшла замуж, але жыць засталася разам з мамай. Пасля смерці мамы і першага мужа стала жонкай удаўца і маці для яго сына. На пытанне, колькі ў яе дзяцей, заўсёды адказвала: чацвёра, бо не дзяліла дзяцей на сваіх і мужавых. Ды і Дзмітрый Фёдаравіч Семянюк адносіўся да яе старэйшай дачкі як да роднай. Быў ён добрым мужам, бацькам, майстрам на ўсе рукі. Першым з жыхароў дома на Гогаля ўстанавіў у кватэры ванну, капітальна адрамантаваў абодва пакоі, прыгожа аздобіў іх сваімі малюнкамі. З ім было ўтульна і Ларысе Аляксандраўне, і дзецям.
Пра лёс бацькі Ларыса Аляксандраўна думала безупынна ўсе гады, сачыла за звесткамі, якія маглі навесці на след дарагога чалавека. І калі ў “Гродзенскай праўдзе” прачытала матэрыял Льва Рэшына “Гарачае лета 1941 года” пра бой за зэльвенскую пераправу, сэрца адразу падказала: размова ідзе пра яе бацьку. (Нагадаем, што Рэшын назваў Смалякова Смалякіным, пагэтаму можна было і не звярнуць увагі на той матэрыял). Ларыса Аляксандраўна адразу ж напісала даследчыку. Той неадкладна прыехаў у Гродна, і ўжо з дачкой палкоўніка ўдакладняў усе дэталі даваеннай бі- яграфіі Смалякова і раніцы 22 чэрвеня 1941-га. У той час Рэшын ужо рыхтаваў праект помніка ў Зэльве, прысвечанага подзвігу Карбышава і Смалякова. Ларыса Аляксандраўна рассеяла ўсе сумненні вучонага наконт розніцы прозвішчаў. Будучы дзяўчынкай кемлівай і памятлівай, яна здагадвалася, што ў бацькі былі прычыны мець некалькі дакументаў. А мама, расказваючы пра бацьку, называла і прозвішча Смалякіна. Такім чынам Рэшын змог нанесці сапраўднае прозвішча палкоўніка на помнік, які праектаваў.
Вучоны ўважліва вывучаў усе дакументы, што захавалі жонка і дачка. Вельмі зацікавіўся здымкам 1940 года, зробленым у Заходняй Прусіі. Выгляд на ім у Аляксандра Васільевіча быў зусім не ваенны. Хучэй за ўсё, як вырашылі Рэшын з дачкой Смалякова, ён быў у складзе дэлегацыі, калі падпісвалі “Гаспадарчае пагадненне” паміж СССР і Германіяй, якое прадугледжвала пастаўкі ў Германію савецкай сыравіны ў абмен на прамысловыя і ваенныя тавары. Быў як знаўца нямецкай мовы і – тайна – як разведчык. Тады, відаць, і набыў той памятны падарунак для жонкі – духі ў прыгожым футляры.
Ларысе Аляксандраўне вельмі хацелася наведаць – і не раз – Зэльву і помнік героям пераправы. На жаль, стан здароўя не дазваляў ёй гэтага, таму праз Валянціну Боцька часта перадавала кветкі і просьбу памаліцца за бацьку. Яна па-ранейшаму ўспамінала ўсё, што было звязана з бацькамі, расказвала дзецям і ўнукам. Вельмі цешылася, што адзін з унукаў пайшоў па слядах дзеда і стаў ваенным.
Дзеці і ўнукі
Як ужо згадвалася, у Ларысы Аляксандраўны было чацвёра дзяцей. Лёс іх склаўся па-рознаму. Самая малодшая, Галіна, даўно жыве ў Санкт-Пецярбургу. Дзве другія дачкі, як і сын, засталіся ў Гродне. У мамінай і бабулінай кватэры жыве Таццяна. Гродзенцамі стала большасць унукаў. А той, хто наследаваў прафесію дзеда, служыць у Валожыне. Нікіта Семянюк спачатку вучыўся ў Мінскім сувораўскім вучылішчы. Скончыўшы яго ў 2009 годзе, адразу стаў студэнтам Санкт-Пецярбургскай ваенна-касмічнай Акадэміі імя А.Ф. Мажайскага. У 2014 годзе з чырвоным дыпломам закончыў знакамітую ўстанову і быў накіраваны ў Валожын. За бездакорную службу да 70-годдзя Перамогі ўзнагароджаны Граматай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Калі выпадае наведаць у Гродне бацькоў, стараецца праязджаць праз Зэльву, хоць гэта і не самы кароткі шлях на радзіму. Але тут магіла прадзеда, святое для памяці нашчадкаў месца. Пакланіцца зямлі, што стала апошняй у жыцці Аляксандра Васільевіча Смалякова, пакласці кветкі на яго магіле – абавязак сумленнага маладога афіцэра.
Яніна ШМАТКО.